Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МУРАМІДА́ЗА,

тое, што лізацым.

т. 11, с. 28

МУ́РАМЦАЎ (Генадзь Ільіч) (н. 18.11.1931, С.-Пецярбург),

бел. скульптар, педагог. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1952), Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (1958). З 1958 выкладчык Мінскага маст. вучылішча, з 1961 — Бел. АМ. Працуе ў галіне станковай і манум. скульптуры. Творы вызначаюцца пластычнай выразнасцю, псіхалагізмам унутр. зместу. Сярод станковых работ кампазіцыі «Вясна» (1959), «Рамонак» (1962), «Квітней, Беларусь!» (1972), партрэты М.​Багдановіча (1957), І.​Лучанка (1970), М.​Керзіна (1973), В.​Быкава (1975), І.​Мележа (1977), А.​Куляшова (1980), З.​Азгура (1981), А.​Паслядовіч (1985), Я.​Чамадурава (1995), В.​Шаранговіча (2000) і інш. Аўтар помнікаў К.​Заслонаву ў Оршы (1965), падпольшчыкам Асінторфа непадалёку ад р.п. Асінторф Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. (1966, абодва з В.​Занковічам і Л.​Левіным), Маршалу Сав. Саюза В.​Д.​Сакалоўскаму ў Гродне (1973), вызваліцелям Полацка (1981, абодва з В.​Аладавым), вызваліцелям Віцебска (1984, з А.​Заспіцкім, М.​Рыжанковым, А.​Тарасянам), Я.​Купалу ў філіяле «Акопы» літ. музея Я.​Купалы ў Лагойскім р-не Мінскай вобл. (1991, з Заспіцкім) і інш., мемар. дошак М.​Чуркіну, І.​Мележу ў Мінску. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1967.

Л.​Ф.​Салавей.

Г.Мурамцаў. Партрэт А.​Паслядовіч. 1985.

т. 11, с. 28

МУ́РАМЦАЎ (Ілья Аляксеевіч) (2.8.1901, с. Кірушкіна Бугурусланскага р-на Арэнбургскай вобл., Расія — 8.8.1968),

бел. і расійскі спявак (бас). Засл. арт. Беларусі (1938). Вучыўся ў Ленінградскім муз. тэхнікуме і на оперных курсах (1923—30). У 1933—52 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі (у 1941—42 у Вял. т-ры ў Маскве). З 1952 саліст Башкірскага т-ра оперы і балета. Валодаў голасам прыгожага тэмбру. Яго індывідуальнасці найб. адпавядалі партыі характарнага, у т. л. камедыйнага, плана. У нац. операх стварыў запамінальныя вобразы Тараса («Ў пушчах Палесся» А.​Багатырова), Анішчука і Данілы («Міхась Падгорны» і «Алеся» Я.​Цікоцкага). Партыі класічнага рэпертуару на бел. сцэне: Галіцкі, Канчак («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Чуб («Чаравічкі» П.​Чайкоўскага), Стары цыган («Алека» С.​Рахманінава), Сабакін («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Мефістофель («Фауст» Ш.​Гуно) і інш.

т. 11, с. 29

МУРА́НАЎ (Леў Барысавіч) (н. 1.12.1930, г. Іванава, Расія),

расійскі і бел. дырыжор, педагог. Нар. арт. Расіі (1978). Скончыў Ін-т ваен. дырыжораў у Маскве (1952). Маст. кіраўнік армейскіх ансамбляў. У 1979—88 начальнік і муз. кіраўнік Ансамбля песні і танца Бел. ваен. акругі (з 1992 Ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Беларусі). З 1988 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (з 1997 праф.), з 1995 кіраўнік камернага аркестра гімназіі-каледжа пры ёй. Аўтар песень («Пяюць гвардзейцы на прывале», «Беражом зямлі світанні», «Сцягоў прамяністая слава», «Мы ідзём па вуліцы» і інш.), аранжыровак твораў муз. класікі і сучасных кампазітараў, у т. л. «Змрок багоў» Р.​Вагнера, «Музычныя вечары» Б.​Брытэна паводле Дж.​Расіні, уверцюра да оперы «Італьянка ў Алжыры» Расіні, «Трыумфальны марш» з балета «Спартак» А.​Хачатурана, сюіта на тэмы оперы «Поргі і Бес» Дж.​Гершвіна і інш.

т. 11, с. 29

МУРА́НСКАЯ (сапр. Мурынава) Надзея Мацвееўна, спявачка (сапрана) і педагог 2-й пал. 19 ст. Скончыла Пецярбургскую кансерваторыю (клас К.​Эверардзі). Выступала ў Казані, Вільні, Пецярбургу, у Мінску з гастрольнымі трупамі на сцэне Мінскага гар. т-ра (1891—93 і 1902—03). Валодала мяккім прыемным голасам, артыстычнасцю, выключным пачуццём ансамбля. Сярод партый: Тамара («Дэман» А.​Рубінштэйна), Маргарыта («Фауст» Ш.​Гуно), Таццяна («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Антаніда («Жыццё за цара» М.​Глінкі), Маргарыта Валуа («Гугеноты» Дж.​Меербера), Наташа («Русалка» А.​Даргамыжскага), Донна Анна («Дон Жуан» В.​А.​Моцарта) і інш. У 1894—95 спявала ў Пецярбургу з Ф.​Шаляпіным у операх «Трубадур» Дж.​Вердзі (Леанора), «Кармэн» Ж.​Бізэ (Мікаэла), «Фауст» (Маргарыта). Адзін з першых вак. педагогаў на Беларусі, арганізавала Мінскую вакальную студыю.

