Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ВЕ́РА,

прыняцце якіх-небудзь ідэй, ведаў, меркаванняў, палажэнняў і інш. без непасрэднага эмпірычнага і рацыянальнага абгрунтавання. У філасофіі — стан суб’екта, цесна звязаны з духоўным светам асобы. Узнікае на аснове пэўнай інфармацыі пра аб’ект. Выяўляецца ў ідэях ці вобразах, суправаджаецца эмоцыяй упэўненасці і шэрагам іншых пачуццяў і служыць матывам, стымулам, устаноўкай і арыенцірам чалавечай дзейнасці. Паводле У.​Салаўёва, вера — гэта прызнанне чаго-небудзь сапраўдным з такой рашучасцю, якая перавышае сілу знешніх фактычных і фармальна-лагічных доказаў. І.​Кант трактаваў веру як пазіцыю розуму, які прымае тое, што з’яўляецца недаказальным, але неабходным для абгрунтавання маральнага імператыву. У псіхалогіі — асаблівы стан псіхікі, калі чалавек цалкам і безагаворачна прымае пэўныя звесткі, з’явы, падзеі або ўласныя ўяўленні, якія могуць стаць у далейшым асновай яго «я», вызначаць некаторыя яго ўчынкі, разважанні, нормы паводзін. У выніку практычнай дзейнасці, тэарэт. пазнання, лагічных разважанняў, адчуванняў, уяўленняў і валявых намаганняў чалавек фарміруе ў сваёй свядомасці вобразы рэчаіснасці, уяўленні пра свет і сваё месца ў ім. Калі чалавек не ў стане асэнсаваць тую ці іншую з’яву, ён або прымае яе на веру, або адмаўляецца ў пэўнай форме ад пазнання. У рэлігіі вера — прыняцце Бога як першакрыніцы ўсяго існага, стваральніка свету, жыцця на зямлі і самога чалавека, прыняцце пэўных сцверджанняў (догматаў) і рашучасць прытрымлівацца іх насуперак усім сумненням. Асновы такой веры значна глыбей, чым веды і мысленне, у адносінах да якіх вера — першапачатковы фактар і таму мацней за іх. Тэалогія лічыць рэліг. веру неад’емнай уласцівасцю чалавечай душы, божым дарам. Для пераадолення супярэчнасцей паміж розумам і верай артадаксальная тэалогія выкарыстоўвае максіму Аўгусціна Блажэннага і Ансельма Кентэрберыйскага «верую дзеля таго, каб разумець», якая з’яўляецца зыходным пунктам для пабудовы паслядоўнасці фармальна-лагічных вывадаў.

В.​М.​Пешкаў.

т. 4, с. 91

ВЕ́РА,

возера ў Беларусі, у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 8 км на ПнУ ад г. Браслаў. Уваходзіць у Браслаўскую групу азёр. Пл. 0,21 км², даўж. 850 м, найб. шыр. 350 м, найб. глыб. 5 м, даўж. берагавой лініі 2 км. Пл. вадазбору 5,5 км².

Схілы катлавіны выш. 5—8 м, разараныя, месцамі пад хмызняком. Берагі нізкія, пясчаныя, на З сплавінныя. Дно плоскае, да глыб. 1,5 м пясчанае, глыбей выслана сапрапелем. Злучана ручаём з воз. Недрава.

т. 4, с. 92

«ВЕРАБЕ́Й»,

традыцыйны бел. танец. Цесна звязаны са шматлікімі карагоднымі варыянтамі, у аснове якіх кругавая пабудова, імітацыя рухаў вераб’я, суправаджэнне прыпеўкамі. Складаецца з 2 частак: 1-я ва ўмераным тэмпе, муз. памер трохдольны, 2-я — у хуткім, муз. памер 24. Уваходзіў у рэпертуар трупы І.​Буйніцкага. Быў вядомы ў Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях.

Ю.​М.​Чурко.

