Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГАРШЧО́К,

гліняная пасудзіна для гатавання гарачай стравы, захоўвання вадкіх і сыпкіх рэчываў і інш. Вядомы з эпохі неаліту і з’яўляецца вызначальнай прыкметай гэтай эпохі. У археал. даследаваннях для вызначэння ўстойлівасці традыцый розных груп насельніцтва, часу іх існавання, этнічнай прыналежнасці помніка, спецыфікі культуры, генетычнай сувязі паміж асобнымі культурамі і інш. найважнейшае значэнне маюць форма, тэхналогія вырабу і арнаментацыя гаршчка. Напачатку гаршчок ляпілі, у т. л. з глінянай стужкі, з 10 ст. іх сталі вырабляць на ганчарным крузе, абпальвалі ў ганчарным горне. Рэгіянальныя асаблівасці гаршчка ў іх выкарыстанні, формах, памерах на Беларусі замацаваліся ў мясц. назвах: абеднік, адынец, варэйка, гарлач, гладыш, гляк, збан, злівач, склепнік, слоік, спарыш і інш.

т. 5, с. 74

ГАРШЧЭ́ЎШЧЫНСКІ ВІНАКУ́РНЫ ЗАВО́Д.

Дзейнічаў на Беларусі ў 1887—1914 у маёнтку Гаршчэўшчына Аршанскага пав. (цяпер вёска ў Талачынскім р-не Віцебскай вобл.). З жыта, ячменю і бульбы вырабляў і ачышчаў спірт-сырэц, з якога гатавалася гарэлка. Меў паравую машыну (з 1890), у 1895 — паравы кацёл. У 1910 і 1913 працавала па 55 рабочых. У 1900 і 1910 выпускалася па 61—65 тыс. вёдзер гарэлкі.

т. 5, с. 74

ГА́РШЫН Усевалад Міхайлавіч

(14.2.1855, маёнтак Прыятная Даліна, цяпер Данецкая вобл., Украіна — 5.4.1888),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Горным ін-це ў Пецярбургу. У 1877—78 добраахвотнікам удзельнічаў у рус.-турэцкай вайне. Друкавацца пачаў у 1876. Апавяданні «Чатыры дні», «Баязлівец», «З успамінаў радавога Іванова» перадаюць псіхал. стан чалавека, які спрабуе асэнсаваць вайну. У апавяданнях «Мастакі», «Attalea princes», «Чырвоная кветка» паказаў трагедыю асобы ў тагачасным грамадстве. Завастрэнне трагізму жыццёвых сітуацый спрыяла таму, што многія вобразы яго твораў набылі характар алегорый і вобразаў-сімвалаў. Пісаў таксама вершы, казкі, фантаст. навелы, нарысы, артыкулы пра жывапіс. Цяжкая нерв. хвароба прывяла Гаршына да самагубства. Яго творы на бел. мову перакладалі Ядвігін Ш., М.Лупсякоў, М.Клімковіч.

Тв.:

Соч. М.; Л., 1963: Избранное. М., 1982;

Бел. пер. — Сігнал. Мн., 1946;

Лягушка-падарожніца. Мн., 1954.

Літ.:

Бялый Г.А. В.М.Гаршин. Л., 1969.

т. 5, с. 74

ГАРШЭ́ВА ГАРА́,

вышэйшы пункт Віцебскага ўзвышша і Беларускага Паазер’я. У Лёзненскім р-не Віцебскай вобл., за 15 км на Пн ад г.п. Лёзна, каля в. Гаршэва. Выш. 296 м. Складзена з марэны, перакрыта лёсападобнымі суглінкамі апошняга паазерскага зледзянення. Мае спадзістапукатую форму, выцягнута з ПнУ на ПдЗ. Паўд. і ўсх. схілы спадзістыя (да 5°), паўд. і зах. стромкія (да 20°), эрадзіраваныя. Глебы дзярнова-падзолістыя на лёсападобных суглінках. Большая ч. Гаршэвай гары разарана, на стромкіх участках паласа лесу.

Г.П.Рудава.

т. 5, с. 74

ГАРЫ́

(Gary) Рамэн [другі псеўд. Ажар (Ajar) Эміль; сапр. Касеў (Kassew) Раман; 8.5.1914, Вільня — 2.12.1980], французскі пісьменнік расійскага паходжання. У Францыі жыў з 1927. Атрымаў вышэйшую юрыд. адукацыю. З 1945 на дыпламат. службе. Аўтар раманаў «Еўрапейскае выхаванне» (1945),

«Карані неба» (1956, Ганкураўская прэмія 1956), трылогіі «Амерыканская камедыя» (1966—69), цыкла «Браты Акіян» (1965—68), «Паветраныя змеі» (1980), эсэ «Жыцё і смерць Эміля Ажара» (апубл. ў 1981). Пад імем Э.Ажара апублікаваў раманы «Галубок» (1974), «Жыццё наперадзе» (1975, Ганкураўская прэмія 1975, экранізаваны ў 1978), «Трывога цара Саламона» (1979). Насуперак правілам атрымаў Ганкураўскую прэмію двойчы як два розныя пісьменнікі (містыфікацыя раскрылася толькі пасля яго смерці). Перавагу аддаваў экзістэнцыяльнай праблематыцы. Творы Гары адметрыя глыбокім псіхалагізмам, спалучэннем трагізму і тонкага гумару, канкрэтна-рэальнага і ўмоўнага.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. Рига, 1994.

Е.А.Лявонава.

