ТРУБЯЦКО́Й Яўген Мікалаевіч (5.10.1863, Масква — 23.1.1920),
расійскі філосаф, правазнавец і грамадскі дзеяч. Брат С.М.Трубяцкога. Д-р філасофіі (1897). Скончыў Маскоўскі ун-т (1885). З 1892 у Кіеўскім ун-це (з 1897 праф.), з 1905 праф. Маскоўскага ун-та. Адзін з заснавальнікаў канстытуцыйна-дэмакр. партыі (выйшаў з яе ў 1905). У 1906—10 гал. рэдактар час. «Московский еженедельник». У 1907—08 чл. Дзярж. савета. Адзін з заснавальнікаў выд-ва «Шлях» (1910—17). Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 адзін з ідэолагаў белага руху. Яго філас. погляды склаліся пад уплывам «філасофіі ўсеадзінства» У.С.Салаўёва. Гнасеалагічная канцэпцыя Т. грунтуецца на ідэі існавання абсалютнай звышіндывід. свядомасці, якая змяшчае вечныя ісціны і ўяўляе сабой сінтэз часовага і вечнага. Крытэрыем аб’ектыўнасці пазнання чалавека лічыў яго здольнасць да пераадолення фрагментарнасці індывід. ведаў і набліжэння да абсалютнай свядомасці («Метафізічныя перадумовы пазнання: Спроба пераадолення Канта і кантыянства», 1917). Сцвярджаў, што свет адносна незалежны ад Бога, таму што, паводле Божай ідэі, надзелены свабодай волі («Сэнс жыцця», 1918). На яго думку, свет з’яўляецца месцам самавызначэння асобы, ажыццяўлення яе свабоды выбару паміж 2 магчымасцямі: станоўчай (імкненне да рэалізацыі Божай ідэі) і адмоўнай (супраціўленне і процідзеянне Божай ідэі). Абсалютызацыя ролі свабоды асобы характэрна і для яго правазнаўчых поглядаў. Вызначаў права як сукупнасць норм, якія забяспечваюць і адначасова абмяжоўваюць знешнюю свабоду асобы. Права, на яго думку, з’яўляецца гал. фактарам узнікнення цывілізацыі. Абгрунтаваў неабходнасць гіст. падыходу да вывучэння права, які ўлічвае эвалюцыю ўласцівых розным народам на розных гіст. этапах уяўленняў пра межы свабоды асобы і ідэальную пабудову грамадства. Яго погляды паўплывалі на развіццё рус. рэліг. філасофіі (М.А.Бярдзяеў, С.М.Булгакаў, П.А.Фларэнскі і інш.).
Тв.:
Три очерка о русской иконе. М., 1991;
Смысл жизни. М., 1994;
Избранное. М., 1995;
Миросозерцание В.С.Соловьева. Т. 1—2. М., 1995;
Из прошлого: Воспоминания. Из путевых заметок беженца. Томск, 2000;
Труды по философии права. СПб., 2001.
Н.Г.Кісялёва.
т. 15, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)