т. 4, с. 92

ВЕРАБЕ́Й (Анатоль Леанідавіч) (н. 10.8.1950, в. Вайнілавічы Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. крытык і літ.-знавец. Канд. філал. н. (1979). Скончыў БДУ (1972). У 1977—90 у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1990 у БДУ. Друкуецца з 1976. Даследуе сучасную бел. л-ру, пытанні маст. перакладу і літ. сувязей. Аўтар манаграфій «Максім Танк і польская літаратура» (1984), «Жывая повязь часоў: Нарыс творчасці Уладзіміра Караткевіча» (1985), «Беларуска-рускі паэтычны ўзаемапераклад 20—30-х гадоў» (1990), «Абуджаная памяць: Нарыс жыцця і творчасці У.​Караткевіча» (1996), брашуры «Паэзія Максіма Танка» (1983). Падрыхтаваў да выдання «Збор твораў» П.​Пестрака (т. 3, 1985), зб. «На ўзвеях дзён» У.​Хадыкі (1986), «Збор твораў» У.​Караткевіча (т. 1—8, 1987—91), кн. яго перакладаў «Галасы маіх сяброў» (1993) і «Творы» (1996). Аўтар сцэнарыя дакумент. фільма пра Караткевіча «Рыцар і слуга Беларусі» (1991).

І.​У.​Саламевіч.

т. 4, с. 92

ВЕРАБЕ́Й Яўген, гл. Міклашэўскі Яўген.

т. 4, с. 92

ВЕРАБЕ́ЙНІК (Lithospermum),

род кветкавых раслін сям. Бурачнікавых. Больш за 60 відаў. Пашыраны пераважна ў краінах Міжземнамор’я. На Беларусі вядомы верабейнік лекавы (Lithospermum officinale), які лічыцца зніклым; адзначаўся ў наваколлі г. Тураў. Вырошчваецца ў Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі.

Шматгадовыя шурпатаваласістыя травяністыя расліны з прамастойным, у верхняй ч. злёгку разгалінаваным сцяблом. Лісце простае, сядзячае, ланцэтнае. Кветкі дробныя, двухполыя, белаватыя, у верхавінкавых або бакавых аблісцелых завітках, сабраных у агульнае паўпарасонікападобнае суквецце. Плод — чатырохарэшак. Лек. (мачагонны, слабіцельны і болепатольны сродак), тэхн. (насенне мае тлусты алей, выкарыстоўваецца ў лакафарбавай прам-сці) і фарбавальныя (у каранях ёсць фарбавальнае рэчыва — літаспермін) расліны.

Верабейнік лекавы.

т. 4, с. 92

ВЕРАБ’ЁЎ (Павел Віктаравіч) (н. 7.11.1958, в. Рабавічы Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1983). Працаваў у раённым і рэсп. друку. З 1994 у газ. «Мінская праўда». Друкуецца з 1976. Аўтар паэтычных зб-каў «Крытычная маса» (1990) і «Цёмнае віно» (1995).

т. 4, с. 92

ВЕРАБ’І́ (Passer),

род птушак сям. ткачыкавых атр. вераб’інападобных. 18 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы, некаторыя віды завезены ў Паўн. і Паўд. Амерыку, Аўстралію, Новую Зеландыю і інш. месцы. Жывуць у населеных месцах, садах, парках, гаях, поймавых дубровах, на палях, у пустынях. На Беларусі 2 віды: верабей дамавы (Passer domesticus) і верабей палявы (Passer montanus), аселыя. Верабей палявы часткова вандроўны від.

Даўж. 12—18 см, маса 20—37 г. Апярэнне светла-шэрае, бураватае і чорнае. У самцоў многіх відаў чорная пляма на горле. Амаль усе чародныя, у перыяд гнездавання — каланіяльныя птушкі. Гнёзды пад дахамі, у нішах будынкаў, у дуплах, норах, на дрэвах. Калі кормяць птушанят, знішчаюць шмат шкодных насякомых. Дарослыя кормяцца пераважна зернем. Шкодзяць збожжавым культурам.

