МУ́РАМЦАЎ (Генадзь Ільіч) (н. 18.11.1931, С.-Пецярбург),

бел. скульптар, педагог. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1952), Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (1958). З 1958 выкладчык Мінскага маст. вучылішча, з 1961 — Бел. АМ. Працуе ў галіне станковай і манум. скульптуры. Творы вызначаюцца пластычнай выразнасцю, псіхалагізмам унутр. зместу. Сярод станковых работ кампазіцыі «Вясна» (1959), «Рамонак» (1962), «Квітней, Беларусь!» (1972), партрэты М.​Багдановіча (1957), І.​Лучанка (1970), М.​Керзіна (1973), В.​Быкава (1975), І.​Мележа (1977), А.​Куляшова (1980), З.​Азгура (1981), А.​Паслядовіч (1985), Я.​Чамадурава (1995), В.​Шаранговіча (2000) і інш. Аўтар помнікаў К.​Заслонаву ў Оршы (1965), падпольшчыкам Асінторфа непадалёку ад р.п. Асінторф Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. (1966, абодва з В.​Занковічам і Л.​Левіным), Маршалу Сав. Саюза В.​Д.​Сакалоўскаму ў Гродне (1973), вызваліцелям Полацка (1981, абодва з В.​Аладавым), вызваліцелям Віцебска (1984, з А.​Заспіцкім, М.​Рыжанковым, А.​Тарасянам), Я.​Купалу ў філіяле «Акопы» літ. музея Я.​Купалы ў Лагойскім р-не Мінскай вобл. (1991, з Заспіцкім) і інш., мемар. дошак М.​Чуркіну, І.​Мележу ў Мінску. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1967.

Л.​Ф.​Салавей.

Г.Мурамцаў. Партрэт А.​Паслядовіч. 1985.

т. 11, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)