Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПІРАМЕТАЛУРГІ́Я (ад піра... + металургія),

сукупнасць працэсаў атрымання і ачысткі металаў і сплаваў пры высокіх тэмпературах. Асн. і найстарэйшая галіна металургіі. Метадамі П. атрымліваюць амаль 100% чыгуну, сталі, свінцу, каля 95% медзі, больш за 60% цынку.

Працэсы П. адбываюцца ў розных металург. печах і плавільных агрэгатах. Найб. пашыраныя метады П. — плаўка за кошт цяпла ад згарання паліва, напр. доменны працэс (гл. Доменная печ, Мартэнаўскі працэс), працэсы з выкарыстаннем цяпла ад згарання дамешкаў металаў (Бесемераўскі працэс, Тамасаўскі працэс). Гл. таксама Гідраметалургія, Электраметалургія.

т. 12, с. 379

ПІРАМЕ́ТРЫЯ (ад піра... + метрыя),

сукупнасць аптычных (бескантактных) метадаў вымярэння тэмпературы. Метады П. заснаваны на законах цеплавога выпрамянення або законах тэрмічнай раўнавагі; яны не патрабуюць непасрэднага кантакту з даследуемым целам (дазваляе вымяраць т-ры аддаленых цел) і не маюць абмежавання вымярэння.

Вымярэнне т-р па інтэнсіўнасці суцэльнага спектра выпрамянення праводзіцца на падставе Кірхгофа закону выпрамянення і Планка закону выпрамянення. У залежнасці ад спектральнага складу выпрамянення існуюць метады П.: радыяцыйныя або сумарнага выпрамянення, яркасныя і па спектральным размеркаванні выпрамянення, у т. л. т.зв. каляровы метад. Гэтыя метады выкарыстоўваюць для вызначэння т-ры цвёрдых цел і вадкасцей. Метады П. газаў і плазмы заснаваны на вымярэнні інтэнсіўнасці спектральных ліній. Яны забяспечваюць макс. дакладнасць, калі вядомы абс. імавернасць адпаведнага энергет. пераходу і канцэнтрацыя атамаў. Калі канцэнтрацыя атамаў невядомая, выкарыстоўваюць метад адносных інтэнсіўнасцей, у якім т-ру вызначаюць па адносінах інтэнсіўнасцей 2 спектральных ліній або па спектральным размеркаванні інтэнсіўнасцей шэрагу ліній Т-ра плазмы вызначаецца па форме ці шырыні спектральных ліній, якія залежаць ад т-ры непасрэдна (Доплера эфект) або ўскосна (Штарка з’ява).

На Беларусі даследаванні ў галіне П. вядуцца з 1961 у Ін-це фізікі, Ін-це цепла- і масаабмену, Фізіка-тэхн. ін-це Нац. АН Беларусі.

Літ.:

Свет Д.Я. Оптические методы измерения истинных температур М., 1982;

Гордов АН., Жагулло О.М., Иванова А.Г. Основы температурных измерений. М., 1992;

Снопко В.Н. Основы методов пирометрии по спектру теплового излучения. Мн., 1999.

В.​М.​Снапко.

т. 12, с. 379

ПІРАМІ́ДА [ад грэч. pyramis (pyramidos)],

мнагаграннік, аснова якога — многавугольнік, а бакавыя стораны — трохвугольнікі з агульнай вяршыняй.

Па колькасці вуглоў асновы адрозніваюць П. трох-, чатырохвугольныя і г.д. Аб’ём П. V = S h , дзе S — плошча асновы, h — вышыня (перпендыкуляр, апушчаны з вяршыні на плоскасць асновы). П. наз. правільнай, калі ў аснове правільны многавугольнік, а вышыня праходзіць праз цэнтр асновы. Калі П. перарэзаць плоскасцю, паралельнай аснове, атрымаюцца 2 часткі: П., падобная на дадзеную, і ўсечаная П, аб’ём якой V = h ( S1 + S1 S2 + S2 ) , дзе S1 і S2 — плошчы асноў.

Піраміда: а — адвольная; б — правільная; в — усечаная.

