ВЕРХАВО́ДКА,
бліжэйшыя да зямной паверхні безнапорныя падземныя воды. Знаходзяцца ў зоне аэрацыі, маюць часовы (сезонны) характар і абмежаванае пашырэнне. Лінзы верхаводкі перыядычна памнажаюцца пераважна за кошт інфільтрацыі атм. і паверхневых вод, найб. інтэнсіўна — у час працяглых дажджоў і раставання снегу. Мае магутнасць не больш за 1—2 м. Часцей назіраецца на водападзельных раўнінных участках і тэрасах рэк, прымеркавана да паніжэнняў мікрарэльефу. Выклікае часовыя змены ў ландшафтах — з’яўленне пэўнай расліннасці, засаленне паверхні глебы і інш. Знікае ў выніку выпарэння або перацякання ў ніжэйшыя ваданосныя гарызонты.
т. 4, с. 108
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)