МУЛЬТЫМЕ́ДЫЯ (ад мульты... + лац. media які пасрэднічае),
электронная інфарм. тэхналогія, якая забяспечвае карыстальніка ўсімі відамі інфарм. паслуг у інтэрактыўным рэжыме (па запатрабаванні карыстальніка). Тэрмін узнік у канцы 1960 — пач. 1970-х г. як сінонім сродкаў масавай інфармацыі (напр., кнігі, часопісы, тэле- і радыёперадачы); часта ўжываецца ў спалучэннях сістэма М., тэхналогія М., праграмныя сродкі М., тэрмінал М.
Да М. адносяць віды інфармацыі, якія можна атрымаць па каналах электрасувязі ці з яе электронных носьбітаў: відэа-, гукавую, тэкставую і графічную інфармацыю, статычную і дынамічную камп’ютэрную графіку (у т. л. 3-мерную), а таксама электронныя версіі кніг, газет і часопісаў, якія ўключаюць тэкст і каляровыя ілюстрацыі, невял. відэаролікі з гукавымі эфектамі.
МУЛЬТЫПЛІКА́ТАР (ад лац. multiplico памнажаю, павялічваю, узмацняю),
у тэхніцы, прыстасаванне для ўзмацнення дзеяння якога-н. механізма, павышэння ціску, павелічэння перадатачных адносін і інш. У гідраўл. прэсах павышае ціск вадкасці, што падаецца помпай у рабочыя цыліндры; у мех. перадачах павышае скорасць вярчэння валоў (напр., павышальная зубчастая перадача); М. да фотаапарата дае магчымасць атрымаць некалькі негатываў на адной пласцінцы (плёнцы); у паліграфіі — прылада для адначасовага атрымання проб каляровага друку.
Схема гідраўлічнага мультыплікатара: 1 — плунжэр малога дыяметра d; 2 — поршань вялікага дыяметра D; 3 — рабочая вадкасць; pн — ціск, што ствараецца помпай; pв — атрыманы высокі ціск
.
каэфіцыент, які характарызуе сувязь паміж павелічэннем (змяншэннем) інвестыцый і зменай велічыні даходу. Інвестыцыйны М. — уздзеянне капіталаўкладанняў вузкай накіраванасці на сумарны даход (невял. інвестыцыі праз эфект М. могуць аказваць уздзеянне на ўсю эканоміку, таму што паслядоўна закранаюць розныя яе галіны). Дэпазітны (крэдытны) М. — павышанае ўздзеянне невял. змен у банкаўскіх дэпазітах на грашовую масу і аб’ём крэдытавання праз шматразовае выкарыстанне адных і тых жа грошай у банкаўскай сістэме і на крэдытных рынках. Выкарыстоўваецца разам з акселератарам.
пэўная канфігурацыя кропкавых крыніц поля (зарадаў). Напр., кропкавы зарад — М. нулявога парадку; 2 процілеглыя па знаку і роўныя па модулі зараду — дыполь, ці М. 1-га парадку; 4 аднолькавыя па модулі зараду, размешчаныя ў вяршынях паралелаграма так, што кожная старана злучае процілеглыя па знаку зарады — квадруполь, ці М. 2-га парадку. Асн. характарыстыка М. — мультыпольны момант, які дазваляе адназначна звязаць палі М. з палямі складаных сістэм крыніц на вял. адлегласцях, што вядзе да уніфікацыі рашэння шырокага класа задач. Паняцце М. дастасавальнае для апісання палёў, створаных эл., магн. і інш. зарадамі.
род стужачных чарвей. Больш за 20 відаў. Пашыраны ўсюды. Дарослыя чэрві паразітуюць у тонкіх кішках драпежных млекакормячых, пераважна сабачых і кашэчых, выклікаючы тэніідозы; лічынкі (цэнуры) — у мозгу, унутр. поласцях і органах, пад скурай і інш. у капытных, грызуноў, зайцападобных, прыматаў (зрэдку чалавека) і інш., выклікаюць цэнурозы. На Беларусі найб. пашыраны М. звычайны, або мазгавік авечы (M. multiceps), трапляецца М. серыйны (M. serialis).
Даўж. да 1 м. Цела мае да 250 членікаў, галоўку (сколекс) з прысоскамі і крукамі. Гермафрадыты. Спелыя членікі з яйцамі выдаляюцца з калам канчатковых гаспадароў. Яйцы з ежай трапляюць у кішэчнік прамежкавага гаспадара, з іх выходзяць зародкі (анкасферы), разносяцца з крывёю па арганізме і ператвараюцца ў цэнурусы — пузыры з вадкасцю і зародкавымі сколексамі (да некалькіх соцень у кожным). Трапляючы ў кішэчнік драпежніка, сколексы вырастаюць у дарослых паразітаў.
МУЛЬЧЫ́РАВАННЕ (ад англ. mulch абкладваць карані раслін саломай, гноем і інш),
пакрыццё глебы ахоўным слоем з розных матэрыялаў (мульчы); агратэхн. прыём. У якасці мульчы выкарыстоўваюць кампосты, тарфяную крошку, перагной, адкіды, адходы дрэваапрацоўкі (апілкі, папера і інш.), іржышча збожжавых, лісце, салому, палімерныя матэрыялы і інш. Адрозніваюць М. суцэльнае, міжрадковае, у прыствольных кругах дрэў і кустоў і вертыкальнае (з запаўненнем мульчой верт. шчылін для перахоплівання паверхневага сцёку). Затрымлівае вільгаць, рэгулюе паветр. і тэмпературны рэжымы глебы, угнойвае яе, узмацняе карысныя біяхім. глебавыя працэсы, перашкаджае ўтварэнню глебавай скарынкі, ветравой і воднай эрозіі, прыгнечвае прарастанне пустазелля. Выкарыстоўваецца пры вырошчванні с.-г. культур, лясных парод. Найб. эфектыўна ў раёнах з недастатковым увільгатненнем.
