Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МЕ́НДЭЛЯ ЗАКО́НЫ,

правілы атрымання ў спадчыну прыкмет, адкрытыя Г.Мендэлем (1865). Першы М.з. (закон аднароднасці гібрыдаў) — патомства 1-га пакалення ад скрыжавання ўстойлівых форм, што адрозніваюцца па адной прыкмеце, маюць аднолькавы фенатып па ёй. Другі М.з. (закон расшчаплення) — пры скрыжаванні гібрыдаў 1-га пакалення паміж сабой сярод гібрыдаў 2-га пакалення ў пэўных суадносінах з’яўляюцца асобіны з фенатыпамі зыходных бацькоўскіх форм і гібрыдаў 1-га пакалення. Трэці М.з. (закон незалежнага камбінавання прыкмет) — пара альтэрнатыўных прыкмет паводзіць сябе ў пакаленнях незалежна адна ад адной (паяўляюцца асобіны з новымі камбінацыямі прыкмет). З М.з. вынікае, што гены адносна пастаянныя, могуць знаходзіцца ў розным стане, парныя ў саматычных клетках і адзінкавыя ў гаметах; дыскрэтныя, могуць паводзіць сябе незалежна адзін ад аднаго. Законы праяўляюцца ў пэўных умовах і маюць універсальны характар для дыплоідаў. М.з. спрыялі развіццю генетыкі. Гл. таксама Мендэлізм.

Літ.:

Мендель Г. Опыты над растительными гибридами: Пер. с вем. М., 1965. Гайсинович А.Е. Зарождение и развитие генетики. М., 1988.

Р.​Г.​Заяц.

т. 10, с. 285

МЕ́НДЭС ((Méndez) Леапольда) (30.6.1902, Мехіка — 15.11.1969),

мексіканскі графік і жывапісец. Вучыўся ў АМ у Мехіка (1917—20) і ў Школе на адкрытым паветры ў Чымалістаку (1920—22). З 1932 кіраўнік секцыі пластычных мастацтваў Мін-ва асветы, з 1937 — «Майстэрні нар. графікі». Чл.-заснавальнік Лігі рэв. пісьменнікаў і мастакоў (1933—37). Працаваў пераважна ў тэхніцы лінагравюры, у творах спалучаў яркую экспрэсію з псіхал. глыбінёй вобразаў: гравюры для альбома «Мексіканская рэвалюцыя» (1947), цыклы да фільмаў «Рыо Эскандыда», «Сялянская дзяўчына» (абодва 1948), «Дзень жыцця» (1949), «Шаль Саледад» (1950) і інш. Аўтар манум. размалёвак у Нац. графічных майстэрнях (1936—57, з П.​О’Хігінсам і інш.) і жаночай клініцы № 1 (1946, з П.​О’Хігінсам) у Мехіка, ілюстрацый да кн. «Выпадковыя мелодыі» Х. дэ ла Кавады (1944) і інш. Міжнар. прэмія міру 1953.

Л.Мендэс. Я прагну! З серыі «Рыо Эскандыда». 1948.

т. 10, с. 285

МЕНЕГА́ЦЫЯ (Menegazzia),

род ліставатых лішайнікаў сям. пармеліевых. 30 відаў. Пашыраны пераважна ў гарах Еўразіі, Амерыкі, Аўстраліі. На Беларусі 1 від — М. прадзіраўленая (M. pertusa, або M. terebrata), занесеная ў Чырв. кнігу. Трапляецца на ствалах і галінках дрэў, бураломе.

Слаявіна разеткападобная, дыям. 5—15 см, зверху шаравата-зялёная, гладкая, з акруглымі шматлікімі дзіркамі, знізу чорная, складкаватая, бліжэй да краёў святлейшая. Лопасці глыбоканадрэзаныя з хвалістым краем. Пладовыя целы (апатэцыі) утвараюцца рэдка. Размнажэнне пераважна вегетатыўнае (сарэдыямі).

У.​У.​Галубкоў.

Менегацыя прадзіраўленая.

