Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТРУБЯЦКО́Й Яўген Мікалаевіч (5.10.1863, Масква — 23.1.1920),

расійскі філосаф, правазнавец і грамадскі дзеяч. Брат С.М.Трубяцкога. Д-р філасофіі (1897). Скончыў Маскоўскі ун-т (1885). З 1892 у Кіеўскім ун-це (з 1897 праф.), з 1905 праф. Маскоўскага ун-та. Адзін з заснавальнікаў канстытуцыйна-дэмакр. партыі (выйшаў з яе ў 1905). У 1906—10 гал. рэдактар час. «Московский еженедельник». У 1907—08 чл. Дзярж. савета. Адзін з заснавальнікаў выд-ва «Шлях» (1910—17). Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 адзін з ідэолагаў белага руху. Яго філас. погляды склаліся пад уплывам «філасофіі ўсеадзінства» У.С.Салаўёва. Гнасеалагічная канцэпцыя Т. грунтуецца на ідэі існавання абсалютнай звышіндывід. свядомасці, якая змяшчае вечныя ісціны і ўяўляе сабой сінтэз часовага і вечнага. Крытэрыем аб’ектыўнасці пазнання чалавека лічыў яго здольнасць да пераадолення фрагментарнасці індывід. ведаў і набліжэння да абсалютнай свядомасці («Метафізічныя перадумовы пазнання: Спроба пераадолення Канта і кантыянства», 1917). Сцвярджаў, што свет адносна незалежны ад Бога, таму што, паводле Божай ідэі, надзелены свабодай волі («Сэнс жыцця», 1918). На яго думку, свет з’яўляецца месцам самавызначэння асобы, ажыццяўлення яе свабоды выбару паміж 2 магчымасцямі: станоўчай (імкненне да рэалізацыі Божай ідэі) і адмоўнай (супраціўленне і процідзеянне Божай ідэі). Абсалютызацыя ролі свабоды асобы характэрна і для яго правазнаўчых поглядаў. Вызначаў права як сукупнасць норм, якія забяспечваюць і адначасова абмяжоўваюць знешнюю свабоду асобы. Права, на яго думку, з’яўляецца гал. фактарам узнікнення цывілізацыі. Абгрунтаваў неабходнасць гіст. падыходу да вывучэння права, які ўлічвае эвалюцыю ўласцівых розным народам на розных гіст. этапах уяўленняў пра межы свабоды асобы і ідэальную пабудову грамадства. Яго погляды паўплывалі на развіццё рус. рэліг. філасофіі (М.​А.​Бярдзяеў, С.​М.​Булгакаў, П.​А.​Фларэнскі і інш.).

Тв.:

Три очерка о русской иконе. М., 1991;

Смысл жизни. М., 1994;

Избранное. М., 1995;

Миросозерцание В.​С.​Соловьева. Т. 1—2. М., 1995;

Из прошлого: Воспоминания. Из путевых заметок беженца. Томск, 2000;

Труды по философии права. СПб., 2001.

Н.​Г.​Кісялёва.

т. 15, с. 536

«ТРУД»,

грамадска-палітычная газета. Выдаецца з 19.2.1921 у Маскве на рус. мове 6 разоў на тыдзень. Асвятляе пытанні грамадска-паліт., эканам. і культ. жыцця Расіі, міжнар. падзеі. Мае рубрыкі: «Падзеі і каментарыі», «Свет сёння», «Культура», «Дзелавая інфармацыя», «Рэпарцёр», «Абставіны і мы» і інш. Выходзіць штотыднёвы выпуск «Труд-7», у якім змяшчаюцца інфарм. матэрыялы і па Беларусі.

т. 15, с. 536

ТРУДАВІКІ́,

«Працоўная група», фракцыя дэпутатаў-сялян і народніцкай інтэлігенцыі ў 1—4-й Дзяржаўных думах Расіі (1906—17). У 1-й Думе паводле розных звестак было 107 або 127 дэпутатаў з 478. Ад бел. губерняў у іх лік уваходзілі К.​К.​Александровіч, М.​С.​Гатавецкі (Віленская губ.), Ф.​Я.​Буслаў (Магілёўская губ.), М.​М.​Жукоўскі, С.​П.​Кандрашук, У.​Р.​Якубсон (Гродзенская губ.), Ф.​С.​Трасун, Р.​П.​Філіпаў (Віцебская губ.). Праграма: увядзенне дэмакр. свабод, нацыяналізацыя мірным шляхам зямлі (акрамя сял. надзелаў) і яе ўраўняльнае размеркаванне паводле прац. норм (адсюль назва «Т.»), адмена саслоўных і нац. абмежаванняў. Друкаваны орган — газ. «Трудовой народ». Па асобных пытаннях Т. блакіраваліся з кадэтамі і сацыял-дэмакратамі. 5.6.1906 яны выступілі ў Думе з «Праектам асн. палажэння» аб агр. рэформе, у якім патрабавалі адчужэння на карысць сялян памешчыцкіх і інш. прыватных зямель, што перавышалі «прац. норму». Т. адмовіліся падтрымаць сталыпінскую аграрную рэформу 1906—17, а ў 2-й Дзярж. думе (сак.—чэрв. 1907, 104 дэп. з 518) зноў унеслі свой агр. законапраект. З усталяваннем «трэцячэрвеньскай манархіі» і ўвядзеннем рэакц. выбарчага закона (1907) колькасны склад (14 дэп. у 3-й Думе 1907—12 і 10 дэп. у 4-й 1912—17) і ўплыў Т. рэзка скараціліся. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 яны падтрымлівалі Часовы ўрад, куды з сак. 1917 уваходзіў іх кіраўнік А.Ф.Керанскі (з ліп. 1917 прэм’ер-міністр). У ліп. 1917 Т. аб’ядналіся з народнымі сацыялістамі ў Прац. народна-сацыяліст. партыю.

