Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

САКСАУ́Л (Haloxylon),

род кветкавых раслін сям. лебядовых. 10 відаў. Пашыраны ў паўпустынях і пустынях Азіі. Найб. вядомыя С.: белы (H. persicum), зайсанскі (H. ammodendron) і чорны (H. aphyllum).

Кусты ці невял. дрэвы (выш. 1,5—12 м) з магутнай каранёвай сістэмай, якая часам дасягае глыб. 11 м. Жывуць 30—60 гадоў. Галінаванне вілаватае, маладыя парасткі членістыя, ломкія. Лісце ў выглядзе дробных бескаляровых лускавінак або бугаркоў (фотасінтэз адбываецца ў зялёных галінах). Кветкі двухполыя, па 4 у пазухах лускападобных прыкветнікаў. Плод — арэшак. Выкарыстоўваюцца для замацавання пяскоў і азелянення гарадоў.

Драўніна ідзе на паліва, паташ. Зімой зялёныя галінкі — корм вярблюдаў і авечак. Тэхн., дэкар., кармавыя расліны.

В.​М.​Прохараў.

Галінка саксаула чорнага.

т. 14, с. 92

САКСАФО́Н (франц. saxophone ад прозвішча вынаходніка Sax + ...фон),

духавы язычковы муз. інструмент. Вынайдзены бельг. майстрам А.​Саксам. Металічная (латуневая або сярэбраная) парабалічная трубка з дзюбападобным муштуком і адзінарнай трысцінкай, мае 18—21 адтуліну на ствале, якія закрываюцца пры дапамозе клапанаў. У сям’і С. 7 асн. разнавіднасцей, найб. пашыраны альт і тэнар. Мае моцны гук, непаўторнай выразнасці і прыгажосці тэмбр, вял. віртуоз. магчымасці. З сярэдзіны 19 ст. выкарыстоўваецца ў духавым, оперным, пазней у сімф. аркестрах, у камерных ансамблях; з 20 ст. — у джазе, эстр. і поп-музыцы. С. выкарыстоўвалі ў сваіх творах А.​Глазуноў, С.​Пракоф’еў, А.​Хачатуран, Дз.​Шастаковіч і інш.

Л.​А.​Шымановіч.

Саксафон.

т. 14, с. 92

САКСО́НІЯ (Sachsen),

гістарычная вобласць у Германіі. Ядром С. была Майсенская марка (створана на землях, заваяваных герм. феадаламі ў палабскіх славян у 10 ст.), у 1089 яна перайшла да феад. роду Ветынаў, якія таксама набылі ў 1247—64 Цюрынгію і ў 1423 Саксен-Вітэнберг (усх. частка б. Саксонскага герцагства 9—12 ст. — племянной дзяржавы саксаў) разам з тытулам курфюрстаў. За ўладаннямі Ветынаў паступова замацавалася назва С. (спачатку — Верхняя С. ў адрозненне ад Ніжняй С. на ПнЗ Германіі — гіст. вобласці саксаў). У канцы 15—16 ст. С. — важны цэнтр горнай прам-сці, кнігадрукавання, культ. асяродак (у 1409 засн. ун-т у Лейпцыгу, у 1522 у Вітэнбергу); у С. знаходзіліся апорныя пункты Рэфармацыі і Сялянскай вайны 1524—26. У выніку Трыццацігадовай вайны 1618—48 курфюрст С. паводле Вестфальскага міру 1648 замацаваў за сабой Верхнія і Ніжнія Лужыцы. У канцы 17—18 ст. С. адзін з найб. эканамічна развітых раёнаў Германіі (горная справа, тэкст. прам-сць; у 1710 пачата вытв-сць майсенскага фарфору — першага ў Еўропе, лейпцыгскія кірмашы мелі агульнагерм. значэнне). У 1697—1763 С. была ў асабістай уніі з Рэччу Паспалітай: саксонскія курфюрсты былі адначасова каралямі польскімі і вял. князямі літоўскімі (гл. Аўгуст II, Аўгуст III). С. была арэнай баявых дзеянняў у Паўночную вайну 1700—21, Сямігадовую вайну 1756—63, напалеонаўскія войны. З 1806 выступала на баку Францыі, чл. Рэйнскага саюза 1806—13, набыла статус каралеўства, сталіца — Дрэздэн. Саксонскі кароль Фрыдрых Аўгуст I стаў на чале Варшаўскага герцагства. Рашэннем Венскага кангрэса 1814—15 каля палавіны тэр. С. (з Вітэнбергам) перададзена Прусіі (разам з інш. тэр. склала прускую правінцыю С. з цэнтрам у Магдэбургу). У 1831 у Саксонскім каралеўстве ўведзена памяркоўна-ліберальная канстытуцыя. Адзін з асяродкаў Рэвалюцыі 1848—49 у Германіі (гл. Дрэздэнскае паўстанне 1849). У аўстра-прускай вайне 1866 на баку Аўстрыі, з 1871 каралеўства ў складзе Герм. імперыі. Пасля Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 — рэспубліка, потым зямля ў Веймарскай рэспубліцы. З 1945 у сав. зоне акупацыі Германіі, з 1949 у складзе ГДР. Пасля аб’яднання Германіі ў 1990 — зямля Саксонія. Гл. таксама Ніжняя Саксонія і Саксонія-Ангальт.