т. 10, с. 285

МЕ́НЕДЖМЕНТ (англ. management кіраванне),

дзейнасць па рацыянальнай арг-цыі і кіраванні вытв-сцю, якая ажыццяўляецца наёмнымі і прафес. работнікамі — менеджэрамі. Распрацоўкай навук. асноў М. ў канцы 19 — пач. 20 ст. займаліся вучоныя розных краін (Адамецкі, А.​А.​Багданаў, М.​Вебер, Г.​Эмерсан і інш.). Уведзеная амер. інж. Ф.Тэйларам рацыяналізацыя працы і вытв-сці зрабіла пераварот у арганізацыі і кіраванні, спрыяла значнаму павышэнню эфектыўнасці вытв-сці. М. прадугледжвае: уменне дакладна дзейнічаць у адпаведнасці з канкрэтным становішчам спраў у фірме і знешніх умовах яе функцыянавання; блізкасць да спажыўца і канкурэнцыю за яго; улік навацый і іх практычнае выкарыстанне; рацыянальнае выкарыстанне вытв., прац. і фін. рэсурсаў; імкненне да атрымання макс. выніку пры мінімізацыі сукупных затрат; спалучэнне свабоды і жорсткага кантролю. Вылучаюць 5 функцый М.: маркетынгавае планаванне, арг-цыя, распарадчая дзейнасць, каардынацыя (узгадненне), кантроль. Маркетынгавае планаванне прадугледжвае распрацоўку доўга-, сярэдне- і кароткатэрміновых вытв.планаў, фін. плана, які ўключае каштарысы даходаў і расходаў, затрат часу і матэрыялаў, капітальных расходаў, касавы бюджэт і балансавы каштарыс. Арганізац.-кіраўніцкая функцыя М. прадугледжвае стварэнне аптымальнай структуры прадпрыемства, дзе дасягаецца ўзаемадзеянне ўсіх элементаў сістэмы, здольнае ахапіць усе віды работ і падраздзяленні розных узроўняў. Існуюць розныя віды арганізац. структур: лінейная (у невял. фірмах з аднароднай і нескладанай прадукцыяй); лінейна-штабная (утварэнне спец. службаў-штабоў для выпрацоўкі адпаведных рашэнняў); дывізійная (пабудаваная па відах прадукту, рынках або групах спажыўцоў) і матрычная (у фірмах, прадукцыя якіх мае адносна кароткі жыццёвы цыкл, і фірмах, што займаюцца даследчымі і доследна-канструктарскімі работамі). Распарадчая функцыя характэрна для органаў кіравання фірмы або карпарацыі, якія будуюцца паводле прынцыпу піраміды (аднаступеньчатая, шматступеньчатая). Каардынацыйная функцыя ўключае забеспячэнне зладжанай работы вытв. калектыву, эфектыўнае выкарыстанне вытв. і фін. рэсурсаў, выкарыстанне аператыўнай інфармацыі для ўстанаўлення дакладнага ўзаемадзеяння паміж элементамі сістэмы. Кантрольная функцыя прадугледжвае вызначэнне дакладных стандартаў дзейнасці арг-цыі (праектаў), вызначэнне адпаведнасці рэальнай дзейнасці ўстаноўленым стандартам, выяўленне адхіленняў ад прынятых планаў і стандартаў і карэкціроўкі дзеянняў. Важнае месца ў М. займаюць праблемы кіравання працай, што арганізуецца на прынцыпах яе падзелу, спецыялізацыі работнікаў, выкарыстання эканам. форм стымуляцыі працы. Паспяховае функцыянаванне прадпрыемства ў многім залежыць ад добрай арганізацыі фін. сферы і грашовага абарачэння, аптымізацыі фін. патокаў і структуры капіталу, дэталёвага аналізу розных паказчыкаў фін.-гасп. дзейнасці фірм, кампаній і карпарацый.

Літ.:

Богданов А.А. Тектология: Всеобщая организационная наука. Т. 1—2. М., 1989;

Виханский О.С., Наумов АИ. Менеджмент. 2 изд. М., 1996;

Давыденко Л.Н. Предпринимательство без границ. Мн., 1999.

Л.​М.​Давыдзенка.

т. 10, с. 285

МЕ́НЕДЖЭР (англ. manager кіраўнік),

спецыяліст па кіраванні, прафесійны кіраўнік. Звычайна наёмны работнік, які прыцягваецца да кіраўніцкай дзейнасці па кантракце. Асн. патрабаванні да М. — валоданне метадамі і сродкамі кіравання калектывам, каардынацыі дзейнасці работнікаў у прац. працэсе, веданне асноў псіхалогіі, сацыялогіі, арганізацыі вытв-сці і інш. (гл. Менеджэрызм).

