САЛАДЗІ́ЛЬНЯ, саладоўня,
старадаўняе гаспадарчае збудаванне, дзе прарошчвалі і сушылі зерне на солад; тып сушні. Вядома ў матэрыяльнай культуры многіх слав. народаў. На Беларусі ў 16—19 ст. будавалі (пераважна пры броварах ці асобна) драўляныя пабудовы, накрытыя драніцамі ці саломай, з маленькімі вокнамі. Складалася з 2 памяшканняў: у адным ставілі рошчыну, у другім была сушня з курнай печчу. С. былі ў многіх маёнтках і сядзібах. Часам іх выкарыстоўвалі як сушні.
Ю.А.Якімовіч.
т. 14, с. 97
САЛАДКО́Ў (Аляксандр Пятровіч) (н. 5.10.1960, г. Віцебск),
бел вучоны ў галіне фізіялогіі. Д-р мед. н. (1998). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1984), працуе ў ім (з 1999 заг. лабараторыі). Навук. працы па фізіялогіі і паталогіі мясц. механізмаў рэгуляцыі сасудзістага тонусу, прафілактыцы стрэсарных змен нармальных і пашкоджаных сасудаў і сэрца.
Тв.:
К механизму влияния малых доз тиреоидных гормонов на стрессорные изменения тонуса сосудов крыс (разам з А.П.Бажко) // Физиол. журн. 1995. Т. 81, № 12;
К механизму стрессорного угнетения сократительной функции и реактивности гладкой мышцы аорты (з ім жа) // Там жа. 1996. Т. 82, № 7.
т. 14, с. 97
САЛАДКО́Ў (Іосіф Іванавіч) (12.7.1906, в. Падбелле Магілёўскага р-на — 18.10.1996),
бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1959), праф. (1962). Скончыў Камуніст. ін-т журналістыкі ў Мінску (1933), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК ВКП(б) (1950). З 1927 на камсамольскай рабоце. У 1938—41 выкладчык Мінскага мед. ін-та. З 1946 рэдактар час. «Бальшавік Беларусі». У 1950—63 выкладчык, заг. кафедры БДУ, у Ін-це гісторыі АН БССР. Рэктар Петразаводскага ун-та (1956—57). З 1964 на выкладчыцкай рабоце ў Бел. політэхн. ін-це. Аўтар прац па гісторыі Кастр. рэвалюцыі і ўстанаўлення Сав. улады на Беларусі.
Тв.:
Социально-экономическое положение Белоруссии до Великой Октябрьской социалистической революции (конец XIX — начало XX в.). Мн., 1957;
Большевики Белоруссии в период подготовки и проведения Великой Октябрьской социалистической революции (март 1917—февраль 1918). Мн., 1957.
т. 14, с. 97
САЛАДКО́Ў (Цімафей Ерафеевіч) (21.2.1915, в. Шчэжар Магілёўскага р-на — 23.11.1995),
бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1965), праф. (1966). Скончыў Смаленскі пед. ін-т (1950). З 1946 на парт. рабоце ў Смаленскай вобл. З 1952 у Ін-це гісторыі партыі пры ЦК КПБ, у БДУ. З 1964 заг. кафедры і адначасова (1965—71) прарэктар Мінскага радыётэхн. ін-та. Даследаваў гісторыю рэв. руху на Беларусі напярэдадні і ў перыяд 1-й сусв. вайны, Лют. рэвалюцыі 1917. Адзін з аўтараў «Нарысаў гісторыі Камуністычнай партыі Беларусі» (ч. 1, 2-е выд. 1968).
Тв.:
Бальшавікі Беларусі ў перыяд першай сусветнай вайны і другой рускай рэвалюцыі (1914 — сакавік 1917 гг.). Мн., 1957;
Борьба трудящихся Белоруссии против царизма (1907—1917 гг). Мн., 1967;
Большевистская газета «Правда» в Белоруссии (1912—1917 гг.). 2 изд. Мн., 1972;
Полувековой опыт СССР и современный мир. Мн., 1975.
Э.А.Забродскі.
