Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВЕ́ТА

(ад лац. veto забараняю),

1) у дзяржаўным праве забарона, якая накладаецца адным органам дзярж. улады на рашэнне інш. дзярж. органа. Ін-т вета ўзнік у Стараж. Рыме. У феад. эпоху найб. вядомае т.зв. свабоднае вета — ліберум вета: у Рэчы Паспалітай у 17—18 ст. рашэнне сейма лічылася прынятым, калі за яго галасавалі ўсе дэпутаты. У сучасных дзяржавах права вета звычайна даецца кіраўніку дзяржавы ў адносінах да законаў, прынятых парламентам, ці верхняй палаце парламента ў адносінах да ніжняй яго палаты. Адрозніваюць абсалютнае вета, калі кіраўніку дзяржавы даецца права канчаткова адхіліць закон, і адноснае вета, калі адмаўленне кіраўніка дзяржавы санкцыяніраваць закон толькі прыпыняе набыццё ім сілы. У апошнім выпадку парламент мае права прыняць закон паўторным галасаваннем.

Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь права адноснага вета дадзена Прэзідэнту. Закон, прыняты Палатай прадстаўнікоў і ўхвалены Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь або прыняты Палатай прадстаўнікоў у парадку, прадугледжаным Канстытуцыяй, падаецца ў дзесяцідзённы тэрмін Прэзідэнту на подпіс. Калі Прэзідэнт згодны з тэкстам закону, ён яго падпісвае. Калі Прэзідэнт не вяртае які-небудзь закон на працягу 2 тыдняў пасля таго, як ён яму быў пададзены, закон лічыцца падпісаным. Закон не лічыцца падпісаным і не набывае сілы, калі ён не мог быць вернуты ў Нац. сход у сувязі з заканчэннем сесіі. Пры нязгодзе з тэкстам закону Прэзідэнт вяртае яго са сваімі пярэчаннямі ў Палату прадстаўнікоў, якая павінна разгледзець закон з пярэчаннямі Прэзідэнта не пазней як за 30 дзён. Калі закон будзе прыняты Палатай прадстаўнікоў большасцю не менш за дзве трэція галасоў ад поўнага складу, ён разам з пярэчаннямі Прэзідэнта ў 5-дзённы тэрмін накіроўваецца ў Савет Рэспублікі, які таксама павінен разгледзець яго паўторна не пазней як за 20 дзён. Закон лічыцца прынятым, калі ён ухвалены большасцю не менш за дзве трэція галасоў ад поўнага складу Савета Рэспублікі. Закон пасля пераадолення Палатай прадстаўнікоў і Саветам Рэспублікі пярэчанняў Прэзідэнта падпісваецца Прэзідэнтам у 5-дзённы тэрмін. Закон набывае сілу і ў тым выпадку, калі Прэзідэнт не падпіша яго ў гэты тэрмін.

2) Правам вета называецца таксама аднагалоснасці прынцып у ААН.

Г.А.Маслыка.

т. 4, с. 121

ВЕТВ,

возера ў Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., у бас. р. Бярэзіна, за 13 км на ПнЗ ад г. Рэчыца. Пл. 0,2 км². Поймавае.

т. 4, с. 121

ВЕ́ТКА,

горад, цэнтр Веткаўскага раёна Гомельскай вобл., прыстань на р. Сож. За 22 км ад Гомеля. Аўтадарогамі злучана з Гомелем і Добрушам. 6,3 тыс. ж. (1995).

Засн. ў 1685 (паводле інш. звестак у 1682) стараверамі — бежанцамі з цэнтр. Расіі (гл. Стараверства). У 17—18 ст Ветка з навакольнымі слабодамі, манастырамі і скітамі з’яўлялася цэнтрам расколу, у 1730-я г. тут жыло каля 40 тыс. чал. У 18 ст. ў Ветцы сфарміраваліся мясц. асаблівасці іканапісу і афармлення рукапіснай кнігі, склалася самабытная школа веткаўскай разьбы. Карныя войскі царскага ўрада двойчы (у 1735 і 1764) палілі Ветку, большасць жыхароў прымусова выселена ва ўсх. губерні Расіі. З 1772 у Рас. імперыі, з 1784 мястэчка Беліцкага, з 1852 Гомельскага пав. Належала Станевічам. У 1868 адкрыта жаночае, у 1874 мужчынскае нар. вучылішчы. У 1897 — 7,2 тыс. ж. З 1919 у Гомельскім пав. РСФСР, з 1925 горад, з 1926 у БССР, з 8.12.1926 цэнтр раёна. У 1939 — 6тыс ж. З 18.8.1941 да 28.9.1943 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў Ветцы і раёне 656 чал. У 1969 — 6,2 тыс. жыхароў. Знаходзіцца ў зоне радыеактыўнай забруджанасці.

