МУРА́НСКАЯ (сапр. Мурынава) Надзея Мацвееўна, спявачка (сапрана) і педагог 2-й пал. 19 ст. Скончыла Пецярбургскую кансерваторыю (клас К.​Эверардзі). Выступала ў Казані, Вільні, Пецярбургу, у Мінску з гастрольнымі трупамі на сцэне Мінскага гар. т-ра (1891—93 і 1902—03). Валодала мяккім прыемным голасам, артыстычнасцю, выключным пачуццём ансамбля. Сярод партый: Тамара («Дэман» А.​Рубінштэйна), Маргарыта («Фауст» Ш.​Гуно), Таццяна («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Антаніда («Жыццё за цара» М.​Глінкі), Маргарыта Валуа («Гугеноты» Дж.​Меербера), Наташа («Русалка» А.​Даргамыжскага), Донна Анна («Дон Жуан» В.​А.​Моцарта) і інш. У 1894—95 спявала ў Пецярбургу з Ф.​Шаляпіным у операх «Трубадур» Дж.​Вердзі (Леанора), «Кармэн» Ж.​Бізэ (Мікаэла), «Фауст» (Маргарыта). Адзін з першых вак. педагогаў на Беларусі, арганізавала Мінскую вакальную студыю.

В.​П.​Пракапцова.

т. 11, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)