т. 12, с. 379

ПІРАМІ́ДА,

манументальнае збудаванне, якое мае геам. форму піраміды (часам ступеньчатую або вежападобную). У сваёй класічнай форме П. склаліся ў 3—2-м тыс. да н.э. ў Стараж. Егіпце як пахавальні фараонаў (грабніцы). Іх налічваецца каля 100 разнастайных па памерах і функцыях у рознай ступені захаванасці. Самыя вял. П. пабудаваны ў Гізе для фараонаў IV дынастыі: Хеопса (выш. 146,6 м), Хефрэна (выш. 143,5 м), Мікерына (выш. 66,5 м). Паводле Герадота, П. Хеопса будавалі 100 тыс. чал. на працягу 20 гадоў (з’яўляецца адным з 7 дзівосаў свету). Кожная П., акрамя наземнай ч. з калідорамі і рытуальнымі камерамі, мае падземную ч. з сістэмай лабірынтаў, шахтаў і інш. Функцыі П. канчаткова не высветлены. Яны выраслі з мегалітычнай традыцыі першабытнасці і ўключаюць у сябе сінтэз розных ідэйных, рытуальных, мемар. мэт. Асн. буд. матэрыял — каменныя блокі, часам цэгла і разнастайнае запаўненне ўнутр. частак. У Шумеры, Вавілоне і Асірыі ступеньчатыя збудаванні пірамідальнага тыпу — зікураты — выкарыстоўвалі ў якасці асновы для храма ці інш. месца пакланення багам (напр., Вавілонская вежа). У 1-м тыс. да н.э. ў Цэнтр. і Паўд. Амерыцы будавалі насыпныя храмы ў выглядзе ўсечаных П. (Тыкаль, Гватэмала; Чычэн-Іца, Мексіка). У стараж.-рым. і новаеўрап. мастацтве матыў П. часта выкарыстоўвалі ў збудаваннях мемар. тыпу. Іл. гл. таксама да арт. Егіпет Старажытны.

Літ.:

Кинк Х.А. Как строились египетские пирамиды. М., 1967;

Михаловский К. Пирамиды и мастабы. Варшава, 1973.

Я.​Ф.​Шунейка.

Піраміда Хеопса ў Гізе (Егіпет).
Піраміда з храма № 1 у Тыкалі (Гватэмала).

т. 12, с. 379

ПІРАНДЭ́ЛА ((Pirandello) Луіджы) (28.6.1867, г. Агрыджэнта, Італія — 10.12.1936),

італьянскі пісьменнік, драматург. Вучыўся ў Рымскім і Бонскім (Германія) ун-тах. У 1898 праф. пед. каледжа ў Рыме. Дэбютаваў як паэт у 1889 (зб. «Радасны боль»). Раннія творы напісаны ў традыцыях верызму (зб-кі навел «Каханне без кахання», 1894; «Навелы на год», т. 1—5, 1901—19). У раманах «Адвержаная» (1901), «Нябожчык Матыя Паскаль» (1904) і інш., філас.-псіхал. трагікамедыях «Шэсць персанажаў у пошуках аўтара» (паст. 1921), «Генрых IV» (паст. 1922), «Кожны па-свойму» (паст. 1924), «Сёння мы імправізуем» (паст. 1930) і інш. вобразы «негераічных» герояў, ілюзорнасць чалавечых ідэалаў, адзінота, няўстойлівасць і недасканаласць грамадскіх адносін, гульня выпадку ў лёсах людзей. Адыграў значную ролю ў перабудове італьян. і еўрап. т-ра 20 ст. Нобелеўская прэмія 1934.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. проза. Т. 1—2. М., 1983;

Пьесы. М., 1960;

Новеллы. М., 1986.

Літ.:

Молодцова М. Луиджи Пиранделло. Л., 1982.

Л.Пірандэла.

т. 12, с. 380

ПІРАНЕ́ЗІ ((Piranesi) Джавані Батыста) (4.10.1720, г. Мальяна-Венета, Італія — 9.11.1778),

італьянскі гравёр. Працаваў у Рыме, Венецыі і Неапалі. Зазнаў уплывы ант. дойлідства, венецыянскага барочнага тэатр.-дэкарацыйнага мастацтва. У творчай манеры спалучаў афорт з разцовай гравюрай. Ствараў «архітэктурныя фантазіі», якія вызначаліся грандыёзнасцю прасторавых вырашэнняў, вострадрам. святлоценявымі кантрастамі (цыклы «Фантазіі на тэму турмаў», каля 1745—50, 1760—61) і відавыя гравюры, у якія прыўносіў элементы рамант. вымыслу, што надавалі арх. помнікам манументальнасць і жывапіснасць (цыклы «Віды Рыма», з 1748; «Рымскія старажытнасці», 1756). Гравюры П. паўплывалі на станаўленне стылю ампір. Працаваў таксама як архітэктар.

