Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КО́КА,

тое, што какаінавы куст.

т. 8, с. 379

КО́КАН (франц. cocon),

ахоўнае ўтварэнне кукалак многіх насякомых. Звычайна К. сплецены з шаўковай ніткі, што выдзяляецца лічынкай перад акукліваннем (у многіх коканапрадаў, молей і шаўкапрадаў, а таксама ў некат. відаў мурашак, К. якіх няправільна называюць «мурашынымі яйцамі»), або з слізі, якую выдзяляюць лічынкі некат. жукоў. Несапраўдныя К. (або пупарыі) многіх мух — скуркі лічынак, якія засталіся пасля лінькі. Дажджавыя чэрві, п’яўкі, павукі і некат. малюскі ўтвараюць т.зв. яйцавыя К., унутры якіх развіваюцца яйцы.

т. 8, с. 379

КОКАНАПРА́ДЫ (Lasiocampidae),

сямейства насякомых атр. матылькоў. Каля 1000 відаў, пераважна начныя. Пашыраны ўсюды, найб. разнастайныя ў тропіках. На Беларусі 16 відаў, найб. пашыраны К. кольчаты (кольчаты шаўкапрад) і хваёвы (Dendrolimus pini). Жывуць у кронах дрэў. Акукліваюцца ў рыхлых коканах.

У матылькоў цела масіўнае, крылы шырокія, у размаху да 9 см. Самкі большыя за самцоў. Ротавыя органы матылькоў не развітыя (не кормяцца). Вусені густа ўкрыты валаскамі, кормяцца лісцем дрэў і кустоў, ігліцай хвоі. Яйцы адкладваюць кучкамі. Зімуюць на стадыі вусеня, часам яец.

Коканапрады: 1 — хваёвы (а — самец, б — самка, в — вусень, г — кокан); 2 — пушысты (а — самец, б — самка, в — вусень, г — кокан).

т. 8, с. 379

КО́КАРАЎ (Валерый Іванавіч) (25.6.1950, г. Бугульма, Татарстан),

дзяржаўны дзеяч Рэспублікі Беларусь. Канд. тэхн. н. (1987). Скончыў Уфімскі нафтавы ін-т (1974). У 1974—87 на працы ў галіне нафтагазаздабыўной прам-сці; у т. л. гал. інжынер — нам. ген. дырэктара вытв. аб’яднання «Беларусьнафта». З 1989 першы нам. ген. дырэктара, ген. дырэктар ВА «Беларусьнафта». З 1994 в.а. нам. прэм’ер-міністра, нам. прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь.

т. 8, с. 379

КО́КАРАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура эпохі верхняга палеаліту (каля 15—10-га тыс. да н.э.) у верхнім цячэнні р. Енісей, на Пд Краснаярскага краю. Назва ад стаянкі Кокарава. Асн. занятак насельніцтва — паляванне на паўн. і высакароднага аленяў, зайца-беляка, зубра, горнага барана, пясца і інш. З крамянёвых пласцін яно вырабляла нажы, скрэблы, востраканечнікі; з косці і рогу — нажы, наканечнікі коп’яў і дроцікаў, матыкі, шылы, іголкі, пацеркі і інш.

А.​В.​Іоў.

т. 8, с. 379

КО́КАРС ((Kokars) Імантс) (н. 16.8.1921, г. Гулбене, Латвія),

латышскі харавы дырыжор, педагог. Нар. арт. Латвіі (1975). Нар. арт. СССР (1986). Скончыў Латв. кансерваторыю (1956), выкладае ў ёй (з 1977 праф. і рэктар). У 1951—53 і 1957—63 хормайстар хору Латв. тэлебачання і радыё, з 1956 адначасова маст. кіраўнік і гал. дырыжор мужчынскага хору «Дзіедоніс», у 1966—80 — нар. хору настаўнікаў «Беверына» Цэсіскага р-на, з 1969 — і камернага хору «Аве сол». З 1965 адзін з гал. дырыжораў рэсп. пеўчых свят. 1-я прэміі на міжнар. конкурсах у Арэца і Гарыцыі (Італія, 1974 і 1977), Дэбрэцэне (Венгрыя, 1982), Спіталь-ан-дэр-Драу (Аўстрыя, 1983). Дзярж. прэмія Латвіі 1974. Дзярж. прэмія СССР 1979.

