ВЕ́ЧА
(ад стараслав. вет — рада, стараж.-рус. вещать — гаварыць),
народны сход у стараж. і сярэдневяковай Русі, Украіне і Беларусі; орган дзярж. улады. Узнікла з племянных сходак славян. На вечы вырашаліся пытанні вайны і міру, заканадаўства, заключэння дагавораў, веча магло запрашаць ці выганяць князёў, судзіць за паліт. і інш. значныя злачынствы. Упершыню веча згадваецца ў Белгарадзе ў летапісах пад 997, у Ноўгарадзе Вялікім пад 1016, Кіеве пад 1068. На Беларусі існавала ў стараж. Полацку, Друцку, верагодна, у Мінску, Віцебску і інш. З канца 11 ст. роля веча павялічылася. Яго збіралі па меры неабходнасці, склікалі па ініцыятыве князя, пасаднікаў (службовых асоб) ці гар. насельніцтва. Правам удзелу ў вечы карысталіся ўсе паўнапраўныя вольныя мужчыны, вядучая роля належала заможным гараджанам і баярам. Паступова страціла сваё значэнне і ў 14—15 ст. у ВКЛ заменена сеймам.
т. 4, с. 133
ВЕ́ЧАЛЛЕ,
возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Крашанка, за 1 км на ПдУ ад г.п. Ушачы. Уваходзіць у курортную зону Ушачы. Пл. 1,36 км², даўж. 3,68 км, найб. шыр. 480 м, найб. глыб. 35,9 м, даўж. берагавой лініі больш за 8 км. Пл. вадазбору 37,2 км². Схілы катлавіны выш. 10—15 м (на ПнУ 2—4 м), разараныя. Берагі высокія, на ПнУ і ПдЗ месцамі нізкія. Дно карытападобнае. Ложа складаецца з 2 упадзін, падзеленых невысокім падняццем. Расліннасць займае 5% плошчы возера. Упадаюць 4 ручаі, выцякае ручай у воз. Ваўчо. Каля возера дом адпачынку «Лясныя азёры».
т. 4, с. 133
ВЕ́ЧАР Алім Аляксандравіч
(н. 4.7.1933, Мінск),
бел. фізікахімік. Д-р хім. н. (1973), праф. (1974). Сын А.С.Вечара. Скончыў Маскоўскі ун-т (1955). З 1961 у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі, з 1964 у БДУ. Навук. даследаванні па фіз. хіміі цвёрдага цела (хім. сенсары, цвёрдыя электраліты, паліўныя элементы), вывучэнні тэрмадынамічных уласцівасцей неарган. рэчываў.
Тв.:
Твердые электролиты. Мн., 1988 (разам з Д.В.Вечар);
Химические сенсоры. Мн., 1990 (разам з П.П.Жуком).
т. 4, с. 133
ВЕ́ЧАР Аляксандр Сцяпанавіч
(25.3.1905, в. Машчыцы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 4.4.1985),
бел. біяхімік, паэт. Акад. АН Беларусі (1966; чл.-кар. 1959), д-р біял. н., праф. (1951). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1975). Скончыў БСГА (1929). З 1933 у НДІ харч. прам-сці БССР, з 1937 у Ін-це харч. прам-сці ў Краснадары, з 1959 у Ін-це эксперым. біялогіі АН Беларусі, адначасова з 1963 у БДУ, з 1970 у Ін-це эксперым. батанікі АН Беларусі. Навук. працы па біяхіміі раслін і тэхн. біяхіміі: вывучэнні хім. прыроды і функцый пластыдаў, хіміі і тэхналогіі перапрацоўкі садавіны і агародніны, тэхналогіі вінаробства. Распрацаваў тэхналогію атрымання вітаміну В2 на аснове мікрабіял. сінтэзу. Першыя вершы надрукаваў у 1926. Выдаў зб. вершаў «Кола дзён» і «Зварот да слова» (1977).
Тв.:
Основы физической биохимии. Мн., 1966;
Фізіялогія і біяхімія бульбы. Мн., 1979 (разам з М.М.Ганчарыкам);
Водородные ионы в биосфере. Мн., 1986.
т. 4, с. 133
ВЕ́ЧАРЖАВА
(Večeřov́a) Мілада (н. 26.8.1930, Чэхія),
чэшская перакладчыца. Скончыла Карлаў ун-т у Празе. На чэшскую мову пераклала трылогію Я.Коласа «На ростанях» (1960), кнігі твораў З.Бядулі «Тры пальцы» (1957), А.Кудраўца «Халады напачатку вясны» (1977), аповесці В.Быкава «Трэцяя ракета» (1964), В.Казько «Суд у Слабадзе» і «Цвіце на Палессі груша» (1983).
А.В.Мажэйка.
