Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГАЛЬША́НКА,

адна з назваў рэчкі Альшанка.

т. 5, с. 5

ГАЛЬША́НСКАЕ КНЯ́СТВА,

феадальная вотчына князёў Гальшанскіх у канцы 13 — сярэдзіне 16 ст. Цэнтр — Гальшаны. Займала першапачаткова тэр. міжрэчча Віліі і Нёмана, у 15 ст. распасціралася з Пн на Пд ад Вількаміра (цяпер г. Укмерге, Літва) і Паставаў да Глуска і Турава, з У на З ад Мінска да Мастоў. Упершыню ўпамінаецца ў крыніцах каля 1280, калі Гольша «замак сталічны княства свайго заснаваў на рэчцы Карабель». Князі Гальшанскія доўгі час займалі высокія пасады ў ВКЛ, у 1440 і 1492 у Гальшанах адбыліся нарады для выбараў кандыдатаў на велікакняжацкі прастол. У сярэдзіне 16 ст. большасць радавых уладанняў Гальшанскіх перайшла да Сапегаў.

Э.С.Корзун.

т. 5, с. 5

ГАЛЬША́НСКІЯ,

старажытны княжацкі род герба «Кітаўрас» («Гіпацэнтаўр») у ВКЛ. Магчыма, паходзілі ад кагосьці з родзічаў вял. князя ВКЛ Трайдзеня [1270—82], пазбаўленых улады дынастыяй Гедзімінавічаў. Радавым гняздом Гальшанскіх быў Гальшанскі палац недалёка ад Ашмян. Валодалі таксама Глускам і Парэччам на р. Пціч, Раманавам у Аршанскім пав., Станькавам, Жыцінам, Сутокамі, Заазер’ем у Менскім пав., Воўпай у Гарадзенскім пав., Хожавам, Лебедзевам, Далькевічамі, Дунілавічамі ў Ашмянскім пав., Свіранамі, Шашоламі, Кроштамі ў Літве, Сцяпанню, Дубровіцай на Украіне і інш. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:

Іван (упамінаецца ў 1379—1401), сын Альгімонта, першы вядомы прадстаўнік роду. Актыўны прыхільнік Вітаўта ў час яго барацьбы за велікакняжацкую ўладу, уваходзіў у гаспадарскую раду. З 1396 намеснік у Кіеве. Меў сыноў Андрэя Вязынскага, Сямёна Лютага, Аляксандра Нялюба, Міхаіла і дачку Ульяну (1378—1448), якая другім шлюбам з 1418 была жонкай вял. кн. Вітаўта Андрэй Вязынскі (каля 1365—каля 1410). Меў 3 дачок, з якіх сярэдняя Соф’я была польск. каралевай. Сямён Люты (?—1433), удзельнік барацьбы паміж Жыгімонтам Кейстутавічам і Свідрыгайлам за вял. княжанне. Намеснік Вітаўта ў Вял. Ноўгарадзе (каля 1420), у 1432 удзельнічаў у змове супраць Свідрыгайлы на карысць Жыгімонта. Верагодна, у жн. 1433 трапіў у палон да Свідрыгайлы і пакараны смерцю. Міхаіл (?—1433), намеснік кіеўскі ў 1422. На чале войска Свідрыгайлы ў чэрв. 1433 разграміў войскі Жыгімонта Кейстутавіча, аднак пасля перайшоў на яго бок. Верагодна, быў пакараны смерцю Свідрыгайлам. Соф’я (1405?—21.9.1461) у 1422 выйшла замуж за польскага караля Уладзіслава II (Ягайлу), нарадзіла сыноў Уладзіслава і Казіміра, заснавальніца дынастыі Ягелонаў. Юрый (каля 1410—каля 1457), сын Сямёна Лютага. Адзін з арганізатараў выбрання вял. князем Казіміра IV Ягелончыка ў 1440, аднак у 1456 далучыўся да апазіцыі, якая хацела абраць вял. князем Сямёна Алелькавіча. Аляксандр (каля 1440—1511), сын Юрыя, крайчы ВКЛ да 1488, падчашы з 1488, кашталян віленскі з 1493, намеснік гродзенскі ў 1486—1505, староста берасцейскі з 1506. Сямён (каля 1445—1505), сын Юрыя, староста луцкі з 1490, маршалак валынскі з 1494, часовы спраўца пасад найвышэйшага гетмана ВКЛ і ваяводы новагародскага (1500—01). Юрый (каля 1480—1536), сын Івана Дубровіцкага, ваявода кіеўскі ў 1508—10. Павел (каля 1490—1555), сын Аляксандра. У 1504 вучыўся ў Кракаўскім ун-це, пазней у Рыме. Пасля вяртання ў ВКЛ стаў прэлатам-архідыяканам касцёла св. Станіслава ў Вільні. Выхавацель будучага вял. князя Жыгімонта Аўгуста. З 1530 біскуп луцкі, з 1536 — віленскі. Адыгрываў значную ролю ў дзярж. і грамадскім жыцці ВКЛ, актыўна супрацьдзейнічаў Рэфармацыі. Януш Дубровіцкі (каля 1505—1549), сын Юрыя, дзяржаўца горвальскі з 1531, стольнік ВКЛ з 1540, ваявода кіеўскі з 1542 і трокскі з 1544, адначасова дзяржаўца магілёўскі з 1547. Сямён (каля 1515—1556), апошні мужчынскі прадстаўнік роду Гальшанскіх. Пасля яго смерці вялізныя вотчыны роду былі падзелены паміж 6 яго сёстрамі.

