КОХ ((Koch) Роберт) (11.12.1843, г. Клаўсталь-Цэлерфельд, Германія — 27.5.1910),

нямецкі ўрач і бактэрыёлаг, адзін з заснавальнікаў бактэрыялогіі і эпідэміялогіі. Замежны чл. Французскай і Пецярбургскай АН. Скончыў Гётынгенскі ун-т (1866). З 1885 праф. Берлінскага ун-та, у 1891—1904 дырэктар ін-та інфекц. хвароб у Берліне (пазней — яго імя). Навук. працы па вывучэнні ўзбуджальнікаў інфекц. хвароб і барацьбе з імі. Адкрыў узбуджальніка туберкулёзу (палачка Коха, 1882), халеры (1883), вылучыў культуру ўзбуджальніка сіб. язвы, даказаў яе здольнасць да спораўтварэння. Прапанаваў прэпарат туберкулін (выкарыстоўваецца ў дыягностыцы туберкулёзу), метады мікрабіял. даследаванняў — культываванне мікраарганізмаў на біял. (пажыўным) асяроддзі, спосабы дэзінфекцыі. Сфармуляваў крытэрыі этыялагічнай сувязі інфекц. захворвання з мікраарганізмам. Нобелеўская прэмія 1905.

Р.Кох.

т. 8, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)