т. 10, с. 286

МЕНЕДЖЭРЫ́ЗМ,

тэорыя навук. кіравання вытв-сцю; кірунак эканам. думкі, які вывучае і разглядае ролю кіравання ў эканоміцы праз менеджэраў. Узнік у 1880—90-я г. ў ЗША. Заснавальнік — Ф.Тэйлар. Распрацаваная ім сістэма кіравання была першай і ўдалай спробай стварэння навук. менеджменту. А.​Фаёль, Г.​Эмерсан, Г.​Форд і інш. абгрунтавалі неабходнасць падзелу працы ў апараце кіравання, яго іерархічную структуру і ролю, аўтарытэту кіраўніка для матэрыяльнага і маральнага стымулявання працы работнікаў. Выкарыстанне навук. аналізу, эфектыўнай сістэмы кіравання і дасканалая арг-цыя паточна-канвеернага метаду дазвалялі прыхільнікам М. дамагчыся значнага зніжэння выдаткаў вытв-сці і павышэння прадукцыйнасці працы. Некаторыя прыхільнікі М. прызнавалі значэнне ў кіраванні чалавечага фактара, але іх рэкамендацыі зводзіліся пераважна да матэрыяльных фактараў — справядлівай аплаты, матэрыяльнага стымулявання і да т.п. Гэта абумовіла неабходнасць пошуку новых шляхоў росту эфектыўнасці вытв-сці, што прадвызначыла паяўленне новых школ і тэорый («школа чалавечых адносін», «тэорыя індустрыяльнага кіравання» і інш.).

У.​Р.​Залатагораў.

т. 10, с. 286

МЕНЕЛА́Й (Menelaos),

у старажытнагрэч. міфалогіі спартанскі цар, адзін з найб. вядомых удзельнікаў Траянскай вайны, якая пачалася з-за выкрадання яго жонкі Алены траянскім царэвічам Парысам. Пасля ўзяцця ахейскімі войскамі Троі М. разам з Аленай шмат гадоў вандраваў па свеце, пакуль змог вярнуцца ў Спарту. Паводле міфа, М. пасля смерці перанесены ў казачныя Елісейскія палі (гл. Элізіум).

т. 10, с. 286

МЕНЕЛА́С (Адам Адамавіч) (1753—1831),

расійскі архітэктар, прадстаўнік класіцызму. Паводле паходжання англічанін. З 1784 працаваў у Расіі. Пад кіраўніцтвам і паводле праектаў М.А.Львова будаваў саборы ў г. Таржок і ў Магілёве. Аўтар сядзібы Разумоўскага (1799—1802, магчыма, пры ўдзеле Львова; класіцызм), планіровак паркаў і паркавых збудаванняў у псеўдагатычным стылі — парк «Александрыя» (1826—29) у г. Петрадварэц, а таксама «Арсенал» і «Белая вежа» (1830) у Аляксандраўскім парку г. Пушкін Ленінградскай вобл.

т. 10, с. 286

МЕ́НЕЛІК II, Мынілік (уласнае Сахле-Мар’ям; 17.8.1844, г. Анкабэр, Эфіопія — 12.12.1913),

імператар Эфіопіі [1889—1909]. Сын негуса (правіцеля) вобл. Шоа. З 1865 негус Шоа. Пасля гібелі імператара Іаханыса IV [1872—89] абвясціў сябе імператарам Эфіопіі. 1.3.1896 разбіў італьян. войскі пры Адуа, дамогся прызнання еўрап. дзяржавамі незалежнасці Эфіопіі. Пашырыў тэр. краіны да яе сучасных межаў. Ажыццяўляў палітыку цэнтралізацыі Эфіопіі, задушыў рэгіянальны сепаратызм, правёў шэраг адм. рэформ, садзейнічаў буд-ву дарог, развіццю гандлю, пры ім было створана рэгулярнае войска і ўведзена нац, валюта.

Літ.:

Булатович А.К. С войсками Менелика II. М., 1971.

т. 10, с. 286

МЕ́НЕС,

першы летапісны цар 1-й дынастыі ў Стараж. Егіпце. Яму прыпісваецца аб’яднанне Верхняга і Ніжняга Егіпта (паводле сведчання Герадота і Манефона), вынаходства іерагліфічнай пісьменнасці (паводле сведчання Плінія Старэйшага), ён стварыў асновы новай самабытнай егіп. культуры. На мяжы Верхняга і Ніжняга Егіпта заснаваў горад Белыя Сцены (пазней — Мемфіс) — рэліг. і паліт. цэнтр Стараж Егіпта.

Літ.:

Жак К. Египет великих фараонов: История и легенда: Пер. с фр. М., 1992. С. 41—49.

т. 10, с. 286