В.Л.Насевіч.

т. 5, с. 6

ГАЛЬША́НСКІ ЗА́МАК,

гл ў арт. Гальшанскі палац.

т. 5, с. 5

ГАЛЬША́НСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ФРАНЦЫСКА́НЦАЎ,

помнік архітэктуры 16—18 ст. Пабудаваны ў в. Гальшаны (Ашмянскі р-н Гродзенскай вобл.). Будынак касцёла ўзведзены ў пач. 16 ст., перабудаваны ў сярэдзіне 16 ст. пад кальвінскі збор. У 1618 на сродкі П.Сапегі касцёл перабудаваны ў стылі барока, узведзены жылы корпус кляштара. У пач. 1770-х г. будынак касцёла часткова разабраны, яго фундамент і сцены выкарыстаны для пабудовы новага, які захаваўся да нашага часу. Будынак прамавугольны ў плане, яго гал. фасад і апсіда маюць рысы барока: фігурны франтон, распрацоўка пілястрамі, валюты. Эмацыянальны акцэнт інтэр’ера касцёла — жывапіс на сцяне 3-яруснага гал. алтара (выкананы ў 1790-я г.). У адной з капліц (3-ярусная кампазіцыя ў стылі рэнесансу) знаходзілася надмагілле Сапегі і яго жонак (цяпер захоўваецца ў Музеі старажытнабеларускай культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі). Да касцёла з паўд.-зах. боку прымыкае П-падобны ў плане 2-павярховы жылы корпус (часткова разбураны ў 1832). У 1810-я г. перад касцёлам пастаўлена мураваная брама-званіца ў стылі класіцызму.

В.Р.Кукуня.

т. 5, с. 5

ГАЛЬШАНСКІ ПАЛА́Ц,

Гальшанскі замак, помнік палацава-паркавай архітэктуры. Пабудаваны ў в. Гальшаны (Ашмянскі р-н Гродзенскай вобл.) П.Сапегам на мяжы 16—17 ст. Асн. абарончую функцыю выконвалі земляныя валы і бастыёны з сістэмай абваднення. Палац — мураваны прамавугольны ў плане 3-павярховы будынак з вял. квадратным унутр. дваром. Вуглы палаца былі фланкіраваны 6-граннымі вежамі. У паўн.-ўсх. крыле знаходзіцца ўязная брама, якая ў 17 — 1-й пал. 18 ст. завяршалася гранёнай вежай. Насупраць брамы размяшчалася 1-нефавая капліца, убудаваная ў паўд.-зах. крыло палаца. Па ўсім перыметры будынка прамавугольныя і арачныя вокны. Сцены мелі фігурную муроўку, упрыгожаную лепкай. На ўзроўні 2-га паверха паўн.-зах. крыла з боку двара праходзіла адкрытая галерэя. Інтэр’еры палаца былі багата аздоблены. Перабудоўваўся ў 18—20 ст. Збярогся часткова.

