ВЕЗА́ЛІЙ
(Vesalius) Андрэас (31.12.1514, Брусель — 15.10.1564),
натураліст эпохі Адраджэння, заснавальнік навук. анатоміі. Скончыў Лувенскі ун-т (Фландрыя). Вывучаў медыцыну ў Манпелье (Францыя), Парыжы. Д-р хірургіі (1537). З 1539 праф. у Падуанскім ун-це. Адзін з першых пачаў вывучаць чалавечы арганізм ускрыццём, апублікаваў «Шэсць анатамічных табліц» (1538). Удакладніў і дапоўніў анатамічную тэрміналогію. У працы «Пра будову чалавечага цела» (кн. 1—7, 1543) абвергнуў вучэнне К.Галена (панавала на працягу 14 ст.) пра сістэму руху крыві ў арганізме, што стала асновай для адкрыцця кровазвароту У.Гарвеем. Праследаваўся царквой, паводле прысуду інквізіцыі ў 1564 зрабіў паломніцтва ў Палесціну, на зваротным шляху пасля караблекрушэння памёр.
т. 4, с. 60
ВЕ́ЗЕЛЬ-ДА́ТЭЛЬН КАНА́Л
(Wesel-Datteln-Kanal),
суднаходны канал у ФРГ. Праходзіць уздоўж р. Ліпе, злучае гарады Везель (у вусці Ліпе) і Датэльн. Адкрыты ў 1930. Даўж. 60 км, глыб. 2,7 м, 6шлюзаў.
т. 4, с. 60
ВЕ́ЗЕР
(Weser),
рака ў ФРГ. Пачынаецца ад месца зліцця рэк Вера і Фульда. Даўж. 440 км, пл. бас. 46 тыс. км². Працякае па Паўн.-Германскай нізіне, упадае ў Паўночнае м., утварае эстуарый. Сярэдні расход вады 312 м³/с. Суднаходная. Злучана каналамі з рэкамі Эльба і Эмс. На Везеры гарады Гамельн, Міндэн, Брэмен, Нордэнгам; у вусці марскі порт Брэмергафен.
т. 4, с. 60
ВЕЗІКУЛІ́Т
(ад лац. vesicula пузырок + ...іт),
сперматацыстыт, запаленне семявага пузырка ў чалавека і жывёл. У мужчын назіраецца часцей разам з прастатытам, урэтрытам, эпідыдымітам. Праяўляецца адчуваннем цяжару і болем у вобласці прамежнасці і ў прамой кішцы, які аддае ў паясніцу і машонку. Адзначаецца пачашчанае мочаспусканне, што суправаджаецца пачуццём пякоты. Характэрны павышаная палавая ўзбуджальнасць, частыя эрэкцыі і палюцыі, болі пры эякуляцыі з ірадыяцыяй у галоўку палавога члена. Пры хранічным везікуліце развіваецца бясплоднасць. Лячэнне: фізіятэрапія, антыбіётыкі. З жывёл на везікуліт найчасцей хварэюць быкі, бараны, кныры. Працякае ў катаральнай або гнойнай форме. Хворых жывёл звычайна выбракоўваюць.
т. 4, с. 60
ВЕЗІ́Р,
візір (араб.), тытул міністраў і вышэйшых саноўнікаў у некаторых краінах Б. і Сярэдняга Усходу гал. чынам у сярэднія вякі і новы час.
т. 4, с. 60
ВЕЗІ́РАЎ Наджаф-бек Фаталі-бек аглы
(17.2.1854, г. Шуша, Нагорны Карабах — 9.7.1926),
азербайджанскі драматург. Адзін з заснавальнікаў нац. тэатра. Скончыў Пятроўскую с.-г. акадэмію ў Маскве (1878). Вывучаў рус. і зах.-еўрап. л-ру. Аўтар п’ес пра жыццё і норавы азерб. сялян, памешчыкаў, бурж. дзялкоў канца 19 — пач. 20 ст. (камедыі «Мяса табе, а косці мне», 1873; «З-пад дажджу ды ў лівень», 1895; «Героі нашых дзён», 1898; трагедыя «Гора Фахрэдзіна», 1896, і інш.). Вял. ўплыў на яго творчасць зрабілі п’есы А.М.Астроўскага. У фельетонах, публіцыст. артыкулах выкрываў коснасць, рэліг. фанатызм, прапагандаваў навуку і асвету.
т. 4, с. 60
ВЕЗУ́ВІЙ
(Vesuvio),
дзеючы вулкан на Пд Італіі, паблізу г. Неапаль. Выш. 1277 м. Утварае 3 конусы, якія нібы ўваходзяць адзін у адзін (сома). Асн. конус складзены з перапластаваных лаваў і вулканічных туфаў. Пры вывяржэнні выкідвае попел. Выхады газаў і пары. У час вывяржэння ў 79 загінулі гарады Пампеі, Геркуланум, Стабіі. Апошняе вывяржэнне 1957—59. На ніжніх ч. схілаў — сады, вінаграднікі, да выш. 800 м — хвойныя гаі. Вулканалагічная абсерваторыя. Турызм.
т. 4, с. 60
ВЕЗУВІЯ́Н
(ад месца знаходкі на г. Везувій),
ідакраз, мінерал класа астраўных сілікатаў, водны алюмасілікат кальцыю, магнію і жалеза, Ca10(MgFe)2Al4[SiO4]5 [Si2O7]2(OH,F)4.
Крышталізуецца ў тэтраганальнай сінганіі. Крышталі прызматычныя або дыпірамідальныя, шчыльныя і зярністыя масы. Колер зялёны або карычневы, радзей жоўты, блакітны ці чырвоны. Паўпразрысты. Бляск шкляны. Цв. 6—7. Шчыльн. каля 3,4 г/см³. Характэрны мінерал кантактна-метамарфічных парод і скарнаў. Празрыстыя разнавіднасці — вырабныя камяні.
т. 4, с. 60