размеркаванне па паверхні глебагрунтоў мульчы (пераважна тарфакрошкі) з наступным замацаваннем яе плёнкаўтваральнымі эмульсіямі. Робіцца пры залужэнні адхонаў каля гідравузлоў, мастоў, шлюзаў і стромкіх адхонаў каналаў, дамб, плацін, дарог з мэтай папярэджання воднай (змыву, размыву) і ветравой (выдзімання) эрозіі.
Перад М паверхню адхонаў рыхляць, выраўноўваюць, засяваюць травамі, уносяць угнаенні. Нанесены слой мульчы (5—10 см) пакрываюць латэкснымі або бітумнымі эмульсіямі (выкарыстоўваюцца таксама эмульсіі водарастваральных сінт. палімераў, распрацаваныя ў Бел.НДІ меліярацыі і лугаводства). Замест эмульсій ужываюць таксама паветраводапранікальнае палатно або біяпалатно, распрацаванае тым жа ін-там (выпускаецца акц. т-вам у Жлобіне). У якасці мульчара (мульчыравальніка) выкарыстоўваюць гідрасеялкі, пераабсталяваныя раскідвальнікі ўгнаенняў. М. адхонаў магістральных каналаў робяць таксама бульдозерамі, самазваламі, каўшовымі экскаватарамі.
МУ́ЛЬЧЭР ((Multscher) Ганс) (каля 1400, г. Лойткірх, Германія — 1467),
нямецкі скульптар і жывапісец. З 1427 працаваў ва Ульме. Зазнаў уплывы Р.Кампена, нідэрл. і франц. скульптуры Ранняга Адраджэння. Адзін з першых у ням. мастацтве звярнуўся да вывучэння натуры, у рэліг. кампазіцыі ўводзіў быт. сюжэты, імкнуўся да перадачы індывід. характарыстыкі персанажаў праз гратэскава-выразную міміку і жэстыкуляцыю. Аўтар статуй Карла Вялікага, двух яго збраяносцаў, каралёў Чэхіі і Венгрыі (каля 1427—33), Хрыста-пакутніка на гал. партале (1429) і алтара (1433) у кафедральным саборы ва Ульме, Маці Божай для царквы ў Ландсбергу, св. Варвары і Магдаліны для капэлы св. Лаўрэнція ў Ротвайлі, мадэлі грабніцы Людвіга Барадатага (1435), алтара Марыі для Фраўэнкірхе ў Віпітэна (Італія, 1456—58), 8 карцін Ландсбергскага алтара (1437) і інш.
МУЛЯ́ВІН (Уладзімір Георгіевіч) (н. 12.1.1941, г. Екацярынбург, Расія),
бел. артыст эстрады, кампазітар. Нар.арт. Беларусі (1979). Засл. дз. культ. Польшчы (1980). Нар.арг.СССР (1990). Вучыўся ў Свярдлоўскім муз. вучылішчы (1956—58). З 1962 артыст Бел. філармоніі, з 1969 маст. кіраўнік Дзярж.бел.эстр. ансамбля «Песняры». У творчай дзейнасці своеасаблівае выканальніцкае майстэрства спалучаецца з глыбокім веданнем нар. песеннай творчасці, захаваннем і ўзбагачэннем яе лепшых традыцый. Аўтар шматлікіх апрацовак бел.нар. песень, якія вызначаюць стыль і творчую накіраванасць ансамбля, арганічна спалучаюць стылістыку бел.нар. песеннасці і сучаснай эстр. музыкі («Касіў Ясь канюшыну», «Па ваду ішла», «А ў месяцы верасні», «Рэчанька», «Купалінка», «Перапёлачка», «А ў полі вярба», «Каліна» і інш.). Сярод твораў: опера-прытча «Песня пра долю» (1972), вак. цыкл «Я не паэта...» (1981) і песенна-інстр. кампазіцыя «Песня — бясцэнны дар» (1982) на словы Я.Купалы, муз. спектакль «На ўвесь голас» на словы У.Маякоўскага (1988), песенна-інстр. кампазіцыі «Ванька-Устанька» на словы Я.Еўтушэнкі (1975), «Праз усю вайну» на словы бел. і рас. паэтаў (1985), «Вянок Багдановічу» на вершы М.Багдановіча (1991), вак. кампазіцыя «Крык птушкі» на словы Ю.Рыбчынскага, песні, у т. л. «Александрына», «Завушніцы», «Чырвона ружа», «Ой, калядачкі»; «Балада пра чатырох заложнікаў»; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1976. Лаўрэат Усесаюзных конкурсаў артыстаў эстрады (1970), выканаўцаў сав. песні (1973, 1-я прэмія), міжнар. фестывалю песні «Залаты леў» (1973, Лейпцыг), 2-га фестывалю паліт. песні ў Хельсінкі (1978). Гал. прыз фірмы «Мелодыя» «Залаты дыск» (1982).
Літ.:
Бржазоўскі А. Лідэр «Песняроў» у сямейным ансамблі // Работніца і сялянка. 1991. № 6;
Завадская Н. Вокально-инструментальный ансамбль «Песняры» // Певцы советской эстрады. М., 1992. Вып. 3.