ТРУДАВІКІ́,
«Працоўная група», фракцыя дэпутатаў-сялян і народніцкай інтэлігенцыі ў 1—4-й Дзяржаўных думах Расіі (1906—17). У 1-й Думе паводле розных звестак было 107 або 127 дэпутатаў з 478. Ад бел. губерняў у іх лік уваходзілі К.К.Александровіч, М.С.Гатавецкі (Віленская губ.), Ф.Я.Буслаў (Магілёўская губ.), М.М.Жукоўскі, С.П.Кандрашук, У.Р.Якубсон (Гродзенская губ.), Ф.С.Трасун, Р.П.Філіпаў (Віцебская губ.). Праграма: увядзенне дэмакр. свабод, нацыяналізацыя мірным шляхам зямлі (акрамя сял. надзелаў) і яе ўраўняльнае размеркаванне паводле прац. норм (адсюль назва «Т.»), адмена саслоўных і нац. абмежаванняў. Друкаваны орган — газ. «Трудовой народ». Па асобных пытаннях Т. блакіраваліся з кадэтамі і сацыял-дэмакратамі. 5.6.1906 яны выступілі ў Думе з «Праектам асн. палажэння» аб агр. рэформе, у якім патрабавалі адчужэння на карысць сялян памешчыцкіх і інш. прыватных зямель, што перавышалі «прац. норму». Т. адмовіліся падтрымаць сталыпінскую аграрную рэформу 1906—17, а ў 2-й Дзярж. думе (сак.—чэрв. 1907, 104 дэп. з 518) зноў унеслі свой агр. законапраект. З усталяваннем «трэцячэрвеньскай манархіі» і ўвядзеннем рэакц. выбарчага закона (1907) колькасны склад (14 дэп. у 3-й Думе 1907—12 і 10 дэп. у 4-й 1912—17) і ўплыў Т. рэзка скараціліся. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 яны падтрымлівалі Часовы ўрад, куды з сак. 1917 уваходзіў іх кіраўнік А.Ф.Керанскі (з ліп. 1917 прэм’ер-міністр). У ліп. 1917 Т. аб’ядналіся з народнымі сацыялістамі ў Прац. народна-сацыяліст. партыю.
т. 15, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)