Літ.:

Лаврова О.И. Избранные офорты Дж.​Б.​Пиранези. М., 1972.

т. 12, с. 380

ПІРАНО́МЕТР (ад піра... + грэч. anō наверсе + метр),

прылада для вымярэння сумарнай і рассеянай сонечнай радыяцыі. Пабудаваны на тэрмаэлектрычным прынцыпе. Прыёмнай паверхняй П. з’яўляецца тэрмабатарэя. Рознасць тэмператур спаяў тэрмабатарэі, якая прыводзіць да ўзнікнення электрарухаючай сілы, ствараецца розным па радыяцыйных уласцівасцях пакрыццём цотных і няцотных спаяў тэрмабатарэі. Сіла току, якая ў ёй узнікае, прапарцыянальная інтэнсіўнасці радыяцыі і вымяраецца гальванометрам. Тэрмабатарэя ахавана ад дзеяння даўгахвалевай радыяцыі, ветру і ападкаў шкляным каўпаком. Для вымярэння рассеянай радыяцыі выкарыстоўваецца экран, які зацяняе П. ад уздзеяння прамой радыяцыі.

т. 12, с. 380

ПІРА́НЫ, піранні (Serrasalmus),

род прэснаводных рыб сям. піраньевых атр. карпападобных. Разам з П. родаў Рузвельтыела і Пігацэнтрус складаюць падсям. драпежных П. (каля 25 відаў). Пашыраны ў бас. рэк Амазонка, Арынока і інш. у паўн.-ўсх. ч. Паўд. Амерыкі. Чародныя рыбы.

Даўж. да 35, зрэдку да 60 см. Цела высокае, сціснутае з бакоў. Ёсць тлушчавы плаўнічок. Моцныя сківіцы, на верхняй да 66, на ніжняй да 77 вострых клінападобных зубоў. Арыентуюцца пераважна пры дапамозе зроку і нюху. Зграя П. за некалькі хвілін здольна знішчыць жывёлу масай каля 50 кг. Аб’екты акварыумнага рыбаводства.

Піранья пірайя.

т. 12, с. 380

ПІРАПЛАЗМІДО́ЗЫ,

група кровапаразітных хвароб млекакормячых жывёл, птушак, земнаводных, рыб, зрэдку чалавека, якія выклікаюцца піраплазмідамі. У ліку П. — бабезіёзы, нуталіёзы, піраплазмозы, тэйлерыёзы. Сезонныя хваробы, часцей рэгіструюцца ў вяснова-летні перыяд. Смяротнасць 30—60%.

На Беларусі спарадычна адзначаецца нуталіёз, тэйлерыёз у коней, сабак.

т. 12, с. 380

ПІРАПЛАЗМІ́ДЫ (Piroplasmida),

атрад паразітычных прасцейшых кл. спаравікоў (ёсць інш. класіфікацыі). 3 сям.: бабезіідаў, або піраплазмідаў, тэйлерыідаў і дактыласамідаў. Каля 170 відаў. Паразітуюць у эрытрацытах і клетках рэтыкула-эндатэліяльнай сістэмы млекакормячых (буйн. раг. жывёлы, свіней, коней, коз, авечак, сабак, пацукоў і інш.), зрэдку чалавека. Узбуджальнікі піраплазмідозаў. Пераносчыкі — іксодавыя кляшчы.

Беспігментныя, маларухомыя ўнутрыклетачныя паразіты грушападобнай, круглай ці авальнай формы. Адсутнічае палавы працэс. Размнажаюцца ў клетках пазваночных жывёл пачкаваннем ці простым дзяленнем на 2—4 часткі. Далейшае развіццё (шызаганальнае дзяленне, укараненне ў яйцаклеткі) адбываецца ў арганізме кляшча. Праз яйцы П. перадаюцца кляшчам наступнага пакалення і лакалізуюцца ў розных тканках, у т. л. ў слінных залозах. Пры кровасмактанні заражаныя кляшчы перадаюць П. пазваночным жывёлам.

Піраплазміды ў эрытрацытах.

т. 12, с. 380