Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛІ́НДЭ ((Linde) Самуэль Багуміл) (24.4. 1771, г. Торунь, Польшча — 18.8.1847),

польскі лексікограф. Чл. многіх замежных акадэмій. З 1791 выкладчык польскай мовы ў Лейпцыгскім ун-це, з 1804 дырэктар Варшаўскага ліцэя. У перыяд Варшаўскага княства чл. Палаты грамадскай адукацыі, кіраўнік Дырэкцыі нар. адукацыі. Адзін з арганізатараў і дырэктар публічнай б-кі пры Варшаўскім ун-це. Чл. Варшаўскага т-ва сяброў навук, многіх навук. т-ваў. Гал. праца Л. — «Слоўнік польскай мовы» (т. 1—6, 1807—14). Аўтар працы «Пра статут літоўскі...» (1816). Даследаваў стараж. прускую мову.

Літ.:

Michalski J. Spór o koncepcję «Słownika» Lindego // Studia i materiały z dziejów nauki polskiej. Warszawa, 1954. T. 2.

т. 9, с. 265

ЛІ́НДЭР (Linder) Макс [сапр. Лёўель (Leuvielle) Габрыэль Максіміліян; 16.12.1883, Сен-Лубес, Францыя — 30.10.1925], французскі акцёр-комік. Вучыўся ў кансерваторыі ў Бардо. Выступаў у т-рах «Амбігю камік» і «Вар’етэ» ў Парыжы. З 1905 здымаўся ў кіно, з 1912 пастаноўшчык фільмаў. Творчасць Л. вызначыла пераход ад элементарнага камічнага дзеяння да стварэння камед. характэрнасці, быт. дакладнасці, тонкай іроніі. Лепшыя ролі ў фільмах «Макс і хінін», «Макс-тарэадор», «Чэмпіён па боксе», «Макс жэніцца», «Макс-гіпнатызёр» і інш. Скончыў самагубствам. У 1963 яго дачка выпусціла фільм «У кампаніі Макса Ліндэра», у які ўключаны лепшыя работы акцёра.

Літ.:

Трауберг Л. Мир наизнанку. М., 1984.

т. 9, с. 265

ЛІ́НЕ ((Line) Велта) (н. 28.8.1923),

латышская актрыса. Нар. арт. Латвіі (1964). Нар. арт. СССР (1973). Вучылася ў драм. студыях Нар. т-ра і Т-ра драмы ў Рызе. З 1945 актрыса Латв. т-ра драмы імя Упіта. Лепшыя ролі: Кайва («Гліна і фарфор» А.Грыгуліса), Зента, Жанна д’Арк, Ліена («Сын рыбака», «Жанна д’Арк»; «Зямля зялёная» А.Упіта), Дэздэмона, Афелія («Атэла», «Гамлет» У.Шэкспіра), Маргарыта Гацье («Дама з камеліямі» паводле А.Дзюма-сына), Ніна Зарэчная («Чайка» А.Чэхава), Таня («Таня» А.Арбузава) і інш. Здымаецца ў кіно. Дзярж. прэміі СССР 1948, 1951.

т. 9, с. 265

ЛІНЕАМЕ́НТ (ад лац. lineamentum лінія, контур) у геалогіі, лінейныя або дугападобныя геал. структуры планетарнага значэння, часта зоны глыбінных разломаў, таксама выпрастаныя элементы ландшафту асобных раёнаў, якія адлюстроўваюць разрыўныя парушэнні і трэшчынаватасць. Тэрмін прапанаваны амер. геолагам У.Хобсам (1904). Л. планетарнага ранг у прасочваюцца ўздоўж рухомых паясоў і краёў платформ, вулканічных і астраўных дуг, шыротных разломаў Ціхага ак., рыфтавых зон Сярэдзінна-Атлантычнага хр. і інш. Праз тэр. Беларусі праходзіць Л. Сармацка-Туранскі. Распасціраецца на 4 тыс. км. ад Падляска-Брэсцкай упадзіны на 3 да паўд.-зах. адгор’яў Гісарскага хр. (Узбекістан) на У. Шыр. 100—150 км. Сетка рэгіянальных Л. (прамалінейныя ўчасткі далін рэк, эразійныя ўступы, ланцугі азёр, балот, крыніц і інш.) на тэр. Беларусі мае даўжыню суцэльных адрэзкаў 5—100 км. Плошчы з найб. шчыльнасцю Л. ствараюць працяглыя лінейныя зоны, якія абмяжоўваюцца разрыўнымі парушэннямі. Участкі інтэнсіўнага згушчэння Л. адпавядаюць найб. высокаму заляганню паверхні фундамента (антэклізы, выступы, падняцці, седлавіны). Л. вызначаюцца па аэра- і космафотаматэрыялах, тапакартах, у час палявых даследаванняў, выкарыстоўваюцца пры геолага-разведачных работах. Гл. таксама Тэктанічны разрыў.

Р.Р.Паўлавец.

т. 9, с. 265

ЛІНЕ́ВІЧ (Яраслаў Львовіч) (н. 16.1.1932, в. Беліца Лідскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1982). Скончыў БПІ (1958). З 1958 працаваў у Віцебскім абл. філіяле ін-та «Белдзяржпраект», ін-тах «Белдзяржпраект», «Мінскпраект», Гал. арх.-планіровачным упраўленні Мінскага гарвыканкома, БелНДІП горадабудаўніцтва (у 1985—88 гал. архітэктар), Дзяржбудзе БССР. З 1989 нач. Галоўмінскархітэктуры, гал. архітэктар Мінска, у 1994—98 гал. архітэктар ін-та «Мінскпраект». Асн. работы: генплан Брэста (1965), праекты планіроўкі і забудовы мікрараёнаў у Віцебску, Гродне, Магілёве, Наваполацку і інш. (1960—71), дэталёвай планіроўкі і забудовы цэнтра водна-зялёнага дыяметра (1971), генплана і прыгараднай зоны Мінска да 2000 г. (1982), яго карэктуры да 2010 г. (1996); бел. кварталы раёна Чыланзар у Ташкенце (1966) і ў г. Кіравакан (Арменія, 1986; усе ў аўтарскім калектыве).

