ТРАЙДЗЕ́НЬ, Трайдзен (?—1282?),

вялікі князь ВКЛ [каля 1270—82]. Уладу атрымаў пасля смерці галіцка-валынскага кн. Шварна, які дзякуючы шлюбу з дачкой Міндоўга некалькі гадоў быў вял. князем ВКЛ. Прыход да ўлады Т. стаў прычынай разрыву сувязі Літвы з Галіцка-Валынскім княствам і, верагодна, суправаджаўся рэпрэсіямі супраць хрысціянства. Тым не менш пад уладай Т., апрача этнічна літоўскіх зямель, засталіся землі і гарады Бел. Панямоння. Гал. рэзідэнцыяй Т. стаў замак Кернава. Пры ім да ВКЛ канчаткова далучаны прылеглыя землі яцвягаў, земгалаў і селаў, аднавіліся далёкія набегі на эстонскія ўладанні крыжакоў (в-аў Саарэмаа і інш.) і на Польшчу. Каля 1274 Т. спрабаваў захапіць ў галіцка-валынскага кн. Льва Данілавіча падляшскі г. Драгічын. Т. супрацьдзейнічаў спробам экспансіі галіцка-валынскіх князёў у Панямонне і ваенным паходам татар на Літву (каля 1275 і ў 1277). Даваў прытулак уцекачам з Прусіі, дзе ў 1276 было задушана антыкрыжацкае паўстанне, рассяляў іх у ваколіцах Гародна і Слоніма. У 1279 нанёс паражэнне войскам Лівонскага ордэна пад Ашэрадам у Курляндыі. У 1281 Т. дамогся пераходу

пад кантроль ВКЛ новапабудаванага замка крыжакоў у Дынабургу (Даўгаўпілс). Дзякуючы шлюбу дачкі Т. Гаўдэмунды з князем Мазовіі Баляславам Плоцкім значна пашырыўся знешнепаліт. ўплыў ВКЛ.

В.​Л.​Насевіч.

т. 15, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)