Прадпрыемствы лёгкай (Веткаўская бавоўнапрадзільная фабрыка), буд. матэрыялаў, харч. прам-сці. Веткаўскі музей народнай творчасці. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму.

т. 4, с. 121

ВЕ́ТКА,

вёска ў Хоцімскім р-не Магілёўскай вобл. Цэнтр Батаеўскага с/с і калгаса. За 37 км на ПдЗ ад г.п. Хоцімск, 201 км ад Магілёва, 15 км ад чыг. ст. Журбін. 310 ж., 94 двары (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. Сувязі.

т. 4, с. 121

ВЕ́ТКАЎСКАЯ БАВОЎНАПРАДЗІ́ЛЬНАЯ ФА́БРЫКА.

Створана ў 1948—50 у г. Ветка Гомельскай вобл. як арцель «Чырвоны тэкстыльшчык». З 1960 сучасная назва. У 1986 расшырана. Мае падрыхтоўчы і прадзільны ўчасткі. Асн. прадукцыя (1996): пража баваўняная кручаная, суравая, асноўная для ткацкай вытв-сці.

т. 4, с. 121

ВЕ́ТКАЎСКАЯ РАЗЬБА́,

1) аб’ёмна-ажурная пазалочаная разьба, якой у г. Ветка Гомельскай вобл. ў 18—19 ст. аздаблялі ківоты да абразоў. Была высокаразвітым пасадскім ці манастырскім рамяством, працягвала і развівала традыцыі беларускай рэзі. Дэкор уключаў вінаградныя лозы, лісце, гронкі, пазней кветкі і інш. На пач. 20 ст. прыйшла ў заняпад. Калекцыя ўзораў веткаўскай разьбы ёсць у Веткаўскім музеі народнай творчасці.

2) Архітэктурны дэкор, пашыраны ў г. Ветка і навакольных вёсках. Традыцыя ідзе ад перасяленцаў з Цэнтр. Расіі (17—18 ст.). Веткаўская разьба арганічна спалучае бел. і рус. традыцыі нар. арх. дэкору. У 18—19 ст. нескладанай выемчатай разьбой геам. характару аздабляліся пераважна аконныя ліштвы. З сярэдзіны 19 ст. пад уплывам класіцызму дэкор узбагаціўся накладнымі элементамі ў выглядзе ромбаў, прамавугольнікаў, рэечак, такарных дэталей. Верхнія часткі ліштваў набылі форму трохвугольных франтончыкаў з прафіляванымі накладкамі, дэкор карнізаў і вуглоў часам імітаваў элементы мураванай архітэктуры класіцызму. З канца 19 ст. пашырыўся прапілаваны дэкор расліннага характару, якім багата аздаблялі ліштвы, карнізы, ганкі, вароты, а ў наш час і веранды, мансарды, франтоны. Сучасная веткаўская разьба звычайна спалучаецца з паліхромнай расфарбоўкай, вызначаецца павышанай дэкаратыўнасцю, перавагай стылізаваных раслінных матываў, шматпланавасцю кампазіцыі.

Я.М.Сахута.

т. 4, с. 121

ВЕ́ТКАЎСКІ,

біялагічны заказнік на Беларусі, у Веткаўскім р-не Гомельскай вобл. Засн. ў 1978. Пл. 5,9 тыс. га (1995). Уключае тэр. Веткаўскага лясніцтва. Створаны ў мэтах захавання ў прыродным стане месцаў росту і прыродных запасаў дзікарослых лек. раслін (крапівы двухдомнай, ландыша майскага, палыну горкага, цмену пясчанага, чабару, чарніц і інш.), а таксама для арганізацыі рацыянальнай нарыхтоўкі іх сыравіны. Займае лясныя масівы вакол рэк Сож і Беседзь, у якіх пераважаюць маладыя імшыстыя і чарнічныя хвойнікі, трапляюцца дубровы, бярэзнікі, невял. ўчасткі ельнікаў.

т. 4, с. 122

ВЕ́ТКАЎСКІ МУЗЕ́Й НАРО́ДНАЙ ТВО́РЧАСЦІ.

