МЕНЕГА́ЦЫЯ (Menegazzia),

род ліставатых лішайнікаў сям. пармеліевых. 30 відаў. Пашыраны пераважна ў гарах Еўразіі, Амерыкі, Аўстраліі. На Беларусі 1 від — М. прадзіраўленая (M. pertusa, або M. terebrata), занесеная ў Чырв. кнігу. Трапляецца на ствалах і галінках дрэў, бураломе.

Слаявіна разеткападобная, дыям. 5—15 см, зверху шаравата-зялёная, гладкая, з акруглымі шматлікімі дзіркамі, знізу чорная, складкаватая, бліжэй да краёў святлейшая. Лопасці глыбоканадрэзаныя з хвалістым краем. Пладовыя целы (апатэцыі) утвараюцца рэдка. Размнажэнне пераважна вегетатыўнае (сарэдыямі).

У.​У.​Галубкоў.

Менегацыя прадзіраўленая.

т. 10, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)