т. 8, с. 379

КО́КІ (ад грэч. kokkos зерне),

бактэрыі шарападобнай формы. Тэрмін «К.» выкарыстоўваюць для апісання формы мікраарганізмаў, таксанамічнага значэння не мае. Пашыраны ў глебе, паветры, харч. прадуктах і інш. Найб. вядомыя аэробныя К. — Micrococcus, анаэробныя — Peptococcus, Pediococcus.

Клеткі дыяметрам 0,5—4 мкм, нерухомыя. Пераважна грамстаноўчыя. Адзіночныя К. адносяцца да мікракокаў. У залежнасці ад напрамку дзялення ўтвараюць пары клетак — дыплакокі, ланцужкі — стрэптакокі. Пры дзяленні ў двух узаемнаперпендыкулярных напрамках узнікаюць плоскія «табліцы», у трох — кубічныя пакеты — сарцыны. Хаатычнае дзяленне з утварэннем гронкападобнай масы ўласціва стафілакокам. Некат. віды (малочнакіслыя стрэптакокі) выкарыстоўваюць у харч. прам-сці. Патагенныя стрэптакокі і стафілакокі выклікаюць гнойныя захворванні.

т. 8, с. 379

КО́КЛЮШ (ад франц. coqueluche кашаль),

вострая інфекц. хвароба з прыступамі спазматычнага кашлю. Найчасцей хварэюць дзеці. Узбуджальнік — палачка Бардэ-Жангу (апісаны ў 1906 бельг. бактэрыёлагам Ж.​Бардэ і франц. О.​Жангу). Перадаецца паветрана-кропельным шляхам ад хворага. Пасля хваробы развіваецца імунітэт.

Інкубацыйны перыяд 2—15 дзён. Нетыповы «назойлівы» кашаль праз 2—3 тыдні пераходзіць у прыступападобны з глыбокім свістам пасля 2—3 кашлевых штуршкоў (рэпрызы). Прыступ канчаецца выдзяленнем вязкай празрыстай макроты з ірвотай. Твар хворага робіцца адутлаватым, павекі ацёчнымі, бывае кровазліццё ў скуру. кан’юнктыву вачэй, тоўшчу павекаў. Ускладненні: пашкоджанне лёгкіх (пнеўманія, эмфізема, пнеўматоракс), нерв. сістэмы (да кровазліцця ў мозг) і інш. Лячэнне тэрапеўтычнае.

А.​А.​Астапаў.

т. 8, с. 379

КО́КЛЯ Іван, бел. пеўчы 17 ст. Служыў у Полацкім Богаяўленскім манастыры. У 1656 паводле ўказа цара Аляксея Міхайлавіча запрошаны з сям’ёй у Маскву з абяцаннем «аддзякаваць за службу», а ў тым выпадку, калі ён не пажадае працаваць у Маскве, адпусціць яго назад у Полацк.

т. 8, с. 380

КО́КРАФТ ((Cockcroft) Джон Дуглас) (27.5.1897, г. Тодмардэн, Вялікабрытанія — 18.9.1967),

англійскі фізік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1936). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1927), дзе і працаваў у 1929—46 (з 1939 праф.), адначасова з 1925 у Кавендышскай лабараторыі і інш. н.-д. установах. У 1946—58 дырэктар цэнтра па атамнай энергіі (г. Харуэл). Навук. працы па ядз. фізіцы, фізіцы паскаральнікаў і атамнай энергетыцы. Разам з інш. стварыў паскаральнік пратонаў (гл. Каскадны генератар) і атрымаў на ім ядз. рэакцыю са штучна паскоранымі пратонамі (трансмутацыя літыю). Адзін з вынаходнікаў англ. радара. Нобелеўская прэмія 1951 (разам з Э.Уолтанам).

Дж.Кокрафт.

т. 8, с. 380