Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КОХ (Аляксандр Мікалаевіч) (6.5.1909, г. Гродна — 1.7.1972),

бел. жывапісец. Скончыў Варшаўскую АМ (1934). Працаваў у жанрах пейзажа, партрэта, нацюрморта. Сярод твораў лірычныя пейзажы «Позняя восень» (1946), «Ранняя вясна» (1957), «Ветраны дзень» і «Старое Гродна» (1961), «Маладое жыта» (1962), «Ускраіна горада» (1965), «Вясна» (1968); партрэты Д.А.Паўловіч (1957), С.І.Дулаева (1963), «Партрэт мастака» (1968), «Камінар» (1960), «Нацюрморт з рыбай» (1957) і інш.

т. 8, с. 438

КОХ ((Koch) Іозеф Антон) (27.7.1768, Эльбігенальп, Аўстрыя — 12.1.1839),

аўстрыйскі жывапісец і афартыст. Вучыўся ў г. Штутгарт (Германія; 1785—91). З 1795 працаваў у Рыме (у 1812—15 у Вене). Пісаў жывыя, напоўненыя экспрэсіяй пейзажы ў духу класіцызму. Значна паўплываў на развіццё пейзажнага жывапісу ў Германіі. Больш познім творам уласцівы рысы рамантызму. Сярод работ: «Ахвярапрынашэнне Ноя» (1813), «Бернскі Оберланд» (1815), «Вадаспад у Шмадрыбаху» (1821—22), «Пейзаж з Макбетам і вядзьмаркамі» (1829). Аўтар фрэсак для адной з залаў вілы Масімі ў Рыме (1827—29), ілюстрацый да «Боскай камедыі» Дантэ і інш.

І.Кох. Вадаспад у Шмадрыбаху. 1821—22.

т. 8, с. 438

КОХ ((Koch) Роберт) (11.12.1843, г. Клаўсталь-Цэлерфельд, Германія — 27.5.1910),

нямецкі ўрач і бактэрыёлаг, адзін з заснавальнікаў бактэрыялогіі і эпідэміялогіі. Замежны чл. Французскай і Пецярбургскай АН. Скончыў Гётынгенскі ун-т (1866). З 1885 праф. Берлінскага ун-та, у 1891—1904 дырэктар ін-та інфекц. хвароб у Берліне (пазней — яго імя). Навук. працы па вывучэнні ўзбуджальнікаў інфекц. хвароб і барацьбе з імі. Адкрыў узбуджальніка туберкулёзу (палачка Коха, 1882), халеры (1883), вылучыў культуру ўзбуджальніка сіб. язвы, даказаў яе здольнасць да спораўтварэння. Прапанаваў прэпарат туберкулін (выкарыстоўваецца ў дыягностыцы туберкулёзу), метады мікрабіял. даследаванняў — культываванне мікраарганізмаў на біял. (пажыўным) асяроддзі, спосабы дэзінфекцыі. Сфармуляваў крытэрыі этыялагічнай сувязі інфекц. захворвання з мікраарганізмам. Нобелеўская прэмія 1905.

Р.Кох.

т. 8, с. 438

КО́ХАНАВА,

гарадскі пасёлак у Талачынскім р-не Віцебскай вобл. За 24 км на ПнУ ад г. Талачын, 112 км ад Віцебска, 3 км ад чыг. ст. Коханава на лініі Мінск—Орша, аўтадарогамі злучаны з Оршай і Талачыном. 5,0 тыс. ж. (1998).

Узнікла да пач. 16 ст. ў частцы Друцкага княства, якая належала кн. І.В.Друцкаму-Краснаму. З 1551 уладанне Гарнастаяў. У выніку адм. рэформы ВКЛ 1565—66 К. ўключана ў Аршанскі пав. Паводле інвентара за 1624 К. — мястэчка ў складзе маёнтка Стараселле Л.І.Сапегі. З 1772 у Рас. імперыі, у Копыскім пав. Магілёўскай губ. У 1785 у мястэчку К. 324 ж, 57 двароў. У пач. 20 ст. мястэчка, цэнтр воласці, 1,2 тыс. ж., нар. вучылішча, лячэбніца. У 1924—31, 1946—56 цэнтр Коханаўскага раёна, у 1931—46 і з 1956 у Талачынскім р-не. З 19.2.1947 гар. пасёлак.

Вытв. аб’яднанне «Будіндустрыялізацыя», ільнозавод. Сярэдняя, дзіцяча-юнацкая спарт., мастацтваў і тэхн. творчасці школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, паліклініка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 8, с. 439

КО́ХАНАЎ (Піліп Лаўрэнцьевіч) (н. 9.10.1911, в. Мілаславічы Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

дзяржаўны дзеяч Беларусі. Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1936). З 1935 у апараце Наркамфіна БССР: інспектар, нам. начальніка, нач. бюджэтнага ўпраўлення. З 1946 нам. міністра, у 1951—65 міністр фінансаў БССР. У 1965—78 старшыня Дзяржплана БССР і нам. старшыні СМ БССР. Чл. ЦК КПБ у 1952—81. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1951—67, Вярх. Савета СССР у 1966—79, нам. старшыні планава-бюджэтнай камісіі Савета Нацыянальнасцей Вярх. Савета СССР у 1970—79.

т. 8, с. 439

КО́ХАНАЎСКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—31 і 1946—56. Утвораны 17.7.1924 у складзе Аршанскай акругі (да 26.7.1930). Цэнтр раёна — г.п. Коханава. 20.8.1924 падзелены на 12 сельсаветаў. Скасаваны 8.7.1931. Адноўлены 9.9.1946 у Віцебскай вобл. Уключаў 11 сельсаветаў. К.р. скасаваны 17.12.1956, тэр. ўвайшла ў склад Талачынскага і Аршанскага р-наў.

т. 8, с. 439

КО́ХЕР ((Kocher) Эміль Тэадор) (25.8.1841, Берн —27.7.1917),

швейцарскі хірург, адзін з заснавальнікаў брушной хірургіі. Прэзідэнт Германскага хірург. т-ва, ганаровы чл. Лонданскага каралеўскага хірург. т-ва, Рус. хірург. т-ва імя М.У.Пірагова і інш. Скончыў Бернскі ун-т (1865). З 1872 праф. хірургіі і дырэктар хірург. клінікі Бернскага ун-та. Навук. працы па вывучэнні функцый і метадах хірург. лячэння шчытападобнай залозы, антысептыцы. Распрацаваў аператыўныя доступы да ўнутраных органаў і буйных сасудаў, упершыню ажыццявіў выдаленне шчытападобнай залозы. Нобелеўская прэмія 1909.

Т.Кохер.

т. 8, с. 439

КО́ХТЛА-Я́РВЕ (Kohtla-Järve),

горад у Эстоніі, размешчаны на плато Паўн.Усх. Эстоніі. 69,9 тыс. ж. (1996). Чыг. станцыя. Цэнтр сланцаздабыўной і сланцахім. прам-сці, развіты эл.-тэхн., хім., паліўная, буд. матэрыялаў, мэблевая, лёгкая, харч. прам-сць. Газаправоды ў С.-Пецярбург і Талін. Музей сланцу. Філіял дзярж. маст. музея Эстоніі. Царква 15 ст.

т. 8, с. 439