КО́ЦЕЛ (Юзаф) (20.9.1764—18.7.1810),
дзяржаўны дзеяч ВКЛ, адзін з кіраўнікоў паўстання 1794. З роду Катлоў, сын Т.Коцела, генерал-маёра войск ВКЛ, старосты ашмянскага і Г.Тышкевіч. Валодаў Гарадзілавам і Юзафполем у Ашмянскім пав., быў старостам больніцкім і яліцкім. Пасол ад Ашмянскага пав. на Чатырохгадовы сейм 1788—92, прыхільнік Канстытуцыі 3 мая 1791. З пачаткам паўстання 1794 увайшоў у Найвышэйшую літоўскую раду, чл. Дэпутацыі публічнай бяспекі. 3.5.1794 рада абрала яго прадстаўніком пры камандуючым паўстанцкімі войскамі ВКЛ Я.Ясінскім. У маі 1794 пасланы радай да Т.Касцюшкі, каб пераканаць паўстанцкія ўлады ў Варшаве ў лаяльнасці, што не прадухіліла роспуск рады. 8.6.1794 Найвышэйшая нацыянальная рада ў Варшаве прызначыла яго сваім упаўнаважаным у ВКЛ, 30.6.1794 Касцюшка ўвёў яго ў склад гэтай рады (намеснікам радцы). Належаў да памяркоўнага крыла паўстання, быў паліт. праціўнікам «якабінцаў», Ясінскага. Радыкальныя колы паўстання абвінавачвалі яго ў бяздзейнасці ў час штурму рас. войскамі Вільні, у нежаданні ўзбройваць сялян. Пасля падаўлення паўстання жыў у Венецыі, Парыжы, зблізіўся з радыкальнымі коламі эміграцыі. Пахаваны ў Беніцы (Маладзечанскі р-н).
т. 8, с. 439
КО́ЦЕРА ((Kotěra) Ян) (18.12.1871, г. Брно, Чэхія — 17.4.1923),
чэшскі архітэктар; заснавальнік чэш. арх. школы 20 ст. Вучыўся ў Прамысл. школе ў г. Пльзень (1887—90) і АМ у Вене (1894—97) у О.Вагнера. Выкладаў у Празе ў Маст.-прамысл. школе (з 1898) і АМ (з 1911). Раннія работы ў стылі мадэрн, пасля 1906 імкнуўся да функцыян. мэтазгоднасці, прастаты і тэктанічнай выразнасці форм: адм. будынак (1903—04) і музей (1908—12) у Градзец-Кралаве, Нар. дом у Просцеёве (1905—07), будынкі юрыд. ф-та ун-та ў Празе (1907—20), банка «Славія» ў Сараеве (1911—12).
т. 8, с. 439