Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЛІЗАРУ́КАСЦЬ,

міяпія, адзін з недахопаў рэфракцыі вока, пры якім чалавек дрэнна бачыць аддаленыя рэчы. Абумоўлена тым, што паралельныя прамяні, якія ідуць ад аддаленых рэчаў, сыходзяцца ў фокусе аптычнай сістэмы вока не на сятчатцы (як у нармальным воку), а перад ёю і даюць невыразнае адлюстраванне. Блізарукасць найчасцей узнікае ў школьным узросце, можа паступова павялічвацца да 18—20-гадовага ўзросту. Развіццю блізарукасці спрыяюць зрокавая работа на блізкай адлегласці, спадчынныя фактары. Адрозніваюць 3 ступені блізарукасці: слабую (да 3 дптр), сярэднюю (да 6 дптр) і высокую (6 дптр і вышэй). Блізарукія разглядаюць усё на блізкай адлегласці. Ад гэтага стамляюцца вочы, развіваецца мышачная і акамадацыйная астэнія, разыходная касавокасць, спазмы акамадацыі, пры цяжкай, злаякаснай блізарукасці ўзнікаюць змены ў сеткаватай і сасудзістай абалонках вока — расцяжэнні, дыстрафія, кровазліццё, разрывы і адслаенне сятчаткі. Лячэнне: карэкцыя блізарукасці акулярамі, ліквідацыя спазмаў акамадацыйнай мышцы. Пры блізарукасці высокай ступені хворым нельга фізічна і зрокава перанапружвацца. Пры блізарукасці, якая прагрэсіруе, робяць аперацыі — радыяльную керататамію, кератамілез, уздзейнічаюць эксімерным лазерным выпрамяненнем.

Л.М.Марчанка.

т. 3, с. 191

БЛІЗКАДЗЕ́ЯННЕ,

канцэпцыя, паводле якой узаемадзеянні ў фізіцы паміж аддаленымі матэрыяльнымі аб’ектамі перадаюцца пры дапамозе «пасрэдніка» (гравітацыйнага, эл.-магн. ці іншага фіз. поля) ад аднаго пункта да другога з канечнай скорасцю. Напр., кожная эл. зараджаная часціца стварае вакол сябе эл.-магн. поле, якое дзейнічае на іншыя зараджаныя часціцы і распаўсюджваецца ў вакууме са скорасцю святла. Гл. таксама Далёкадзеянне.

т. 3, с. 191

БЛІЗКАЎСХО́ДНІ КАНФЛІ́КТ,

ваеннае і палітычнае проціборства на рэгіянальным узроўні Ізраіля з араб. краінамі і Арганізацыяй вызвалення Палесціны (АВП). На глабальным узроўні — паміж ЗША, што падтрымлівалі Ізраіль, і СССР (да 1991), які дапамагаў дружалюбным яму араб. рэжымам. Бярэ пачатак ад утварэння Ізраільскай дзяржавы (1948). У аснове канфлікту палесцінская праблема і ўзаемаадносіны Ізраіля і араб. краін (гл. Араба-ізраільская вайна 1948—49, Ізраільска-арабскія войны). Праблема вяртання акупіраваных ізраільцянамі тэрыторый (Сінайскі п-аў, сектар Газа, Галанскія вышыні, Зах. бераг р. Іардан, частка г. Іерусалім) і барацьба палесцінцаў (у т. л. тэрарыстычныя акцыі) за стварэнне ўласнай дзяржавы зрабілі Б. Усход асяродкам самага працяглага канфлікту ў сусв. палітыцы. Пры пасрэдніцтве ЗША першым крокам да міру з’явіліся Кэмп-Дэвідскія пагадненні паміж Егіптам і Ізраілем (1979). Да 1993 па праблеме Блізкаўсходняга канфлікту ішла дыпламат. барацьба, у ходзе якой Ізраіль прызнаў АВП адзіным прадстаўніком араб. народа Палесціны, а АВП прызнала Ізраіль як дзяржаву. 13.9.1993 у Вашынгтоне бакі падпісалі мірны дагавор і палесцінцы атрымалі права на самакіраванне ў сектары Газа і гарадах Іерыхон і Віфлеем. 26.10.1994 падпісаны мірны дагавор паміж Ізраілем і Іарданіяй. У чэрв. 1995 пачаліся перагаворы паміж Ізраілем і Сірыяй па праблеме вываду ізраільскіх войскаў з Галанскіх вышыняў. Гал. перашкодай на шляху да канчатковага ўрэгулявання Блізкаўсходняга канфлікту з’яўляецца дзейнасць экстрэмісцкіх сіл як у Палесцінскім руху супраціўлення (ХАМАС і інш. арг-цыі), так і ўнутры ізраільскага грамадства (забойства прэм’ер-міністра І.Рабіна ў ліст. 1995).