Вераб’і: 1 — дамавы (а — самка; б — самец); 2 — палявы.

т. 4, с. 92

ВЕРАБ’І́,

возера ў Беларусі, у Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., у бас. р. Страча, за 33 км на ПнУ ад г.п. Астравец. Уваходзіць у Сарачанскую групу азёр. Пл. 0,46 км², даўж. 1,12 км, найб. шыр. 570 м, найб. глыб. 3,1 м, даўж. берагавой лініі 2,9 км. Пл. вадазбору 8,2 км².

Схілы катлавіны выш. 12—13 м (на Пд да 5 м), пераважна разараныя, на Пд пад лесам. Берагі нізкія, на ПдУ і З сплавінныя, на Пн зліваюцца са схіламі. Дно плоскае, выслана сапрапелем, на мелкаводдзі пясчанае. 35% возера зарастае. На ПнЗ упадае ручай з воз. Гульбеза, на ПдУ выцякае ручай у р. Страча.

т. 4, с. 92

ВЕРАБ’ІНАПАДО́БНЫЯ (Passeriformes),

атрад птушак. 4 падатрады: шыракадзюбы, або рагадзюбы (Eurylaimi), — 1 сям., 14 відаў у Афрыцы і Паўд.-Усх. Азіі; крыклівыя, або тыраны (Clamatores, або Tyranni), — 12 сям., амаль 1100 відаў пераважна ў Паўд. Амерыцы і тропіках Усх. паўшар’я; паўпеўчыя (Menurae) — 2 сям., 4 віды ў Аўстраліі; пеўчыя (Oscines) — 44—56 сям., каля 4000 відаў пашыраны па ўсім свеце. Усяго 60—72 сям., каля 5100 відаў. Складаюць амаль ⅔ (каля 63%) ад усіх птушак зямнога шара. Жывуць у арктычнай тундры, трапічных джунглях, пустынях, гарах, населеных пунктах. На Беларусі 92 віды з 19 сямействаў. Найб. пашыраны прадстаўнікі сям. валасянкавых, мухалоўкавых, уюрковых, сініцавых. Большасць пералётныя, часткова аселыя і вандроўныя.

Птушкі дробныя і сярэдніх памераў. Самы буйны з вераб’інападобных — крумкач (маса да 1,6 кг), дробныя — каралькі (5—7 г), некаторыя нектарніцы (3—4 г). Самцы ў большасці буйнейшыя за самак. У многіх выяўлены палавы дымарфізм у афарбоўцы, голасе. Прыстасаваны да жыцця на дрэвах, зямлі, скалах, здабывання корму ў вадзе. Манагамы, жывуць парамі, робяць складаныя гнёзды. Нясуць 4—8, радзей да 16 стракатых або аднаколерных яец, часта нясуцца 2 і больш разы за год. Большасць насякомаедныя, ёсць усёедныя (крумкачовыя), раслінаедныя. У асноўным карысныя лясной і сельскай гаспадарцы. У Чырв. кнізе МСАП 84 віды і 66 падвідаў, у Чырв. кнізе Беларусі 2 віды саракушаў.

Літ.:

Жизнь животных. Т. 6. Птицы. 2 изд. М., 1986;

Никифоров М.Е., Яминский Б.В., Шкляров Л.П. Птицы Белоруссии: Справ.-определитель гнезд и яиц. Мн., 1989.

Вераб’інападобныя: 1 — жаваранак чубаты; 2 — жулан; 3 — валасянка ястрабіная; 4 — івалга звычайная; 5 — сойка; 6 — мухалоўка малая; 7 — саракуш шэры; 8 — чарацянка; 9 — сініца даўгахвостая; 10 — канаплянка.

т. 4, с. 92