т. 9, с. 266

ЛІНЕ́Й (Linné, Linnaeus) Карл фон (23.5.1707, Росхульт, Швецыя — 10.1.1778), шведскі прыродазнавец, стваральнік сістэмы класіфікацыі расліннага і жывёльнага свету. Акад. Каралеўскай швед. АН (1739), чл. Парыжскай АН (1762). Замежны чл. Пецярбургскай АН (1754). Вучыўся ў Лундскім (1727) і Упсальскім (з 1728) ун-тах. У 1735—38 заг. Бат. сада ў г. Хартэкамп (Галандыя), з 1739 заснавальнік і першы прэзідэнт швед. АН, з 1741 ва Упсальскім ун-це. Навук. працы па сістэматыцы, батаніцы, заалогіі, медыцыне, мінералогіі. Увёў бінарную (двайную) наменклатуру (1735), паводле якой кожны від раслін і жывёл абазначаецца 2 лацінскімі назвамі — радавой і відавой. Стварыў штучную класіфікацыю раслін і жывёл, вылучыў клас млекакормячых (да якога аднёс і чалавека), апісаў каля 1500 відаў раслін. Аўтар кніг «Сістэма прыроды» (1735), «Віды раслін» (1753), «Філасофія батанікі» (1754) і інш. Прытрымліваўся поглядаў аб нязменнасці відаў.

К.Ліней.

т. 9, с. 266

ЛІНЕ́ЙКА,

1) інструмент для правядзення прамых ліній на плоскасці і выканання некаторых вымярэнняў. Чарцёжная Л. для правядзення паралельных ліній наз. рэйсшынай (бывае Т-падобная і механізаваная, з сістэмай ролікаў і нітак), для правядзення крывых ліній — лякала (гл. таксама Чарцёжна-канструктарская тэхніка).

2) Л. праверачная — стальная або чыгунная, для праверкі прамалінейнасці паверхняў дэталей станкоў, машын і інш. Даўж. да 4 м.

3) Лічыльны інструмент для інж. вылічэнняў — лагарыфмічная лінейка.

4) Шматмесны адкрыты конны экіпаж з падоўжнай перагародкай, у якім пасажыры сядзяць бокам да напрамку руху; гар. транспарт у 19 ст. ў Расіі.

т. 9, с. 266

ЛІНЕ́ЙНАЕ ВЫМЯРЭ́ННЕ,

вымярэнне даўжыні, плошчы, аб’ёму. Робіцца лінейкамі, штангенінструментамі, мернымі стужкамі, у т.л. рулеткамі вымяральнымі і інш.

т. 9, с. 266

ЛІНЕ́ЙНАЕ КІРАВА́ННЕ,

структура кіравання, якая мае на мэце прамое ўздзеянне на працэс кіравання з боку лінейнага кіраўніка (дырэктара, начальніка, майстра, брыгадзіра). Кіраўнік засяроджвае ў адных руках усе функцыі кіравання. Пры такой структуры кожнае падраздзяленне (або асобны выканаўца падпарадкоўваецца аднаму вышэйстаячаму органу кіравання ці кіраўніку, які самастойна выконвае ўсе кіраўніцкія функцыі. Станоўчым у Л.к. з’яўляецца тое, што яно выключае двайное падпарадкаванне, мае дакладныя і простыя ўзаемаадносіны, вызначаецца аператыўнасцю распрацоўкі і рэалізацыі кіраўніцкіх рашэнняў, павышае адказнасць кіраўніка за вынікі работы; адмоўнае — значны аб’ём інфармацыі, што перадаецца на розных узроўнях, высокія патрабаванні да кваліфікацыі кіраўнікоў і іх кампетэнцыі ва ўсіх пытаннях работы падначаленых звёнаў, абмежаванне ці зніжэнне ініцыятывы работнікаў ніжэйшых узроўняў кіравання. Л.к. больш прыдатнае пры невял. аб’ёмах работ, дзе задача па кіраванні менш складаная. Усё большыя аб’ёмы і складанасці вытв-сці прадвызначылі далейшае раздзяленне функцый кіравання і выклікалі неабходнасць выкарыстання функцыянальнага кіравання.

У.Р.Залатагораў.

т. 9, с. 266

ЛІНЕ́ЙНАЕ ПЕРАЎТВАРЭ́ННЕ,

1) Л.п. пераменных x1,x2, ..., xn — замена гэтых пераменных на новыя y1,y2, ..., yn, праз якія першасныя пераменныя выражаюцца лінейна. Матэматычна выражаецца формуламі: x1 = a11y1 + a12y2 + ... + a1nyn + b1 , x2 = a21y1 + a22y2 + ... + a2nyn + b2 , ..................................... , xn = an1y1 + an2y2 + ... + annyn + bn , дзе aij, bi — адвольныя лікі. Калі ўсе лікі bi роўныя нулю, то Л.п. наз. аднародным. Напр., формулы пераўтварэння дэкартавых каардынат на плоскасці.

2) Л.п. вектарнай прасторы — закон, па якім вектару x з n-мернай прасторы ставіцца ў адпаведнасць новы вектар y каардынаты якога лінейна і аднародна выражаюцца праз каардынаты вектара x. Напр., праектаванне вектара на адну з каардынатных плоскасцей ў трохмернай прасторы.

т. 9, с. 266