ВЕ́ТА
(ад лац. veto забараняю),
1) у дзяржаўным праве забарона, якая накладаецца адным органам дзярж. улады на рашэнне інш. дзярж. органа. Ін-т вета ўзнік у Стараж. Рыме. У феад. эпоху найб. вядомае т.зв. свабоднае вета — ліберум вета: у Рэчы Паспалітай у 17—18 ст. рашэнне сейма лічылася прынятым, калі за яго галасавалі ўсе дэпутаты. У сучасных дзяржавах права вета звычайна даецца кіраўніку дзяржавы ў адносінах да законаў, прынятых парламентам, ці верхняй палаце парламента ў адносінах да ніжняй яго палаты. Адрозніваюць абсалютнае вета, калі кіраўніку дзяржавы даецца права канчаткова адхіліць закон, і адноснае вета, калі адмаўленне кіраўніка дзяржавы санкцыяніраваць закон толькі прыпыняе набыццё ім сілы. У апошнім выпадку парламент мае права прыняць закон паўторным галасаваннем.
Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь права адноснага вета дадзена Прэзідэнту. Закон, прыняты Палатай прадстаўнікоў і ўхвалены Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь або прыняты Палатай прадстаўнікоў у парадку, прадугледжаным Канстытуцыяй, падаецца ў дзесяцідзённы тэрмін Прэзідэнту на подпіс. Калі Прэзідэнт згодны з тэкстам закону, ён яго падпісвае. Калі Прэзідэнт не вяртае які-небудзь закон на працягу 2 тыдняў пасля таго, як ён яму быў пададзены, закон лічыцца падпісаным. Закон не лічыцца падпісаным і не набывае сілы, калі ён не мог быць вернуты ў Нац. сход у сувязі з заканчэннем сесіі. Пры нязгодзе з тэкстам закону Прэзідэнт вяртае яго са сваімі пярэчаннямі ў Палату прадстаўнікоў, якая павінна разгледзець закон з пярэчаннямі Прэзідэнта не пазней як за 30 дзён. Калі закон будзе прыняты Палатай прадстаўнікоў большасцю не менш за дзве трэція галасоў ад поўнага складу, ён разам з пярэчаннямі Прэзідэнта ў 5-дзённы тэрмін накіроўваецца ў Савет Рэспублікі, які таксама павінен разгледзець яго паўторна не пазней як за 20 дзён. Закон лічыцца прынятым, калі ён ухвалены большасцю не менш за дзве трэція галасоў ад поўнага складу Савета Рэспублікі. Закон пасля пераадолення Палатай прадстаўнікоў і Саветам Рэспублікі пярэчанняў Прэзідэнта падпісваецца Прэзідэнтам у 5-дзённы тэрмін. Закон набывае сілу і ў тым выпадку, калі Прэзідэнт не падпіша яго ў гэты тэрмін.
2) Правам вета называецца таксама аднагалоснасці прынцып у ААН.
Г.А.Маслыка.
т. 4, с. 121
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)