КО́ЦЕЛ (Юзаф) (20.9.1764—18.7.1810),

дзяржаўны дзеяч ВКЛ, адзін з кіраўнікоў паўстання 1794. З роду Катлоў, сын Т.Коцела, генерал-маёра войск ВКЛ, старосты ашмянскага і Г.Тышкевіч. Валодаў Гарадзілавам і Юзафполем у Ашмянскім пав., быў старостам больніцкім і яліцкім. Пасол ад Ашмянскага пав. на Чатырохгадовы сейм 1788—92, прыхільнік Канстытуцыі 3 мая 1791. З пачаткам паўстання 1794 увайшоў у Найвышэйшую літоўскую раду, чл. Дэпутацыі публічнай бяспекі. 3.5.1794 рада абрала яго прадстаўніком пры камандуючым паўстанцкімі войскамі ВКЛ Я.Ясінскім. У маі 1794 пасланы радай да Т.Касцюшкі, каб пераканаць паўстанцкія ўлады ў Варшаве ў лаяльнасці, што не прадухіліла роспуск рады. 8.6.1794 Найвышэйшая нацыянальная рада ў Варшаве прызначыла яго сваім упаўнаважаным у ВКЛ, 30.6.1794 Касцюшка ўвёў яго ў склад гэтай рады (намеснікам радцы). Належаў да памяркоўнага крыла паўстання, быў паліт. праціўнікам «якабінцаў», Ясінскага. Радыкальныя колы паўстання абвінавачвалі яго ў бяздзейнасці ў час штурму рас. войскамі Вільні, у нежаданні ўзбройваць сялян. Пасля падаўлення паўстання жыў у Венецыі, Парыжы, зблізіўся з радыкальнымі коламі эміграцыі. Пахаваны ў Беніцы (Маладзечанскі р-н).

т. 8, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)