Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТРАЕ́ЦКІЯ ПЕ́СНІ, сёмушныя песні,

песні веснавога цыкла каляндарна-абрадавай паэзіі, што спяваліся на Сёмуху (Тройцу), для якой характэрны культ расліннасці. Вядомы слав. народам, у т. л. беларусам. Вылучаюцца песні, цесна звязаныя з абрадавымі дзеяннямі і т.зв. прымеркаваныя (сувязі якіх з абрадамі цяжка вызначыць). Сярод абрадавых вылучаюцца некалькі груп песень: з матывамі ўслаўлення зеляніны (часцей бярозы); пры завіванні вянкоў; кумлення; любоўнай тэматыкі (пра каханне, выбар пары, замужжа, любоўную варажбу). У многіх Т.п. вобразы раслін, дрэў персаніфікаваныя. Асабліва распаўсюджаны ў абрадах і песнях персаніфікаваны вобраз бярозы. Яна была важным абрадавым атрыбутам (да яе ішлі ў лес, галінкі неслі ў хату), у песнях яна адыгрывала ролю распараджальніцы свята, пад бярозай праходзіў абрад кумлення, з яе галінак плялі вянкі «на годы добрыя, на жыта густое, на ячмень каласісты», па вянках дзяўчаты варажылі пра свой лёс і г.д. Паступова траецкія святы ператварыліся ў маляўнічую гульню моладзі, а самі песні страцілі строгую прымеркаванасць да абраду. У наш час бытуюць у асн. на Палессі. Лакальная разнавіднасць Т.п. — куставыя песні.

Публ.:

Веснавыя песні. Мн., 1979.

Літ.:

Соколова В.К. Весенне-летние календарные обряды русских. украинцев и белорусов, XIX — начало ХХ в. М., 1979;

Барташэвіч Г.А. Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя. Мн., 1985.

Г.​А.​Барташэвіч.

т. 15, с. 498

ТРАІ́СТАЯ ЗГО́ДА,

гл. Антанта.

т. 15, с. 498

ТРАІ́СТАЯ МУ́ЗЫКА,

традыцыйны нар. ансамбль з разнастайным складам муз. інструментаў, у аснове якога прынцып спалучэння трох муз. функцый: меладычнай (мелодыя), структурна-гарманічнай, ударна-метрычнай. Бел. нар. назвы «капэла», «настаяшчая музыка» (Паазер’е), «кампанія», «вясёлыя». Гістарычна ў складзе ансамбляў 2 скрыпкі, басэтля; скрыпка, гармонік, бубен або 2 скрыпкі, цымбалы, бубен; а таксама разнастайныя варыянты з іх. У пач. 20 ст. склад ансамбля дапоўніўся гармонікам, кларнетам, трубой, пазней баянам і акардэонам, якія неслі лакальныя традыцыі пэўнага рэгіёна. У рэпертуары звычайна нар. песні, танцы, маршы (на вяселлях, вечарынках і інш. урачыстасцях) і інш. Пашыраны таксама на Украіне, у Польшчы.

Літ.:

Скорабагатчанка А.В. Народная інструментальная культура Беларускага Паазер’я. Мн., 1997;

Яе ж. Інструментазнаўства. Мазыр, 2000.

А.​В.​Скорабагатчанка.

т. 15, с. 498

ТРАІ́СТЫ САЮ́З 1882 (ням. Dreibund),

ваенна-паліт. блок Германіі, Аўстра-Венгрыі і Італіі, які існаваў да 1 -й сусв. вайны. Склаўся на аснове аўстра-германскага дагавора 1879. Аформлены сакрэтным пагадненнем аб абароне (падпісаны 20.5.1882 у Вене на 5 гадоў) паміж Аўстра-Венгрыяй, Герм. імперыяй і Італіяй. Прадугледжваў узаемную ваен. падтрымку бакоў у выпадку магчымага нападу на адзін з іх Францыі ці Расіі, абавязацельствы не ўдзельнічаць у саюзах, скіраваных супраць аднаго з удзельнікаў дагавора, і інш. Быў важным элементам у сістэме знешнепаліт. саюзаў О. фон Бісмарка. У 1887 і 1891 дагавор прадоўжаны і дапоўнены палажэннямі на карысць Італіі. У процівагу яму ў 1904—07 утварылася Антанта. Т.с. часткова страціў значэнне пасля заключэння ў 1902 італа-франц. дагавора аб нейтралітэце, канчаткова ён распаўся на пач. 1-й сусв. вайны, калі Італія абвясціла свой нейтралітэт (1914), а потым уступіла ў вайну на баку Антанты (1915).

т. 15, с. 498

ТРАЙБАЛІ́ЗМ, трыбалізм (англ. tribalism ад tribe племя),

вызначэнне з’явы ў паліт. жыцці многіх афр. краін, дзе ў грамадстве захаваліся моцныя родаплемянныя сувязі. Выяўляецца ў спрыянні супляменнікам у заняцці пасад у дзярж. апараце і спалучэнні паліт. і міжплемянной барацьбы. З’яўляецца гал. прычынай паліт. нестабільнасці і грамадз. войнаў у краінах Афрыкі.

