МЕНЕДЖЭРЫ́ЗМ,

тэорыя навук. кіравання вытв-сцю; кірунак эканам. думкі, які вывучае і разглядае ролю кіравання ў эканоміцы праз менеджэраў. Узнік у 1880—90-я г. ў ЗША. Заснавальнік — Ф.Тэйлар. Распрацаваная ім сістэма кіравання была першай і ўдалай спробай стварэння навук. менеджменту. А.​Фаёль, Г.​Эмерсан, Г.​Форд і інш. абгрунтавалі неабходнасць падзелу працы ў апараце кіравання, яго іерархічную структуру і ролю, аўтарытэту кіраўніка для матэрыяльнага і маральнага стымулявання працы работнікаў. Выкарыстанне навук. аналізу, эфектыўнай сістэмы кіравання і дасканалая арг-цыя паточна-канвеернага метаду дазвалялі прыхільнікам М. дамагчыся значнага зніжэння выдаткаў вытв-сці і павышэння прадукцыйнасці працы. Некаторыя прыхільнікі М. прызнавалі значэнне ў кіраванні чалавечага фактара, але іх рэкамендацыі зводзіліся пераважна да матэрыяльных фактараў — справядлівай аплаты, матэрыяльнага стымулявання і да т.п. Гэта абумовіла неабходнасць пошуку новых шляхоў росту эфектыўнасці вытв-сці, што прадвызначыла паяўленне новых школ і тэорый («школа чалавечых адносін», «тэорыя індустрыяльнага кіравання» і інш.).

У.​Р.​Залатагораў.

т. 10, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)