Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Колас Міхаіл Яўхімавіч

т. 18, кн. 1, с. 409

КО́ЛА ДЫ РЫЕ́НЦА,

гл. Рыенца Кола ды.

т. 8, с. 381

КОЛБ (Уладзімір Гаўрылавіч) (н. 12.3.1929, в. Лемяшэвічы Пінскага р-на, Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне біяхіміі. Д-р мед. н. (1970), праф. (1972). Засл. дз. нав. Беларусі (1990). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1955). З 1970 заг. кафедры Бел. ін-та ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па біяхіміі і імуналогіі лёгачнай і сардэчнай паталогіі, дыягностыцы і метадах даследавання ў нефралогіі і уралогіі, хірург. захворванняў.

Тв.:

Методы исследования в нефрологии и урологии. Мн., 1992 (разам з А.​С.​Чыжам, В.​С.​Пілатовічам);

Лабораторная диагностика хирургических заболеваний. Мн., 1993 (разам з У.​С.​Камышнікавым).

т. 8, с. 388

КО́ЛВІЛ (Colville),

рака на Пн Аляскі (ЗША). Даўж. каля 700 км, пл. бас. каля 60 тыс. км². Вытокі на схілах хр. Брукса, дзе даліна ўрэзана ў плато на глыб. да 120 м, ніжняе цячэнне на прыморскай раўніне. Упадае ў м. Бофарта Паўн. Ледавітага ак. Вясенне-летняе разводдзе. Сярэдні гадавы расход вады каля 380 м³/с. Большую частку года ўкрыта лёдам.

т. 8, с. 388

КО́ЛДУЭЛ ((Caldwell) Эрскін Прэстан) (17.12.1903, Морленд, ЗША — 11.4. 1987),

амерыканскі пісьменнік. У 1922—26 вучыўся ў Віргінскім ун-це. Друкаваўся з 1930. Сац. праблематыка ў навелах 1930-х г. (зб-кі «Амерыканская зямля», 1931; «Мы жывыя», 1933; «На каленях перад узыходзячым сонцам», 1935, і інш.), аповесцях «Выпадак у ліпені» (1940), «Хлопчык з Джорджыі» (1943; аўтабіягр.). У сац. раманах «Тытунёвая дарога» (1932), «Богава дзялянка» (1933), «Джэні» (1961), «Бліжэй дадому» (1962) паказаў поўнае кантрастаў жыццё амер. Поўдня, праблемы расавай дыскрымінацыі, эканам. няроўнасці. Псіхал. і любоўныя канфлікты ў раманах «Далонь Госпада Бога» (1947), «Начнік» (1952), «Каханне і грошы» (1954), «Грэта» (1955). Творам К. ўласцівы моўны лаканізм, спалучэнне рэаліст. і натуралістычных тэндэнцый, трагічнага з сатыр.-фарсавым. Пад уражаннем паездкі ў СССР і на фронт у 1942 напісаў публіцыстычныя кнігі «Дарога на Смаленск», «Расія змагаецца» і раман пра партыз. рух у Сав. Саюзе «Усю ноч». Аўтар публіцыстычных кніг «Удоўж і ўпоперак Амерыкі» (1964), «У пошуках Біска» (1965), «Апоўдні пасярод Амерыкі» (1976) і інш. На бел. мову паасобныя творы К. пераклалі Я.​Верабей, С.​Дорскі, Я.​Дубовік, В.​Лапацін.

Тв.:

Рус. пер. — Повести и рассказы. М., 1956;

Дженни. Ближе к дому. М., 1963;

Вдоль и поперек Америки. М., 1966.

Літ.:

Яценко В.И. Эрскин Колдуэл. Иркутск, 1967;

Засурский Я.Н. Американская литература XX в. 2 изд. М., 1984.

Е.​А.​Лявонава.