т. 15, с. 498

ТРАЙДЗЕ́НЬ, Трайдзен (?—1282?),

вялікі князь ВКЛ [каля 1270—82]. Уладу атрымаў пасля смерці галіцка-валынскага кн. Шварна, які дзякуючы шлюбу з дачкой Міндоўга некалькі гадоў быў вял. князем ВКЛ. Прыход да ўлады Т. стаў прычынай разрыву сувязі Літвы з Галіцка-Валынскім княствам і, верагодна, суправаджаўся рэпрэсіямі супраць хрысціянства. Тым не менш пад уладай Т., апрача этнічна літоўскіх зямель, засталіся землі і гарады Бел. Панямоння. Гал. рэзідэнцыяй Т. стаў замак Кернава. Пры ім да ВКЛ канчаткова далучаны прылеглыя землі яцвягаў, земгалаў і селаў, аднавіліся далёкія набегі на эстонскія ўладанні крыжакоў (в-аў Саарэмаа і інш.) і на Польшчу. Каля 1274 Т. спрабаваў захапіць ў галіцка-валынскага кн. Льва Данілавіча падляшскі г. Драгічын. Т. супрацьдзейнічаў спробам экспансіі галіцка-валынскіх князёў у Панямонне і ваенным паходам татар на Літву (каля 1275 і ў 1277). Даваў прытулак уцекачам з Прусіі, дзе ў 1276 было задушана антыкрыжацкае паўстанне, рассяляў іх у ваколіцах Гародна і Слоніма. У 1279 нанёс паражэнне войскам Лівонскага ордэна пад Ашэрадам у Курляндыі. У 1281 Т. дамогся пераходу

пад кантроль ВКЛ новапабудаванага замка крыжакоў у Дынабургу (Даўгаўпілс). Дзякуючы шлюбу дачкі Т. Гаўдэмунды з князем Мазовіі Баляславам Плоцкім значна пашырыўся знешнепаліт. ўплыў ВКЛ.

В.​Л.​Насевіч.

т. 15, с. 498

ТРА́ЙКАЎСКІ Борыс (н. 25.6.1956, г. Струміца, Македонія),

македонскі паліт. і дзярж. дзеяч. Юрыст. Скончыў ун-т у г. Скоп’е. Працаваў юрысконсультам. З 1992 саветнік па знешнепаліт. справах лідэра руху за незалежнасць Македоніі Л.​Георгіеўскага, кіраўнік камісіі па знешняй палітыцы Усемакед. рэв. арг-цыі — Дэмакр. партыі макед. нац. адзінства (да 1998), адказны за размеркаванне міжнар. гуманіт. дапамогі сярод албанскіх бежанцаў з Косава, саветнік мэра г. Скоп’е (з 1997), нам. міністра замежных спраў Македоніі. Са снеж. 1999 прэзідэнт Македоніі. Праводзіць курс на інтэграцыю краіны ў Еўрап. Саюз і НАТО.

М.​С.​Даўгяла.

т. 15, с. 499

ТРАЙНА́Я РЫ́ФМА,

рыфма, якая спалучае тры суседнія вершаваныя радкі. Звычайна ўжываецца ў трохрадкоўях, зрэдку ў астрафічным вершы:

Я сасню цябе, я сасню
Арыкаў сінюю глыбіню,
Бавоўны белую гарачыню,
Прахалоду блакітных гор,
Рэха дальняе наўздагон,
Радзіму бацькі майго...
(В.​Іпатава. «Кіргізія»)

В.​П.​Рагойша.

т. 15, с. 499

ТРАЙНЫ́ ПУНКТ у аднакампанентнай сістэме,

пункт на дыяграме стану рэчыва, што адпавядае т-ры і ціску, пры якіх у раўнавазе знаходзяцца 3 фазы (звычайна крышт., вадкая і газападобная).

У Т.п. сыходзяцца лініі двухфазных раўнаваг: лінія выпарэння (раўнавага вадкасць — пара), лінія сублімацыі (раўнавага крышталь — пара), лінія плаўлення (раўнавага крышталь — вадкасць) і раздзеленыя гэтымі лініямі фазавыя палі, што адпавядаюць крышталям, вадкасці і пары. Т.п. нанварыянтны, г.зн., што не дапускаецца змяненне ніводнага з параметраў стану. Пры наяўнасці полімарфізму на дыяграме стану з’яўляюцца дадатковыя Т.п., што адпавядаюць раўнавазе 2 цвёрдых фаз з парай або вадкасцю (напр., у серы). Выкарыстоўваюць Т.п. ў тэрмаметрыі для градуіроўкі прыбораў; Т.п. вады (т-ра 273,16 К, ціск 611 Па) — асн. рэперны пункт абс. тэрмадынамічнай тэмпературнай шкалы.

т. 15, с. 499

ТРА́ЙЧКЕ, Трэйчке (Treitschke) Генрых фон (15.9.1834, г. Дрэздэн, Германія — 28.4.1896), нямецкі гісторык і публіцыст; прадстаўнік малагерманскай (пруска-германскай) гістарыяграфічнай школы. Чл. Германскай АН у Берліне (1895). Выкладаў у Фрайбургскім (з 1863), Кільскім (з 1866), Гайдэльбергскім (з 1867), Берлінскім (з 1874) ун-тах. У 1866—89 рэдактар час. «Preussische Jahrbücher» («Прускія штогоднікі»). У 1871—84 дэп. рэйхстага Герм. імперыі. З 1886 (пасля смерці Л. фон Ранке) афіц. гістарыёграф прускай дзяржавы. У сваёй паліт. і навук.-публіцыстычнай дзейнасці зыходзіў з антысеміцкіх, антысацыяліст., англафобскіх пазіцый. Яго ідэал — моцная манархічная дзяржава, здольная змагацца за сусв. гегемонію (на думку Т., гэта манархія Гогенцолернаў). Аўтар прац «Нямецкая гісторыя ў XIX ст.» (т. 1—5, 1879—94), «Палітыка» (т. 1—2, 1897—98) і інш.

т. 15, с. 499