А.А.Чалядзінскі.

т. 3, с. 191

БЛІЗКАЎСХО́ДНІ ФАСФАРЫТАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН,

на ПнУ Афрыкі і сумежнай тэр. Усх. Міжземнамор’я. Займае вял. ч. тэр. Егіпта, Саудаўскай Аравіі, Іарданіі, Ізраіля, Ірака, Сірыі, Лівана і паўд. Турцыі. Даўж. басейна каля 2000 км. Пл. каля 1 млн. км². Першыя радовішчы адкрыты ў 1896—1908 у даліне р. Ніл і на зах. узбярэжжы Чырвонага м., большасць выяўлена ў 1950—60-х г. у краінах Б. Усходу. Прамысл. залежы ў выглядзе пластоў (магутнасць 2—6 м). Распрацоўка радовішчаў бас. ў Егіпце, Іарданіі, Ізраілі, Сірыі. Б. ч. таварных фасфарытных канцэнтратаў (P2O5 больш за 30—33%) экспартуецца ў краіны Еўропы і Азіі.

т. 3, с. 191

БЛІ́ЗКІ ПАРА́ДАК,

гл. ў арт. Далёкі і блізкі парадак.

т. 3, с. 191

БЛІ́ЗКІ УСХО́Д,

назва тэрыторыі на З і ПдЗ Азіі і ПнУ Афрыкі. Да краін Блізкага Усходу адносяць Егіпет, Судан, Бахрэйн, Ізраіль, Іарданію, Ірак, Йемен, Катар, Кіпр, Кувейт, Ліван, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Аман, Саудаўскую Аравію, Сірыю, Турцыю, араб. дзяржаву Палесціну (пра кожную гл. асобны арт.). У замежнай (пераважна ў амер. і англ.) л-ры Блізкі Усход разам з Іранам і Афганістанам уключаецца ў паняцце Сярэдні Усход. У 19 — пач. 20 ст. ў паняцце Блізкі Усход уключалі ўсю тэр. Асманскай імперыі (Турцыі), у т. л. краіны Балканскага п-ва.

т. 3, с. 191

БЛІЗНЕ́Ц Віктар Сямёнавіч

(10.4.1933, с. Уладзіміраўка Кампанееўскага р-на Кіраваградскай вобл., Украіна — 2.4.1981),

украінскі пісьменнік. Скончыў Кіеўскі ун-т (1957). Пісаў пераважна для дзяцей. Творы вызначаюцца драматызмам, глыбокім псіхалагізмам, паасобныя з элементамі казачнай фантастыкі (аповесці «Ветразі над стэпам», 1965; «Зямлянка», 1966; «Драўляне», 1968; «Маўчун», 1972; раман «Падземныя барыкады», 1977). Развіццю духоўнасці падлеткаў прысвечана аповесць «Гук павуцінкі» (1970). Літ. прэмія імя Л.Украінкі 1988.

Тв.:

Вибрані твори. Т. 1—2. Київ, 1983;

Бел. пер. — Гук павуцінкі: Аповесць. Мн., 1974.

В.А.Чабаненка.

т. 3, с. 192

БЛІ́ЗНІЦА,

возера ў Беларусі, у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача, за 20 км на ПдЗ ад Полацка. Пл. 0,23 км², даўж. 1,1 км, найб. шыр. 300 м, найб. глыб. 17 м.

