ЛІНЕ́Й (Linné, Linnaeus) Карл фон (23.5.1707, Росхульт, Швецыя — 10.1.1778), шведскі прыродазнавец, стваральнік сістэмы класіфікацыі расліннага і жывёльнага свету. Акад. Каралеўскай швед. АН (1739), чл. Парыжскай АН (1762). Замежны чл. Пецярбургскай АН (1754). Вучыўся ў Лундскім (1727) і Упсальскім (з 1728) ун-тах. У 1735—38 заг. Бат. сада ў г. Хартэкамп (Галандыя), з 1739 заснавальнік і першы прэзідэнт швед. АН, з 1741 ва Упсальскім ун-це. Навук. працы па сістэматыцы, батаніцы, заалогіі, медыцыне, мінералогіі. Увёў бінарную (двайную) наменклатуру (1735), паводле якой кожны від раслін і жывёл абазначаецца 2 лацінскімі назвамі — радавой і відавой. Стварыў штучную класіфікацыю раслін і жывёл, вылучыў клас млекакормячых (да якога аднёс і чалавека), апісаў каля 1500 відаў раслін. Аўтар кніг «Сістэма прыроды» (1735), «Віды раслін» (1753), «Філасофія батанікі» (1754) і інш. Прытрымліваўся поглядаў аб нязменнасці відаў.

К.Ліней.

т. 9, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)