т. 15, с. 536

ТРУДО́ (Trudeau) П’ер Эліёт (18.10.1919, г. Манрэаль, Канада — 28.9.2000),

канадскі паліт. і дзярж. дзеяч. Ганаровы д-р права. Скончыў Манрэальскі ун-т. У 1949—51 працаваў у апараце прэм’ер-міністра. З 1961 праф. Манрэальскага ун-та. З 1965 чл. Ліберальнай партыі (у 1968—70 і 1976—79 яе лідэр), дэп. палаты абшчын федэральнага парламента Канады (да 1984). У 1966 парламенцкі сакратар прэм’ер-міністра. У 1967—68 міністр юстыцыі ва ўрадзе Л.Б.Пірсана і ген. пракурор Канады. У 1968—79 і 1980—84 прэм’ер-міністр Канады. Урад Т. дамогся заканад. замацавання англа-франц. двухмоўя ў краіне (1969) і незалежнасці Канады ад брыт. парламента (1982). Аўтар кніг грамадска-паліт. тэматыкі.

т. 15, с. 536

ТРУДЫ́,

вёска ў Полацкім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 57 км на ПнУ ад г. Полацк, 165 км ад Віцебска, 14 км ад чыг. ст. Алешча. 148 ж., 77 двароў (2002). 2 лясніцтвы. Сярэдняя школа-сад, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Вайсковыя могілкі воінаў і партызан, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 15, с. 536

ТРУЙМЯ́СТА (Trójmiasto),

Трохграддзе, гарадская агламерацыя на Пн Польшчы, на ўзбярэжжы Балтыйскага мора. Уключае гарады Гданьск, Гдыня, Сопат, суседнія невял. гарады і пасёлкі.

т. 15, с. 536

ТРУМ (ад галанд. ’t ruim),

памяшканне ўнутры корпуса судна пад ніжняй палубай. Знізу Т. абмяжоўваецца днішчам або другім дном (воданепранікальным насцілам, які прыварваецца да верхніх кантаў днішчавага набору).

т. 15, с. 536

ТРУ́МБІЧ (Trumbić) Антэ (17.5.1864, г. Спліт, Харватыя — 17.11.1938),

харвацкі і югаслаўскі паліт. дзеяч. Д-р права (1890). Вучыўся ва ун-тах Заграба, Вены і Граца (Аўстрыя). З 1 894 чл. харвацкай (далмацінскай) Партыі права. У 1895—1918 дэп. Далмацінскага сабора і аўстр. парламента. Заснавальнік ліберальна-бурж. Харвацкай партыі (1905), якая выступала за харвацка-сербскае збліжэнне. З 1915 старшыня Паўднёваславянскага камітэта; ад яго імя падпісаў Корфскую дэкларацыю 1917 аб стварэнні Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія), міністрам замежных спраў якога быў у 1918—20.

т. 15, с. 536

ТРУ́МПІЦКАЕ ВО́ЗЕРА.

У Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Галбіца, за 26 км на ПнУ ад г. Паставы. Пл. 0,44 км², даўж. 1,4 км, найб. шыр. 570 м, найб. глыб. 4 м, даўж. берагавой лініі 3,86 км, пл. вадазбору 8,6 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу. Схілы выш. 6—8 м (на ПнУ 2—3 м), разараныя. Участкамі тэраса выш. 1,2—1,4 м. Берагі нізкія пясчаныя і пясчана-галечныя, пад хмызняком, месцамі на Пд сплавінныя; 3 залівы. На Пд і ПдЗ пераўвільготненая пойма шыр. да 50 м. Дно ілістае, на невял. участку каля ўсх. берага — пясчанае. Паласа надводнай расліннасці шыр. да 10 м. Выцякае ручай у р. Галбіца.

т. 15, с. 537

ТРУ́МЭН (Truman) Гары Спенсер (8.5.1884, Ламар, штат Місуры, ЗША — 26.12.1972),

палітычны і дзярж. дзеяч ЗША. Быў клеркам, бухгалтарам, фермерам, саўладальнікам магазіна. Удзельнік 1-й сусв. вайны на тэр. Францыі, капітан. Пасля вайны чл. Дэмакр. партыі. З 1926 старшыня акруговага суда ў штаце Місуры.

З 1934 сенатар ад гэтага штата. Са студз. 1945 віцэ-прэзідэнт ЗША у адміністрацыі Ф.Д.Рузвельта, пасля яго смерці прэзідэнт краіны ад Дэмакр. партыі (1945—53; выбраны ў 1948). Урад Т. з 1946 канфрантаваў з пануючымі ў кангрэсе ЗША прадстаўнікамі Рэсп. партыі, з 1949 працягваў рэформы ў духу «новага курсу» Рузвельта, але абмяжоўваў дзейнасць прафсаюзаў паводле Тафта—Хартлі закона. У час Патсдамскай канферэнцыі 1945 Т. загадаў скінуць ядз. бомбы на яп. гарады Хірасіму і Нагасакі (6 і 9.8.1945). Пасля 2-й сусв. вайны імкнуўся процідзейнічаць пашырэнню сферы ўплыву СССР у свеце, дзеля чаго былі прыняты Трумэна дактрына і Маршала план, засн. Цэнтральнае разведвальнае ўпраўленне і Арганізацыя Паўночнаатлантычнага дагавора, войскі ЗША удзельнічалі ў карэйскай вайне 1950—53. Аўтар мемуараў.

Літ.:

Маныкин А.С. «Эра демократов»: партийная перегруппировка в США. 1933—1952. М., 1990.

Г.С.Трумэн.

т. 15, с. 537