МУЛЬТЫЦЭ́ПС (Multiceps),
род стужачных чарвей. Больш за 20 відаў. Пашыраны ўсюды. Дарослыя чэрві паразітуюць у тонкіх кішках драпежных млекакормячых, пераважна сабачых і кашэчых, выклікаючы тэніідозы; лічынкі (цэнуры) — у мозгу, унутр. поласцях і органах, пад скурай і інш. у капытных, грызуноў, зайцападобных, прыматаў (зрэдку чалавека) і інш., выклікаюць цэнурозы. На Беларусі найб. пашыраны М. звычайны, або мазгавік авечы (M. multiceps), трапляецца М. серыйны (M. serialis).
Даўж. да 1 м. Цела мае да 250 членікаў, галоўку (сколекс) з прысоскамі і крукамі. Гермафрадыты. Спелыя членікі з яйцамі выдаляюцца з калам канчатковых гаспадароў. Яйцы з ежай трапляюць у кішэчнік прамежкавага гаспадара, з іх выходзяць зародкі (анкасферы), разносяцца з крывёю па арганізме і ператвараюцца ў цэнурусы — пузыры з вадкасцю і зародкавымі сколексамі (да некалькіх соцень у кожным). Трапляючы ў кішэчнік драпежніка, сколексы вырастаюць у дарослых паразітаў.
А.М.Петрыкаў.
т. 11, с. 23
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)