т. 14, с. 92

САКСО́НІЯ (Sachsen),

зямля (адм. адзінка) на У Германіі. Пл. 18,4 тыс. км². Нас. каля 4,7 млн. чал. (2000). Адм. ц.г. Дрэздэн, найб. гарады Лейпцыг, Хемніц, Цвікаў, Гёрліц. Пераважаюць нізкагор’і (каля 400—500 м); на Пд на граніцы з Чэхіяй Рудныя горы (выш. да 1214 м), на Пн ускраіна Паўн.-Германскай нізіны. Клімат умераны, пераходны да кантынентальнага. Т-ры паветра ў студз. каля 0 °C, у ліп. каля 18 °C. Ападкаў за год ад 700—800 мм на Пн да 1000 мм у гарах. Лясы (хвоя, дуб, граб, бук) лепш захаваліся ў гарах. Эканоміка індустр.-агр. характару. Здабыча бурага вугалю каля Лейпцыга і Гёрліца, паблізу ЦЭС, прадпрыемствы па брыкетаванні вугалю, коксахіміі і хіміі. Развіты машынабудаванне (Дрэздэн, Лейпцыг, Хемніц), металургія і выраб трансп. сродкаў (Гёрліц і інш.), электратэхніка і электроніка (Дрэздэн, Хемніц), тэкст., фарфоравая, паліграф. прам-сць. У Рудных гарах традыц. выраб цацак і муз. інструментаў. У раўнінных і нізінных раёнах, у далінах рэк пераважае вырошчванне пшаніцы, цукр. буракоў, агародніны. У даліне р. Эльба — вінаградарства. У горных раёнах пераважае жывёлагадоўля. Птушкагадоўля. Садоўніцтва. Транспарт чыг., аўтамаб., унутраны водны. Турызм (Рудныя горы, «Саксонская Швейцарыя», Дрэздэн, Лейпцыг і інш.).

Да 1945 частка гіст. вобласці Саксонія. У канцы 2-й сусв. вайны ў крас.—маі 1945 занята амер. (Заходняя С.), у маі — чэрв. 1945 і сав. (акрамя акругі Шварцэнберг) войскамі. Пасля вываду адсюль амер. акупац. войск (13.6—1.7.1945) уся тэр. сучаснай С. перайшла пад кантроль Сав. ваен. адміністрацыі ў Германіі і стала аднайм. зямлёй. З кастр. 1949 у складзе ГДР. У ліп. 1952 падзелена на акругі Хемніц (у 1953—90 наз. Карл-Маркс-Штат), Дрэздэн і Лейпцыг; невял. частка зямлі далучана да акруг Котбус і Гера. З кастр. 1990 новаўтвораная зямля ў складзе аб’яднанай Германіі (ФРГ), у яе ўвайшлі б. акругі ГДР Лейпцыг (б.ч.), Котбус (частка), Хемніц, Дрэздэн. Першая з новых (усх.) зямель ФРГ займела ўласную канстытуцыю.

т. 14, с. 92

САКСО́НІЯ-А́НГАЛЬТ (Sachsen-Anhalt),

зямля (адм. адзінка) на У Германіі. Пл. 20,4 тыс. км². Нас. каля 2,9 млн. чал. (2000). Адм. ц.г. Магдэбург, найб. гарады Гале, Дэсаў, Вітэнберг. Пераважае нізінны і раўнінны рэльеф Паўн.-Германскай нізіны. На ПдЗ горы Гарц (выш. да 1141 м). Клімат умераны, пераходны да кантынентальнага. Т-ры паветра ў студз. каля 0 °C, у ліп. каля 18 °C. Ападкаў 700—800 мм за год. Захаваліся ўчасткі лясоў (хвоя, бук, дуб). Здабыча бурага вугалю, калійных солей, меднай руды, прыроднага газу. Гал. галіны прам-сці: электраэнергетыка (буйныя ЦЭС), хім. (Лейна, Бітэрфельд, Вольфен), машынабудаванне (Магдэбург, Гале), чорная металургія (у гарах Гарц), электратэхніка (Гале) і інш. У сельскай гаспадарцы пераважае вырошчванне збожжа, цукр. буракоў, бульбы, агародніны. Жывёлагадоўля. Птушкагадоўля. Садоўніцтва. Транспарт чыг., аўтамаб., унутраны водны, у т. л. Сярэднегерманскі канал. Турызм (асабліва ў гарах Гарц).