т. 5, с. 74

ГАРЫБА́ЛЬДЗІ

(Garibaldi) Джузэпе (4.7.1807, г. Ніцца, Францыя — 2.6.1882),

нацыянальны герой Італіі, адзін з гал. дзеячаў Рысарджымента. Генерал (1849). З 14-гадовага ўзросту плаваў на караблі бацькі, потым служыў на флоце Сардзінскага каралеўства (П’емонта). У 1832 пазнаёміўся з Дж.Мадзіні. За ўдзел у падрыхтоўцы паўстання мадзіністаў у Генуі завочна прыгавораны да пакарання смерцю (1834). Эмігрыраваў у Паўд. Амерыку. У Браз. імперыі ўдзельнічаў у барацьбе рэспубліканцаў з манархістамі (узначальваў флатылію паўстанцаў рэспублікі Рыу-Гранды), у т.зв. Вялікай вайне 1839—52 Аргенціны супраць незалежнага Уругвая ў складзе уругвайскіх войск камандаваў італьян. легіёнамі. Вярнуўся ў пач. Рэвалюцыі 1848—49 у Італіі. На чале атрадаў валанцёраў удзельнічаў у аўстра-італьян. вайне 1848—49. Ініцыятар стварэння Рымскай рэспублікі 1849. Пасля яе падзення, не здолеўшы прабіцца на дапамогу Венецыі, з вял. стратамі дасягнуў П’емонта, адкуль высланы ўладамі. З 1849 жыў у Амерыцы. У 1854 вярнуўся ў Італію. У час Аўстра-італа-франц. вайны 1859 камандаваў добраахвотніцкім корпусам альпійскіх егераў. У час Рэвалюцыі 1859—60 у Італіі ўзначальваў паход «Тысячы». На чале корпуса добраахвотнікаў удзельнічаў у аўстра-італьян вайне 1866. У 1862 і 1867 намагаўся ўзбр. шляхам вызваліць Рым ад панавання папы. Па просьбе часовага рэв. ўрада Францыі ўзначаліў Вагезскую армію ў франка-прускую вайну 1870—71. Пасля 1871 жыў на в-ве Капрэра, дзе і памёр Яго імем наз. батальён італьян. інтэрнацыяналістаў, які ўдзельнічаў у Іспанскай рэвалюцыі 1931—39 (гл. Гарыбальдзі батальён), і італьян. партыз. атрады ў 2-ю сусв. вайну (гл. Гарыбальдзійскія брыгады).

Тв.:

Рус. пер. — Мемуары. М., 1966.

У.Я.Калаткоў.

т. 5, с. 75

ГАРЫБАЛЬДЗІ́ЙСКІЯ БРЫГА́ДЫ,

італьянскія партыз. атрады руху Супраціўлення ў 1943—45 у 2-ю сусв. вайну. Названы ў гонар Дж.Гарыбальдзі. Пачалі стварацца ў ліст. 1943; па стане на крас. 1945 дзейнічала 575 атрадаў. Значную ч. іх байцоў складалі камуністы. Галоўнакамандуючы — Л.Лонга. Летам і восенню 1944 Гарыбальдзійскія брыгады (каля палавіны партыз. узбр. сіл) узначальвалі наступленне партыз. арміі ў Цэнтр. і Паўн. Італіі.

т. 5, с. 75

ГАРЫБА́ЛЬДЗІ БАТАЛЬЁН

(батальён «Джузэпе Гарыбальдзі»),

падраздзяленне 12-й інтэрнац. брыгады, якое ваявала на баку ісп. рэспубліканцаў у час Іспанскай рэвалюцыі 1931—39. Сфарміраваны ў кастр. 1936 з 520 італьян. добраахвотнікаў. Удзельнічаў у абароне Мадрыда, баях на р. Харама і каля г. Гвадалахара. У крас. 1937 перафарміраваны ў Інтэрнац. брыгаду імя Гарыбальдзі.

т. 5, с. 75

ГАРЫ́ГА

(франц. garique, garrigue, праванс. garriga),

зараснікі нізкарослых, пераважна вечназялёных дрэў і кустоў (кермесавы дуб, карлікавая пальма, дрок, размарын, фісташка і інш.). Пашырана ва ўмовах субтрапічнага міжземнаморскага клімату, асабліва ў раёнах Зах. Міжземнамор’я. Фарміруецца на сухіх камяністых схілах ніжняга пояса гор, звычайна на месцы зведзеных цвердалістых лясоў, дзе часам ператвараецца ў фрыгану. Ад маквісу адрозніваецца меншай вышынёй (2—3 м) і большай разрэджанасцю.

т. 5, с. 75

ГАРЫЗАНТА́ЛІ,

ізагіпсы, лініі (ізалініі) на картах, якія злучаюць аднолькавыя абсалютныя вышыні рэльефу Зямлі, Месяца і інш. планет. З’яўляюцца асн. спосабам адлюстравання рэльефу на тапагр., агульнагеагр., фіз. і гіпсаметрычных картах. Уяўляюць сабой праекцыі сячэння рэльефу ўзроўневымі паверхнямі, праведзенымі праз зададзены для карты інтэрвал (асноўныя гарызанталі), які наз. вышынёй сячэння рэльефу. Для больш падрабязнага адлюстравання паверхні гарызанталі наносяць праз палавіну (або чвэрць) асн. сячэння (дадатковыя гарызанталі). На Зямлі гарызанталі праводзяцца звычайна адносна ўзроўню Сусветнага ак. (на Беларусі ад узроўню Балтыйскага м. па футштоку ў Кранштаце). Выкарыстоўваюцца для вызначэння абс. і адносных вышынь, стромкасці схілаў, расчлянення і інш. марфалагічных характарыстык рэльефу.

А.В.Саломка.

т. 5, с. 75