МУ́РАМЦАЎ (Ілья Аляксеевіч) (2.8.1901, с. Кірушкіна Бугурусланскага р-на Арэнбургскай вобл., Расія — 8.8.1968),

бел. і расійскі спявак (бас). Засл. арт. Беларусі (1938). Вучыўся ў Ленінградскім муз. тэхнікуме і на оперных курсах (1923—30). У 1933—52 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі (у 1941—42 у Вял. т-ры ў Маскве). З 1952 саліст Башкірскага т-ра оперы і балета. Валодаў голасам прыгожага тэмбру. Яго індывідуальнасці найб. адпавядалі партыі характарнага, у т. л. камедыйнага, плана. У нац. операх стварыў запамінальныя вобразы Тараса («Ў пушчах Палесся» А.Багатырова), Анішчука і Данілы («Міхась Падгорны» і «Алеся» Я.Цікоцкага). Партыі класічнага рэпертуару на бел. сцэне: Галіцкі, Канчак («Князь Ігар» А.Барадзіна), Чуб («Чаравічкі» П.Чайкоўскага), Стары цыган («Алека» С.Рахманінава), Сабакін («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно) і інш.

т. 11, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)