Да 1945 частка гіст. вобласці Саксонія. У канцы 2-й сусв. вайны занята амер. і брыт. (да 1.7.1945), потым сав. акупац. войскамі. У ліп. 1945 паводле рашэння Сав. ваен. адміністрацыі ў Германіі тут утворана прав. Саксонія (з 1946 наз. С.-А.). З кастр. 1949 зямля ў складзе Герм. Дэмакр. Рэспублікі (ГДР). У ліп. 1952 падзелена на акругі Магдэбург і Гале, частка тэр. далучана да акруг Лейпцыг і Котбус. З кастр. 1990 у складзе аб’яднанай Германіі (ФРГ), адна з яе новаўтвораных (усх.) зямель [увайшлі б. акругі ГДР Магдэбург, Гале (б.ч.), Котбус (частка)].

т. 14, с. 93

«САКСО́НСКАЕ ЗЯРЦА́ЛА»,

зборнік сярэдневяковага германскага права. Складзены ў 1221—25 ням. юрыстам Эйке фон Рэпкаў, запіс феад. звычаяў Усх. Саксоніі. Аднак у ім знайшлі адлюстраванне і агульныя для феад. Германіі саслоўныя парадкі, а таксама пачатак развіцця таварна-грашовых адносін. «С.з.» складалася з 2 частак. Першая частка — земскае права (Landrecht), змяшчала асобныя палажэнні аб дзярж. пабудове Германіі (выбары імператара, падзел свецкай і духоўнай улады і г.д.), а таксама нормы цывільнага і крымін. права, суда і працэсу. Другая частка — леннае права (Lehnrecht), прысвечана васальным адносінам паміж феадаламі.

т. 14, с. 93

САКСО́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1073—75,

паўстанне насельніцтва Саксоніі (вобласці саксаў) і Цюрынгіі супраць герм. караля Генрыха IV. У паўстанні ўдзельнічалі сяляне на чале з мясц. знаццю. Выклікана незадаволенасцю захадамі Генрыха IV умацаваць каралеўскі дамен (будаўніцтва крэпасцей з размяшчэннем гарнізонаў; спагнанне аброку з сялян і прымушэнне іх будаваць крэпасці; адбіранне ў знаці зямель для каралеўскага дамена). Напачатку паўстанцы дамагліся поспеху: у жн. 1073 Генрых IV уцёк з абложанага Гарцбурга, крэпасці былі зруйнаваны. Але кароль атрымаў дапамогу ад феадалаў зах. і паўд. Германіі, гараджан Вормса. У вырашальны момант вярхі С.п. заключылі кампрамісны мір з каралём (лют. 1074), пакінутыя імі сяляне былі разбіты. Задушэнне паўстання садзейнічала працэсу паскарэння ўцягвання саксонскага сялянства ў феад. залежнасць.

т. 14, с. 93

САКСО́НСКАЯ ДЫНА́СТЫЯ,

дынастыя германскіх каралёў (у 919—1024) і імператараў «Свяшчэннай Рымскай імперыі» (з 962). Заснавальнік — Генрых I

[919—936; гл. ў арт. Генрых]; яго пераемнікі: Атон I [936—973],

Атон II [983—983], Атон III [983—1002]. Са смерцю апошняга прамая галіна С.д. скончылася, каралём стаў прадстаўнік яе бакавой лініі баварскі герцаг Генрых [кароль Генрых II, 1002—24]. На змену С.д. прыйшла Франконская дынастыя.

Літ.:

Колесницкий Н.Ф. Исследование по истории феодального государства в Германии (IX — первая половина XII в.). М., 1959;

Жадько Е.Г. Сто великих династий. М., 2001.

Г.​В.​Прыбытка.

т. 14, с. 93

САКСО́НСКІ ФАРФО́Р,

гл. Майсенскі фарфор.

т. 14, с. 93

СА́КСЫ (Sachsen),

група стараж.-германскіх плямён, якія аб’ядналіся ў 3—4 ст. у племянны саюз. У раннім сярэдневякоўі займалі тэр. на Пн Германіі — на У ад Рэйна і на З ад Эльбы; у сярэдзіне 5—1-й пал. 6 ст. частка С. перасялілася ў Брытанію (гл. Англасаксонскае заваяванне, Англасаксы). Кантынентальныя С. ў 6—8 ст. падзяліліся на вестфалаў, остфалаў, ангарыяў (энграў) і нордальбінгаў. Сац. лад (асн. крыніца — Саксонская праўда, гл. Варварскія праўды) не зведаў уплыву ант. рабства, захоўваў архаічныя рысы, але характарызаваўся рэзкім расслаеннем на эдэлінгаў (племянная знаць) і фрэлінгаў (ніжэйшы пласт). Каралеўская ўлада адсутнічала. У выніку саксонскіх войнаў (772—804) Карла Вялікага С. заваяваны франкамі і ўключаны ў склад Франкскай дзяржавы. Насуперак супраціўленню С. прымусова насаджаліся феад. адносіны. У 843 вобласць С. адышла да Усх.-Франкскага каралеўства, у канцы 9 ст. тут створана Саксонскае герцагства. С. склалі этнічную аснову т.зв. ніжніх саксонцаў (гл. Ніжняя Саксонія, Саксонія).

т. 14, с. 93