ТРУ́МЭН (Truman) Гары Спенсер (8.5.1884, Ламар, штат Місуры, ЗША — 26.12.1972),
палітычны і дзярж. дзеяч ЗША. Быў клеркам, бухгалтарам, фермерам, саўладальнікам магазіна. Удзельнік 1-й сусв. вайны на тэр. Францыі, капітан. Пасля вайны чл.Дэмакр. партыі. З 1926 старшыня акруговага суда ў штаце Місуры.
З 1934 сенатар ад гэтага штата. Са студз. 1945 віцэ-прэзідэнт ЗША у адміністрацыі Ф.Д.Рузвельта, пасля яго смерці прэзідэнт краіны ад Дэмакр. партыі (1945—53; выбраны ў 1948). Урад Т. з 1946 канфрантаваў з пануючымі ў кангрэсе ЗША прадстаўнікамі Рэсп. партыі, з 1949 працягваў рэформы ў духу «новага курсу» Рузвельта, але абмяжоўваў дзейнасць прафсаюзаў паводле Тафта—Хартлі закона. У час Патсдамскай канферэнцыі 1945 Т. загадаў скінуць ядз. бомбы на яп. гарады Хірасіму і Нагасакі (6 і 9.8.1945). Пасля 2-й сусв. вайны імкнуўся процідзейнічаць пашырэнню сферы ўплыву СССР у свеце, дзеля чаго былі прыняты Трумэна дактрына і Маршала план, засн.Цэнтральнае разведвальнае ўпраўленне і Арганізацыя Паўночнаатлантычнага дагавора, войскі ЗША удзельнічалі ў карэйскай вайне 1950—53. Аўтар мемуараў.
Літ.:
Маныкин А.С. «Эра демократов»: партийная перегруппировка в США. 1933—1952. М., 1990.