МУЛЬТЫПЛІКА́ТАР у эканоміцы,

каэфіцыент, які характарызуе сувязь паміж павелічэннем (змяншэннем) інвестыцый і зменай велічыні даходу. Інвестыцыйны М. — уздзеянне капіталаўкладанняў вузкай накіраванасці на сумарны даход (невял. інвестыцыі праз эфект М. могуць аказваць уздзеянне на ўсю эканоміку, таму што паслядоўна закранаюць розныя яе галіны). Дэпазітны (крэдытны) М. — павышанае ўздзеянне невял. змен у банкаўскіх дэпазітах на грашовую масу і аб’ём крэдытавання праз шматразовае выкарыстанне адных і тых жа грошай у банкаўскай сістэме і на крэдытных рынках. Выкарыстоўваецца разам з акселератарам.

т. 11, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)