т. 8, с. 388

КО́ЛДЭР ((Calder) Александэр) (22.7. 1898, г. Філадэльфія, ЗША — 11.11. 1976),

амерыканскі скульптар, жывапісец і графік; адзін з стваральнікаў кінетычнага мастацтва. Найбуйнейшы прадстаўнік амер. мадэрнізму ў скульптуры. Скончыў Лігу вывучаючых мастацтва ў Нью-Йорку (1926). У 1926—33 у Парыжы, дзе зблізіўся з Ж.Міро і П.​Мондрыянам, затым у ЗША, пасля 1945 у Парыжы і ЗША. Сярод твораў: «Стальная рыба» (1934), «Пастка для амараў і хвост рыбіны» (1939), «Чырвоныя гонгі» (каля 1950), кампазіцыя акустычнай столі актавай залы ун-та ў г. Каракас (Венесуэла, 1952), «Грэбень пеўня» (1960), «Тры аркі» (1963), «Чырвонае сонца» (1968, Алімп. стадыён у г. Мехіка). Аўтар дэкар.-вытанчаных падвесных рухомых канструкцый з жалеза, алюмінію і дроту («мабіляў»; «Чырвоная піраміда» і інш.), нерухомых метал. канструкцый («стабіляў»), партрэтных галоў з дроту. Працаваў як графік і жывапісец. Яго творы ўпрыгожваюць «Лінкальн-цэнтр» у Нью-Йорку і будынак ЮНЕСКА у Парыжы.

А.Колдэр. Чырвоная піраміда.

т. 8, с. 388

КО́ЛЕР (лац. color),

1) уласцівасць прадметаў ці фіз. з’яў, якая ацэньваецца зрокавым адчуваннем. У пераважнай большасці выпадкаў колернае адчуванне ўзнікае пры ўздзеянні на вока бачнага выпрамянення (эл.-магн. выпрамянення з даўжынямі хваль ад 400 да 750 нм); часам узнікае пры націсканні на вока, эл. раздражненні і інш., а таксама па мысленнай асацыяцыі з інш. адчуваннямі (напр., гуку, цяпла) і ў выніку работы ўяўлення.

К. падзяляюцца на ахраматычныя (чорны, белы і прамежкавыя паміж імі шэрыя) і храматычныя (усе астатнія); характарызуюцца чысцінёй, насычанасцю, тонам і яркасцю. Адрозніваюць К. крыніц святла (вызначаецца спектрам крыніцы) і аб’ектаў, якія не свецяцца ўласным святлом. Прадмет мы бачым белым, калі ён аднолькава адбівае ўсе прамяні бачнага спектра, чорным — цалкам паглынае іх, шэрым — аднолькава, але не поўнасцю паглынае ўсе прамяні, каляровым — паглынае толькі некаторыя з іх. Успрыманне К. абумоўлена рознай рэакцыяй святлоадчувальных элементаў вока на святло рознай даўжыні хвалі і інтэнсіўнасці, але сігналы, што паступаюць у цэнтр. нерв. сістэму, успрымаюцца з улікам раней атрыманай інфармацыі, якая зберагаецца ў памяці чалавека. Гл. таксама Колернасці тэорыя.

2) К. у выяўленчым мастацтве, мастацкі сродак адлюстравання рэчаіснасці ва ўсім багацці яе фарбаў; важны элемент маст. твора, які выконвае ў ім выяўл. і выразныя функцыі і неадрыўна звязаны з інш. элементамі — кампазіцыяй, малюнкам, фактурай і інш.; аснова каларыту. К. розняцца паводле тону, насычанасці, светлаты, падзяляюцца на «цёплыя» і «халодныя». У працэсе развіцця мастацтва склалася багатая сімволіка К., якая мае гіст. і нац. абумоўлены характар, звязана з асаблівасцямі маст. стылю эпохі, відам мастацтва, творчымі задачамі. К. — асн. структурны элемент жывапісу, дзе найб. яскрава праяўляюцца яго выразныя магчымасці: перадача матэр. якасці асобных аб’ектаў (лакальны К.), іх размяшчэнне ў прасторы карцін (гл. Перспектыва), паветр. асяроддзя, асветленасці, сувязі з інш. аб’ектамі і навакольным асяроддзем. З’яўляецца асновай маст. вобраза твора, сродкам псіхал. характарыстыкі, перадачы эмац. стану персанажаў і інш. У манум. мастацтве выконвае дэкар. функцыі і аб’ядноўвае асобныя аб’екты ў адзіны ансамбль; выкарыстоўваецца ў графіцы, скульптуры (паліхромная скульптура), дэкар.-прыкладным мастацтве.

