ВЕРХАВО́ДКА

(Alburnus alburnus),

рыба сям. карпавых атр. карпападобных. Пашырана ў Еўропе ад бас. Белага м. на Пн да Каўказа на Пд. Шматлікая ў рэках, азёрах, вадасховішчах, сажалках. На Беларусі звычайная; нар. назва ўклейка, акляя, аклейка, сяляўка, сібіль, верхаплаўка.

Даўж. 9—20 см, маса 10—60 г. Цела падоўжанае, сціснутае з бакоў. Спіна шаравата-блакітная, шэра-зеленаватая, бакі, брушка серабрыста-белыя, бліскучыя. Рот канцавы. Корміцца планктонам, насякомымі, водарасцямі. Знішчае ікру і малявак рыб. Верхаводкамі кормяцца драпежныя рыбы. Палавая спеласць у 2—3 гады. Чародная. Аб’ект промыслу.

т. 4, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)