МУЛЬТЫМЕ́ДЫЯ (ад мульты... + лац. media які пасрэднічае),
электронная інфарм. тэхналогія, якая забяспечвае карыстальніка ўсімі відамі інфарм. паслуг у інтэрактыўным рэжыме (па запатрабаванні карыстальніка). Тэрмін узнік у канцы 1960 — пач. 1970-х г. як сінонім сродкаў масавай інфармацыі (напр., кнігі, часопісы, тэле- і радыёперадачы); часта ўжываецца ў спалучэннях сістэма М., тэхналогія М., праграмныя сродкі М., тэрмінал М.
Да М. адносяць віды інфармацыі, якія можна атрымаць па каналах электрасувязі ці з яе электронных носьбітаў: відэа-, гукавую, тэкставую і графічную інфармацыю, статычную і дынамічную камп’ютэрную графіку (у т. л. 3-мерную), а таксама электронныя версіі кніг, газет і часопісаў, якія ўключаюць тэкст і каляровыя ілюстрацыі, невял. відэаролікі з гукавымі эфектамі.
А.П.Ткачэнка.
т. 11, с. 23
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)