Засн. ў 1978 у г. Ветка Гомельскай вобл. на базе калекцыі Ф.Р.Шклярава, які стаў першым дырэктарам музея, адкрыты для наведвання ў 1987. Размешчаны ў б. купецкім асабняку 19 ст. У музеі 6,5 тыс. экспанатаў, у т. л. 3,5 тыс. асн. фонду (1997), якія характарызуюць нар. культуру і побыт, традыц. мастацтва і промыслы Веткаўшчыны. Гэта старадрукі 16—18 ст: («Евангелле» П.Мсціслаўца, 1575, кнігі В.Гарабурды, выданні старавераў, у т. л. з Куцеінскай друкарні, і інш.), рукапісы пач. 16 — пач. 20 ст. (пераважна крукавага нотнага пісьма). Па запісах на кнігах (даравальных, купчых) складзена і экспануецца карта «Шлях кніг на Ветку». Зберагаюцца унікальныя калекцыі прорысяў 17—19 ст., абразоў 17 — пач. 20 ст., старадаўняя і сучасная разьба па дрэве, чаканка і гравіроўка па метале (абклады на абразах), ліццё, шыццё золатам, жэмчугам і бісерам; інструменты майстроў і рамеснікаў, іх дзелавая і асабістая перапіска, калекцыі меднага посуду і самавараў; узоры маст. ткацтва, вышыўкі, нар. касцюмаў; творы жывапісу самадз. мастакоў. Экспазіцыя складаецца з раздзелаў: «Слабада», «Кірмаш», «Манастыр», «Рака», у якіх размешчаны тэматычна аб’яднаныя кампазіцыі з элементамі дыярамы — «Бакалейная крама», «Гандлёвы рад», «Кузня», «Бібліятэка» і інш. Калекцыі іканапісу і дэкар.-прыкладнога мастацтва ўключаюць работы мясц. майстроў рознага часу, у т. л. Р.Рагаткіна (іканапіс), М.Свяшчэннікава (чаканка), М.Смірновай (шыццё бісерам), К.Карасёва (разьба па дрэве). Сярод твораў маст. ткацтва старадаўнія і сучасныя ручнікі, абрусы і хусткі з в. Неглюбка, пас. Рэпішча і інш., дзявочыя і жаночыя нар. строі.

С.І.Лявонцьева.

т. 4, с. 122

ВЕ́ТКАЎСКІ РАЁН,

на У Гомельскай вобл. Утвораны 8.12.1926. Пл. 1,6 тыс. км². Нас. 20,7 тыс. чал. (1995), гарадскога 30%. Сярэдняя шчыльн. 12,9 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Ветка, 88 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 11 сельсаветаў: Вяліканямкоўскі, Данілавіцкі, Маланямкоўскі, Неглюбскі, Прыснянскі, Радужскі, Свяцілавіцкі, Стаўбунскі, Хальчанскі, Шарсцінскі, Яноўскі. Раён моцна пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986), адселена 16 700 жыхароў з 53 населеных пунктаў.

Большая ч. раёна размешчана ў межах Гомельскага Палесся, паўн., паўд.-зах. і ўсх. часткі — на Чачорскай раўніне. Паверхня раўнінная, пераважаюць выш. 120—150 м, найвыш. пункт 188,9 м (на ПдУ раёна, каля в. Старое Закружжа). Карысныя выкапні: торф, вапна, мел, гліны для грубай керамікі, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-ра студз. -7 °C, ліп. 18,6 °C. Ападкаў 580 мм за год. Вегетац. перыяд 193 сут. Рака Сож з прытокамі Беседзь, Нёманка, Спонка, Ліпа. У поймах рэк шмат старыц. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Пад лясамі 30,3% тэр. раёна. Найб. лясістасць на ПнЗ па левабярэжжы Сажа. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя і чорнаальховыя. Балоты займаюць 10,3 тыс. га. Біял. заказнік Веткаўскі.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 51 тыс. га, з іх асушана 16,6 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 5 калгасаў і 10 саўгасаў. Конезавод «Гомельскі». Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя, кармавыя культуры, бульбу, агародніну. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (цэгла, сталярныя вырабы), тэкст. (пража, пакрывалы, ручнікі), харч. (масла, крухмал) прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі Гомель—Ветка—Свяцілавічы—Чачэрск, Буда-Кашалёва—Ветка—Добруш. Суднаходства па Сажы і Беседзі. У раёне 11 сярэдніх, 3 базавыя, 5 пач. школ, дзіцяча-юнацкая спарт. школа, 15 дашкольных устаноў, 26 клубаў, 21 б-ка, 4 бальніцы, 16 фельч.-ак. пунктаў, пансіянат для ветэранаў Вял. Айч. вайны і працы. Помнік архітэктуры — сядзіба пач. 19 ст. ў в. Хальч. Вёска Неглюбка — цэнтр ткацкага рамяства. Выдаецца газ. «Голас Веткаўшчыны».

Г.С.Смалякоў.

т. 4, с. 123

ВЕ́ТЛІЦА,

рака ў Столінскім р-не Брэсцкай вобл., правы прыток Прыпяці. Даўж. 30 км. Пачынаецца за 3,5 км на ПнЗ ад в. Беражное. Рэчышча ад вытоку на працягу 6 км каналізаванае.

т. 4, с. 123