Я.​Г.​Міляшкевіч, Т.​В.​Пешына.

т. 8, с. 389

КО́ЛЕР у фізіцы элементарных часціц,

спецыфічны квантавы лік, які характарызуе кваркі і глюоны. Кожны тып кварка можа знаходзіцца ў трох фіз. неадрозных колеравых станах, а кожны з глюонаў — у 8 двухколеравых станах. У квантавай хромадынаміцы К. (колеравы зарад) вызначае моцнае ўзаемадзеянне гэтых часціц.

т. 8, с. 389

КОЛЕРАДЗЯЛЕ́ННЕ ў тэхніцы,

раздзяленне выпрамянення складанага спектральнага складу, вылучанага (ці адбітага) аб’ектам фота- або кіназдымкі, на некалькі (звычайна 3) спектральных дыяпазонаў у адпаведнасці з зонамі адчувальнасці элементарных слаёў колерафатаграфічнага матэрыялу. К. таксама наз. першую стадыю каляровага фатагр. працэсу (гл. Каляровая фатаграфія), якая забяспечвае атрыманне аднаколерных відарысаў на мнагаслойным матэрыяле. У шматкаляровым друку такія відарысы атрымліваюць на асобных святлоадчувальных слаях, якія наз. колерападзеленымі негатывамі. У каляровым тэлебачанні для атрымання сігналаў асн. колераў выкарыстоўваюцца 1-, 2- ці 3-трубачныя перадавальныя камеры (у т. л. на ПЗС-матрыцах), дзе агульны светлавы паток падзяляецца на 3 колерападзеленыя патокі з дапамогай святлопадзяляльнай оптыкі, якая мае набор дыхраічных фільтраў (ці прызмаў), карэкціровачных фільтраў і невыбіральных люстэркаў. Пры ідэальным К. спектральная вобласць выпрамянення падзяляецца на ўчасткі, якія мяжуюць, але не перакрываюцца адзін адным. Рэальнае К. ажыццяўляецца з дапамогай селектыўна паглынальных асяроддзяў (фарбавальнікаў у элементарных слаях фотаматэрыялу, святлафільтраў і інш.) і адрозніваецца ад ідэальнага, напр., з-за перакрывання зон прапускання гэтых асяроддзяў.

Літ.:

Артюшин Л.Ф. Основы воспроизведения цвета в фотографии, кино и полиграфии. М., 1970;

Джадд Д., Вышецки Г. Цвет в науке и технике: Пер. с англ. М., 1978.

А.​П.​Ткачэнка.

Да арт Колерадзяленне: 1, 2, 3 — колерныя трохвугольнікі для вымярэння колеру, свячэння люмінафораў кінескопаў у тэлевізарах сістэмы НТСЦ і еўрапейскага стандарту; 4,5 — контуры колернасці ў каляровай фатаграфіі друку.

т. 8, с. 389

КОЛЕРАМЕ́ТР (ад колер + ...метр),

аптычная прылада для вызначэння колеру і канцэнтрацыі афарбаваных раствораў, эмульсій і інш. Выкарыстоўваецца ў фотаметрычным і колераметрычным аналізе.

Падзяляюцца на візуальныя і фотаэлектрычныя. Колер вымяраецца трохколерным К., дзе зададзены колер атрымліваецца ў выніку аптычнага змешвання пэўных колькасцей трох асн. колераў (гл. Колераметрыя). Канцэнтрацыя рэчываў вымяраецца монахраматычным К. у святле таго ўчастка спектра, які найб. паглынаецца дадзеным рэчывам і слаба паглынаецца інш. рэчывамі раствору, прынцып дзеяння заснаваны на параўнанні інтэнсіўнасцей афарбоўкі ўзораў — стандартнага і таго, што даследуецца.

т. 8, с. 390