парадак сумчатых грыбоў з групы пірэнаміцэтаў. Больш за 250 відаў і форм. На Беларусі каля 100. Найб. пашыраны віды з родаў: сфератэка, эрызіфе, левейлула, мікрасфера, падасфера, трыхакладыя, філактынія. Аблігатныя паразіты раслін, многія прыстасаваны да пэўнага віду. Узбуджальнікі мучністай расы. Утвараюць на лісці, зялёных парастках, кветках, пладах грыбніцу з органамі споранашэння накшталт мучністага налёту (адсюль назва).
Міцэлій белы або шэры, прымацаваны да субстрату прысоскамі і гаўсторыямі, з дапамогай якіх пранікае ўнутр эпідэрмісу і паглынае пажыўныя рэчывы. У цыкле развіцця 2 стадыі: бясполая — канідыяльная (за вегетац. перыяд канідыі ўтвараюцца шматразова, распаўсюджваюцца ветрам, насякомымі і інш.) і палавая — сумчатая. Сумкі з аскаспорамі размяшчаюцца ў пладовых целах (клейстатэцыях), якія маюць шарападобны выгляд, ломкія, часта з прыдаткамі і без вусцейкаў. Сумкі па адной ці ў пучках з 2—3 аскаспорамі.
хвароба вышэйшых раслін, якая выклікаецца мучністарасянымі грыбамі. Пашырана амаль усюды. Найб. развіваецца ў засушлівыя гады. Пашкоджвае многія с.-г. і дзікарослыя расліны, напр.: бабовыя, злакавыя, парасонавыя, буракі, капусту (узбуджальнікі — грыбы роду эрызіфе), гарбузовыя, маліны, ружы, сунічнік, агрэст і парэчкі, Хмель (сфератэка), ігрушы, яблыні і інш. пладовыя культуры (падасфера), дубы і інш. лясныя дрэвы (мікрасфера). Расліны заражаюцца вясной (азімыя і ўвосень) аскаспорамі, пазней канідыямі грыба. На маладых надземных органах паяўляюцца плямы мучніста-белага парашкападобнага або павуціністага налёту з міцэлію і канідыяў грыба, які паступова разрастаецца, робіцца больш шчыльным (лямцавым) і цёмным. Хворыя органы дрэнна растуць і развіваюцца, дэфармуюцца, засыхаюць, плады могуць растрэсквацца і загніваць. У канцы вегетац. перыяду на паверхні міцэлію ўтвараюцца клейстатэцыі, у якіх выспяваюць (звычайна зімой) аскаспоры; зімуе таксама міцэлій (на азімых культурах і шматгадовых раслінах).
Літ.:
Головин П.Н. Мучнисторосяные грибы, паразитирующие на культурных и полезных диких растениях. М.; Л., 1960.
МУЧНЫ́ КЛЕШЧ (Tyroglyphus farinae, або Acarus siro),
членістаногая жывёла сям. акарыд надсям. свірнавых кляшчоў. Пашыраны ўсюды. Жывуць у.харч. і фуражных прадуктах, глебе, гнёздах птушак і грызуноў. Пашкоджваюць насенне, збожжа, крупы, муку, сена, салому, сушаныя агародніну, садавіну, грыбы і інш., заражаюць іх гніласнымі мікробамі.
Цела даўж. 0,3—0,7 мм (самкі даўжэйшыя), авальнае. Покрывы тонкія, белаватыя, глянцавітыя, паўпразрыстыя, з рэдкімі шчацінкамі. Ротавыя органы (грызучыя) і ногі ружовыя ці бурыя. Развіццё са складаным ператварэннем (5 стадый). У неспрыяльных умовах утвараецца дадатковая ўстойлівая стадыя — гіпопус спакою або рассяляльны гіпопус (на насякомых). Гл. таксама Кляшчы.
Мучны клешч: 1 — самец; 2 — самка; 3 — рассяляльны гіпопус (а — зверху, б — знізу).
лічынка жука хрушчака мучнога. Пашыраны ўсюды. Шкоднік прадуктаў размолу зерня (мука, крупы і інш.), вотруб’я, макароны, сухароў, хлеба і інш.
Даўж. да 30 мм. Цела цыліндрычнае, цвёрдае, саламяна-жоўтае. Фаза лічынкі працягваецца 280—600 сут. Разводзяць у якасці корму для пеўчых птушак (салаўі і інш).