Схілы катлавіны разараныя, на ПнУ і З пад лесам. Берагі зліваюцца са схіламі, на З участкамі нізкія, забалочаныя. Злучана ручаём з возерам без назвы.

т. 3, с. 192

БЛІЗНІ́ЦА ВЯЛІ́КАЯ,

курган 2-й пал. 4 ст. за 8 км на Пд ад г. Фанагорыя на Таманскім п-ве (Расія). Выш. 15 м, перыметр 340 м. Радавы некропаль заможнай сям’і з племя сіндаў, у якой некаторыя жанчыны былі жрыцамі. Выяўлены 3 каменныя скляпы, 2 магілы з каменных плітаў з трупапалажэннем і некалькі пахаванняў з трупаспаленнем. У адным са скляпоў кіпарысавых саркафагаў, арнаментаваных слановай косцю, пахаваны воін у залатым вянку, з каштоўнымі рэчамі і зброяй, у другім — жрыца ў адзенні, аздобленым шматлікімі залатымі ўпрыгожаннямі; трэці склеп спустошаны. Знойдзены таксама размаляваныя вазы, тэракотавыя і касцяныя фігуркі.

А.В.Іоў.

т. 3, с. 192

БЛІЗНЯ́ТЫ,

нараджэнне (амаль адначасовае) двух і болей дзяцей у чалавека і млекакормячых жывёл, для якіх характэрна аднаплоднасць. Блізняты могуць быць аднаяйцавыя (моназіготныя), развіваюцца з адной аплодненай яйцаклеткі — зіготы, і двух’яйцавыя (дызіготныя), развіваюцца з двух ці болей адначасова аплодненых яйцаклетак. Аднаяйцавыя блізняты заўсёды аднаполыя, маюць аднолькавы генатып, групу крыві і надзвычай высокую ступень падабенства. Двух’яйцавыя блізняты могуць быць адна- і разнаполыя, іх генатыпічнае і вонкавае падабенства не большае, чым паміж іншымі братамі і сёстрамі (сібсамі). Суадносіны паміж мона- і дызіготнымі блізнятамі ў чалавека вызначаюцца прыкладна як 1 і 2, нараджэнне двайнят у сярэднім складае 1 на 100 родаў (ад 0,6 у Японіі да 4,5 у Афрыцы), трайнят — прыкладна на 10 тыс., чацвярнят — на 1 млн.; вядомы выпадкі нараджэння 5 і 6 блізнят; шматплоднасць больш уласціва прадстаўнікам негроіднай расы, менш мангалоідам. Зніжэнне нараджэння блізнят у апошнія дзесяцігоддзі звязваюць з уплывамі сац.-быт. фактараў.

Сучасныя метады дыягностыкі дазваляюць устанавіць шматплоднасць у самыя раннія тэрміны цяжарнасці. Па даных гемелалогіі (навукі пра блізнят) асн. ролю ў вызначэнні шматплоднасці мае спадчыннасць. Па мацярынскай лініі перадаюцца ў спадчыну дызіготныя блізняты, па бацькоўскай — моназіготныя. Унутрывантробнае і пасляродавае развіццё блізнят вызначаецца шэрагам асаблівасцяў. У 70—75% выпадках аднаяйцавым блізнятам уласціва наяўнасць адной плацэнты і аднаго харыёна, у дызіготных блізнят яны асобныя для кожнага плода. Больш частыя (у 2 разы) у блізнят прыроджаныя заганы развіцця, магчымы выпадкі хімерызму, у аднаяйцавых — недаразвіццё або адсутнасць сэрца, спалучэнне крывяносных сістэм, няпоўнае раздзяленне тулаваў (гл. Сіямскія блізняты) і інш. У генетыцы вывучэнне ролі і ўзаемаадносін спадчыннасці і асяроддзя ў зменлівасці прыкмет і фарміраванні асобы (чалавека) складае сутнасць «блізнятнага метаду». У жывёлагадоўлі штучнаму рэгуляванню плоднасці свойскіх і інш. карысных жывёл надаецца гасп. значэнне.

Р.У.Дэрфліо.

т. 3, с. 192