МУ́ЦІ ((Muti) Рыкарда) (н. 28.7.1941, г. Неапаль, Італія),
італьянскі дырыжор. З 1969 дырыжор опернага «Тэатра камунале» ў Фларэнцыі. У 1967—82 адначасова гал. дырыжор і маст. кіраўнік фестывалю «Фларэнтыйскі музычны май». У 1973—83 кіраўнік Лонданскага, у 1980—93 — Філадэльфійскага сімф. аркестраў, з 1986 — т-ра «Ла Скала». Удзельнік Зальцбургскіх фестываляў. У рэпертуары оперы італьян. класікаў і сімф. творы кампазітараў 20 ст. Адточаны густ, пачуццё стылю, яскравы тэмперамент вылучаюць яго інтэрпрэтацыі твораў Б.Брытэна, Г.Петрасі, Л.Далапікалы, К.Орфа, І.Стравінскага, Дз.Шастаковіча і інш.
т. 11, с. 46
МУЦУХІ́ТА (3.11.1852, г. Кіёта, Японія — 30.7.1912),
імператар Японіі [1867—1912]. У выніку «рэстаўрацыі Мэйдзі» (гл. Мэйдзі ісін) фармальна сканцэнтраваў усю ўладу ў краіне ў сваіх руках. Падтрымліваў правядзенне рэформ, накіраваных на мадэрнізацыю і еўрапеізацыю Японіі: ліквідацыю феад. княстваў (1871), рэформу адукацыі (1872), стварэнне кабінета міністраў (1885), прыняцце першай канстытуцыі Японіі (1889). У 1910 М. зацвердзіў анексію Карэі.
т. 11, с. 46
МУЦЫ́НЫ,
складаныя бялкі (прыродныя глікапратэіды), якія ўваходзяць у састаў сакрэтаў слізістых залоз. Змяшчаюць пераважна кіслыя паліцукрыды, злучаныя з бялком іоннымі сувязямі. Адрозніваюць фукамуцыны (у большасці сакрэтаў слізістых залоз страўнікава-кішачнага тракту) і сіяламуцыны (у сліне падсківічнай і пад’язычнай залоз). Фалікулы яечніка маюць у сабе фукамуцыны ці сіяламуцыны. М. выконваюць ролю змазкі, якая ахоўвае эпітэліяльныя клеткі страўнікава-кішачнага тракту, дыхальных і мочапалавых шляхоў ад мех. пашкоджання, прыгнечваюць зліпанне эрытрацытаў, якое выклікае вірус грыпу.
т. 11, с. 46
МУ́ЦЫО ((Muzio) Клаўдзія) (7.2.1889, г. Павія, Італія — 24.5.1936),
італьянская спявачка (лірыка-драм. сапрана). Вучылася напачатку ў маці, потым у А.Казалоні ў Турыне. Выступала з 1910 у буйнейшых т-рах Італіі і інш. краін, у т. л. ў ЗША. Мела яскравае трагедыйнае дараванне. Найб. блізкія для яе індывідуальнасці былі партыі ў операх Дж.Вердзі і верыстаў: Джарджэта, Тоска, Мімі, Манон («Плашч», «Тоска», «Багема», «Манон Леско» Дж.Пучыні), Віялета, Дэздэмона («Травіята», «Атэла» Вердзі), Сантуца («Сельскі гонар» П.Масканьі) і інш.
т. 11, с. 46