т. 4, с. 133
ВЕЧАРЫ́НКА,
вечарына, у беларусаў даўні звычай сялянскай моладзі збірацца вечарамі, асабліва ў нядзелю або свята, на танцы і гульні. Наладжвалі вечарынкі пераважна зімой у прасторнай хаце або карчме. У грамадскім побыце дарэв. вёскі — найбольш даступная магчымасць сустрэч моладзі. Бытавалі вечарынкі і ў гар. асяроддзі. На пач. 20 ст. ў гарадах і мястэчках вечарынкі выкарыстоўвалі аматарскія гурткі для папулярызацыі бел. л-ры і мастацтва (т.зв. Беларускія вечарынкі).
т. 4, с. 134
«ВЕЧЕ́РНЯЯ ГАЗЕ́ТА»,
штодзённая грамадска-паліт. газета ліберальнага кірунку. Выдавалася з 18.9(1.10).1912 да 11(24).6.1915 у Вільні на рус. мове. Асвятляла міжнар. і ўнутр. жыццё, дзейнасць урада і Дзярж. думы, падзеі 1-й сусв. вайны. Выступала за буржуазна-дэмакр. рэформы, культ.-нац. самавызначэнне народаў Расіі, інфармавала пра рабочы і сял. рух на Беларусі і ў Літве. Прыхільна ставілася да бел. нац. руху, падтрымлівала газ. «Наша ніва» ў яе палеміцы з рус. і польск. выданнямі. Бачыла ў сац. і духоўным абуджэнні беларусаў значны культ. набытак чалавецтва.
т. 4, с. 134
ВЕЧНАЗЯЛЁНЫЯ ЛЯСЫ́,
лясы, утвораныя дрэвавымі вечназялёнымі раслінамі. Растуць ва ўмовах вільготнага трапічнага ці экватарыяльнага (гл. Вільготныя трапічныя лясы і Экватарыяльныя лясы), а таксама субтрапічнага і ўмеранага (гл. Хвойныя лясы) клімату.
т. 4, с. 134
ВЕЧНАЗЯЛЁНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
расліны, укрытыя зялёным лісцем на працягу ўсяго года. У адрозненне ад летне- і зімовазялёных раслін кожны ліст вечназялёных раслін жыве некалькі гадоў (напр., ліст. лімона — 3, ігліца елкі — 8—12, хвоі — 3—5 гадоў), паступова замяняецца новым, таму гэтыя расліны называюць таксама шматгадовазялёнымі. Лісце вечназялёных раслін звычайна мае прыстасаванні, якія змяншаюць выпарэнне вады раслінай (транспірацыю) і павышаюць зімаўстойлівасць.
Характэрныя для трапічнай і субтрапічнай флоры. У краінах з умераным і халодным кліматам, у т. л. на Беларусі, трапляюцца вечназялёныя расліны барэальнага і трапагеннага паходжання, напр. хвойныя дрэвы і кусты (елка, хвоя, ядловец), некаторыя лясныя і балотныя кусцікі і шматгадовыя травяністыя расліны (брусніцы, талакнянка, багун, верас, журавіны, дзярэзы, грушанкі і інш.). Многія вечназялёныя расліны як дэкар. вырошчваюць у адкрытым грунце, аранжарэях і пакоях (напр., алеандр, лаўравішню, пальмы, плюшч, самшыт, цытрусавыя). Добрыя прадуцэнты кіслароду.
т. 4, с. 134
ВЕ́ЧНАСЦЬ,
бясконцае (у часе) існаванне матэрыяльнага свету, абумоўленае нестваральнасцю і незнішчальнасцю матэрыі і яе атрыбутаў, матэрыяльным адзінствам свету. Вечнасць уласціва толькі матэрыі ў цэлым; кожная асобная матэрыяльная сістэма, у т. л. грамадскае жыццё і формы яго арганізацыі, абмежаваная ў прасторы і часе (мае пачатак і канец). Вечнасць не зводзіцца да неабмежаванага аднароднага існавання матэрыі ў адных і тых жа станах ці да бясконцай паслядоўнасці кругаваротаў. Яна ўключае ў сябе пастаянныя якасныя ператварэнні матэрыі і ўзнікненне новых станаў. Прызнанне вечнасці матэрыяльнага свету, яго здольнасці бясконца рухацца і самаразвівацца з’яўляецца асновай любога паслядоўнага матэрыяліст. погляду на працэсы, што адбываюцца ў Сусвеце. У тэалогіі і аб’ектыўным ідэалізме вечнасць трактуецца як атрыбут Бога або абсалютнага духа. Бог як бясконцая і абсалютна дасканалая існасць існуе не ў часе, а ў вечнасці. Усё, што ўласціва Богу, з’яўляецца абсалютна дасканалым і застаецца нязменным. Матэрыяліст. філасофія лічыць прынцыпова немагчымым які-небудзь канчатковы стан накшталт «цеплавой смерці Сусвету» або сціскання ўсяго рэчыва свету да бясконца вял. шчыльнасці і спынення (для патэнцыяльнага знешняга назіральніка) часу. У працэсе змянення матэрыі час можа змяняцца толькі ад мінулага да будучыні (гл. таксама Прастора і час, Касмалогія, Матэрыя).
В.І.Боўш.
т. 4, с. 134