Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

САХУ́ТА (Яўген Міхайлавіч) (н. 15.2.1945, в. Вечатарова Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. мастацтвазнавец. Д-р мастацтвазнаўства (1996). Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1972). З 1975 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі, адначасова ў 1985—91 гал. рэдактар час. «Мастацтва Беларусі». Даследуе тэорыю, гісторыю і сучасны стан бел. нар. дэкар.-прыкладнога мастацтва і нар. маст. промыслаў. Адзін з аўтараў кн. «Грамадскі, сямейны побыт і духоўная культура насельніцтва Палесся» (1987), «Гісторыя беларускага мастацтва» (т. 1—6, 1987—94, Дзярж. прэмія Беларусі 1996), «Беларусы» (т. 1 Прамысловыя і рамесныя заняткі, 1995), «Беларусы» (1998). Аўтар-складальнік альбома «Вечназялёнае дрэва рамёстваў» (1997). З 1992 старшыня Бел. саюза майстроў нар. творчасці.

Тв.:

Народная разьба па дрэву. Мн., 1978;

Беларускае народнае мастацтва: [Альбом]. Мн., 1980;

Народное искусство и художественные промыслы Белоруссии. Мн., 1982;

Фарбы роднай зямлі. Мн., 1985;

Беларуская народная кераміка. Мн., 1987;

Художественные ремесла и промыслы Белоруссии. Мн., 1988 (разам з В.​А.​Говарам);

Беларускае народнае мастацкае кавальства. Мн., 1990;

Беларускае народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Мн., 1996;

Народныя мастацкія рамёствы Беларусі. Мн., 1996 (у сааўт.);

Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997.

Я.М.Сахута.

т. 14, с. 208

САХ’ЯДРЫ́,

горы на паўвостраве Індастан, гл. Заходнія Гаты.

т. 14, с. 208

САХ’Я́НАВА (Ларыса Пятроўна) (н. 13.2.1930, с.Кырэн, Бурація),

расійская артыстка балета, балетмайстар. Нар. арт. СССР (1963). Скончыла Маскоўскае харэагр. вучылішча (1951). З 1946 салістка Бурацкага т-ра оперы і балета, з 1962 адначасова маст. кіраўнік Бурацкага харэагр. вучылішча. Выканальніца вядучых партый у нац. балетах: Алтан («Святло над далінай» С.​Раўзава), Сэсэг («У імя кахання» Ж.​Батуева і Б.​Майзеля), Ангара («Прыгажуня Ангара. Л.​Кніпера і Б.​Ямпілава), Каця («Апошні баль» Ю.​Бірукова); з клас. рэпертуару: Гюльнара, Жызэль («Карсар», «Жызэль» А.​Адана), Адэта—Адылія, Аўрора («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Раймонда («Раймонда» А.​Глазунова), Нікія, Кітры («Баядэрка», «Дон Кіхот» Л.​Мінкуса) і інш. Дзярж. прэмія Расіі імя М.​Глінкі 1972.

Літ.:

Ильин С. Судьба балерины // Байкал. 1969. №1.

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 14, с. 208