В.​П.​Пракапцова.

т. 11, с. 29

МУРА́Т (Murat),

Усходні Еўфрат, рака на У Турцыі, асноўная састаўляючая р. Еўфрат. Даўж. 670 км, пл. бас. каля 40 тыс. км². Пачынаецца на схілах масіву Аладаг, цячэ ў вузкай і глыбокай даліне па Армянскім нагор’і. Веснавое разводдзе. Выкарыстоўваецца для арашэння. У ніжнім цячэнні вадасх. Кебан. На М. — г. Каракёсе.

т. 11, с. 29

МУРА́ТАВА (Кіра Георгіеўна) (н. 5.11.1934, г. Сарокі, Малдова),

расійскі кінарэжысёр. Скончыла Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1962). Яе рэжысёрская стылістыка эвалюцыяніравала ад тонкага лірызму ранніх фільмаў да ўсё больш жорсткай манеры, заснаванай на іранічнай адхіленасці і гратэскнай дэфармацыі: «Кароткія сустрэчы» (1968), «Доўгія провады» (1971, выйшаў на экран у 1987), «Калі пазнаеш белы свет» (1980), «Сярод шэрых камянёў» (1983), «Перамена долі» (1988), «Астэнічны сіндром» (1990), «Чуллівы міліцыянер» (1991), «Захапленні» (1994), «Тры гісторыі» (1996), «Ліст у Амерыку» (1999) і інш.

т. 11, с. 29

МУРАТАЛЫ́ КУРЭНКЕ́ЕЎ (1860, Талды-Булат, Кіргізія — 12.1.1949),

кіргізскі кампазітар-меладыст; адзін з заснавальнікаў кірг. прафес. музыкі. Нар. арт. Кыргызстана (1936). Вучыўся ў бацькі — нар. музыканта Курэнкея. Ў 1936—45 саліст Кірг. аркестра нар. інструментаў. Выканаўца на нац. кірг. інструментах (кыяку, камузе, чаоры). Развіваў лепшыя традыцыі нар. выканальніцтва. У свой рэпертуар уключаў кірг. інстр. п’есы, у т. л. каля 80 уласных кю, і найгрышы інш. народаў. Стварыў яскравыя ўзоры нар. інстр. музыкі. Многія яго мелодыі выкарыстаны ў якасці тэм у творах інш. кампазітараў.

т. 11, с. 29

МУРА́ТАЎ (Ігар Лявонцьевіч) (28.7.1912, г. Харкаў, Украіна —29.3.1973),

украінскі пісьменнік. Скончыў Харкаўскі ун-т (1939). Друкаваўся з 1931. Аўтар паэт. кніг «Камса-графік» (1933), «Вогнішча» (1940), «Паэтычныя трылогіі» (1946), «Ідуць волаты» (1951), «Каханне і нянавісць мае» (1960), «Кастрычніцкія мажоры» (1970), рамант. драмы «Нейтральная зона» (1966). Пісаў прозу: «Букавінская аповесць» (1951, Дзярж. прэмія СССР 1952), аповесці «Жыла на свеце ўдава» (1960), «У кашулі народжаны» (1965), «А безыменных не было...» (1967), раман «Саксаганскія партрэты» (апубл. 1974). У творах тэмы працоўнага і ратнага подзвігу сучаснікаў. Вядомы як публіцыст, літ. крытык. Пераклаў на ўкр. мову асобныя паэмы Я.​Купалы. На бел. мову творы М. пераклалі А.​Бялевіч, А.​Клышка.

Тв.:

Твори. Т. 1—4. Київ, 1982—83;

Рус. пер. — Стихотворения. М., 1976.

т. 11, с. 29

МУРА́ТАЎ (Міхаіл Уладзіміравіч) (13.3.1908, Масква — 30.8.1982),

расійскі геолаг. Чл.-кар. АН СССР (1962). З 1959 у Маскоўскім геолагаразведачным ін-це, з 1957 у Геал. ін-це АН СССР. Навук. працы па тэктоніцы складкавых абласцей Еўразіі. Адзін з аўтараў тэктанічных і геал. карт СССР, Еўропы і свету. Дзярж. прэміі СССР 1951, 1969.

Тв.:

Тектоника и история развития Альпийской геосинклинальной области юга Европейской части СССР и сопредельных стран. М., 1949;

Тектоника Евразии. М., 1966.

т. 11, с. 29