т. 5, с. 6

ГАЛЬША́НС КАЯ КА́ФЛЯ,

вырабы 15—19 ст., знойдзеныя пры археал. раскопках на тэр. Гальшанскага палаца і ў цэнтры в. Гальшаны (Ашмянскі р-н Гродзенскай вобл.). Да 15 ст. адносяцца т.зв. гаршковыя кафлі з квадратным вусцем. Кафлі 16 ст. маюць шырокае круглае вусце. У 2-й пал. 16 ст. выраблялі кафлі з аздобленай вонкавай пласцінай і каробкападобнай румпай. Кафлі 17 ст. дэкарыраваны геральдычным (звязаным з родам Сапегаў), расл. і геам. арнаментам, пакрыты глазурай (глухой белай, карычневай, жоўтай або празрыстай зялёнай). Вырабы 16—17 ст. маюць рамку па краі вонкавай пласціны. Кафлі 18 ст. ўласцівы спрошчаны малюнак, адсутнасць рамкі. Вырабы 19 ст. пакрываліся зялёнай і белай палівай.

І.М.Чарняўскі, А.К.Краўцэвіч.

т. 5, с. 5

ГАЛЬША́НЫ,

вёска ў Ашмянскім р-не Гродзенскай вобл., на левым беразе р. Гальшанка. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на Пд ад г. Ашмяны, 198 км ад г. Гродна, 12 км ад чыг. ст. Багданаў. 1260 ж., 495 двароў (1996).

Вядомы з 13 ст. Паводле Хронікі Быхаўца, Гольша заклаў горад на р. Карабель, пачаў там княжыць і назваўся кн. Гальшанскім. У 14—15 ст. Гальшаны — цэнтр Гальшанскага княства. У канцы 14 — пач. 15 ст. горад, цэнтр гандлю і рамёстваў. Да сярэдзіны 16 ст. належалі Гальшанскім, потым Сапегам. У канцы 16 — пач. 17 ст. пабудаваны Гальшанскі палац, у 17—18 ст.Гальшанскі касцёл і кляштар францысканцаў. З 1795 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Ашмянскага пав. У 19 ст. мястэчка, праводзіліся кірмашы. У 1897 — 2883 ж. У 1922—39 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Ашмянскага р-на. У 1970 — 1745 жыхароў.

У вёсцы сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

т. 5, с. 6

ГАЛЬШТА́ЦКАЯ КУЛЬТУ́РА,

культура ілірыйскіх і кельцкіх плямён, што ў раннім жалезным веку (8—5 ст. да н.э.) жылі на Пд Сярэдняй Еўропы. Насельніцтва займалася земляробствам, здабывала медную руду, соль, вырабляла бронзавыя, пазней жал. рэчы; жыло ў драўляных жытлах слупавой канструкцыі, паўзямлянках і пабудовах на палях. Пахавальны абрад — трупапалажэнне, на пазнейшым этапе ў драўлянай грабніцы пад курганом. Грамадскія адносіны характарызаваліся распадам роду і пераходам да класавага грамадства. Рэчы гальштацкага тыпу (жал. наканечнікі коп’яў, шкляныя пацеркі, бронзавыя шпількі, кельты і інш.) знойдзены на тэр. Гомельскай вобл. на помніках мілаградскай культуры.

т. 5, с. 6

ГА́ЛЬШТУЧНІК,

зуёк вялікі (Charadrius hiaticula), птушка сям. сяўцовых атр. сеўцападобных. Пашыраны ў тундрах Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Трапляецца на вял. спустошаных лугах-пашах, прыбярэжных косах і водмелях. На Беларусі рэдкі від, адзначаны на пралётах і зрэдку летам на пясчаных берагах, косах і водмелях Дняпра, Сажа. Прыпяці і інш. рэк; занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. цела да 22,5 см, маса 55—75 г. Патыліца. спіна і надхвосце буравата-шэрыя, грудзі, брушка, сярэдзіна лба і падхвосце белыя. На валляку чорная папярочная паласа — «гальштук» (адсюль назва). Аснова дзюбы і ногі аранжава-жоўтыя, канец дзюбы чорны. Корміцца чарвямі, малюскамі і інш. беспазваночнымі. Гняздуецца на пясчаных і галечнікавых водмелях, выдмах. Нясе 3—5 яец.

т. 5, с. 7