ТРА́ЙЧКЕ, Трэйчке (Treitschke) Генрых фон (15.9.1834, г. Дрэздэн, Германія — 28.4.1896), нямецкі гісторык і публіцыст; прадстаўнік малагерманскай (пруска-германскай) гістарыяграфічнай школы. Чл. Германскай АН у Берліне (1895). Выкладаў у Фрайбургскім (з 1863), Кільскім (з 1866), Гайдэльбергскім (з 1867), Берлінскім (з 1874) ун-тах. У 1866—89 рэдактар час. «Preussische Jahrbücher» («Прускія штогоднікі»). У 1871—84 дэп. рэйхстага Герм. імперыі. З 1886 (пасля смерці Л. фон Ранке) афіц. гістарыёграф прускай дзяржавы. У сваёй паліт. і навук.-публіцыстычнай дзейнасці зыходзіў з антысеміцкіх, антысацыяліст., англафобскіх пазіцый. Яго ідэал — моцная манархічная дзяржава, здольная змагацца за сусв. гегемонію (на думку Т., гэта манархія Гогенцолернаў). Аўтар прац «Нямецкая гісторыя ў XIX ст.» (т. 1—5, 1879—94), «Палітыка» (т. 1—2, 1897—98) і інш.

т. 15, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)