т. 14, с. 97
САЛАДУ́ХА,
у беларусаў кісла-салодкая мучная страва. Наз. таксама путра. Жыта замочвалі на суткі, потым сушылі і малолі ў жорнах; разводзілі вадой у гаршку, прыварвалі і вылівалі ў дзежку закісаць. Як укісне, елі з бульбай. Часцей С. рабілі з жытняй нясоладавай мукі. Тады яе даўжэй парылі, каб лепш усаладжала, або дадавалі мёд, цукар. С. разводзілі таксама з грэцкай або з сумесі жытняй (2 часткі) і грэцкай (1 частка) мукі. З С. рабілі квас, на ёй некат. рашчынялі хлеб. На Мядзельшчыне, Пастаўшчыне С. наз. ўсаладжалую закалоту з жытняй мукі, з якой разводзілі раўгеню.
Г.Ф.Вештарт.
т. 14, с. 97
САЛАДУ́ХА (Аляксандр Антонавіч) (н. 18.1.1959, с. Каменка Сергіева-Пасадскага р-на Маскоўскай вобл.),
бел. эстрадны спявак. Скончыў Мінскі мед. ін-т (1982). Працаваў урачом (1982). З 1987 саліст Дзярж. аркестра сімф. і эстр. музыкі Беларусі, з 1989 — т-ра песні Я.Паплаўскай і А.Ціхановіча. З 1991 працуе са створанай ім групай «Карусель». Валодае голасам прыгожага тэмбру; яго выкананне вылучаецца шчырасцю і эмац. выразнасцю. У творчасці пераважае стрыманы рас.-бел. шансон з бардаўскім ухілам. У рэпертуары песні бел. і рас. кампазітараў, у т. л. Э.Ханка, А.Марозава, А.Елісеенкава, І.Капланава, С.Сухамліна. Дыпламант Міжнар. фестывалю «Шлягер-90» (1990, Ленінград).
т. 14, с. 97
САЛАЗА́Р (Salazar) Антоніу ды Алівейра
(de Oliveira; 28.4.1889, г. Санта-Комба-Дан, Партугалія —27.7.1970),
партугальскі паліт. і дзярж. дзеяч, эканаміст. Скончыў Каімбрскі ун-т (1916), у 1916—28 праф. паліт. эканоміі гэтага ун-та. Адзін з заснавальнікаў партыі Каталіцкі цэнтр (1918). З 1921 дэп. парламента. У 1928—40 міністр фінансаў. У 1932—68 прэм’ер-міністр (фактычна дыктатар) Партугаліі, адначасова ваен. міністр (1936—44) і міністр замежных спраў (1936—47). Абапіраючыся на засн. ім у 1930 партыю Нац. саюз, устанавіў у краіне унітарна-карпаратыўную дзяржаву (юрыд. аформлена паводле канстытуцыі 1933). У 2-ю сусв. вайну захоўваў нейтралітэт Партугаліі. Пасля 1945 імкнуўся да супрацоўніцтва з зах. дзяржавамі, асабліва ў ваен.-паліт. галіне (у 1949 Партугалія ўступіла ў НАТО). З пач. 1960-х г. вёў калан. вайну супраць нац.-вызв. руху ў Анголе, Гвінеі-Бісау і Мазамбіку. У 1968 адышоў ад дзярж. спраў.
т. 14, с. 97
САЛАІ́РСКІ КРАЖ,
платопадобнае ўзвышша на ПдЗ Сібіры, у Кемераўскай і Новасібірскай абл. і Алтайскім краі Расіі. Абмяжоўвае з ПдЗ Кузнецкую катлавіну. Даўж. каля 300 км, выш. 621 м (г. Кіўда). Складзены з крышт. вапнякоў, пясчанікаў, туфаў, гранітаў. Радовішчы поліметалічных руд. На пакатых паўд.-зах. схілах і выраўнаваных паверхнях вяршынь — асінава-піхтавыя і бярозава-асінавыя высакатраўныя лясы. На стромкіх паўн.-ўсх. схілах — бярозава-асінавыя, лістоўнічныя і хваёвыя лясы з участкамі стэпаў.
т. 14, с. 97