Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КОЗАГАДО́ЎЛЯ,

галіна жывёлагадоўлі па развядзенні коз свойскіх малочнага шэрснага і пуховага кірункаў. Казінае малако — каштоўны дыетычны прадукт для харчавання дзяцей і людзей са страўнікавымі захворваннямі. Яго перапрацоўваюць на сыры, масла, тварог, сыраквашу і інш. Казіны пух — тонкі, мяккі, лёгкі, моцны і цёплы, з яго робяць хусткі, тканіны, трыкатаж. Са шкур вырабляюць лепшыя гатункі шаўро, хрому, саф’яну, замшы, лайкі; з казліны з густой шэрсцю — імітацыю пад пясца, коціка і інш. футра. Мяса пажыўнасцю блізкае да бараніны, але менш тлустае. У свеце пераважаюць малочныя пароды коз: у Паўд.-Зах. Азіі — сірыйская, у Зах. Еўропе — зааненская, тагенбургская, у міжземнаморскіх краінах — мурсійская і мальтыйская, у Паўн. Афрыцы — нубійская, у Расіі — горкаўская, зааненская, мегрэльская. Сярэднія надоі малака на 1 казу да 1 тыс. л за год (рэкардысткі да 3 тыс. л), вытв-сць мяса 20—28 кг. Пуховая К. развіта ў Кітаі (у Тыбеце), дзе гадуюць кашмірскую пароду коз, у Расіі (арэнбургская і прыдонская пароды). Шэрсная К. пашырана ў Турцыі, ЗША, ПАР, дзе вырошчваюць ангорскую пароду, якая дае каштоўную шэрсць (махер), у Расіі, краінах Б. Усходу. Груба шэрсных коз змешанай прадукцыйнасці гадуюць у горных краінах. У цэлым на Азію прыпадае каля палавіны пагалоўя коз, на Афрыку — каля 30%. З краін Амерыкі ў К. вылучаюцца ЗША, Бразілія, Аргенціна, Мексіка, у Еўропе — Італія, Балканскія дзяржавы. 1-е месца па пагалоўі займае Індыя (120 млн. галоў, 1996), потым Кітай, Пакістан, Бангладэш (больш за 30 млн. галоў).

На Беларусі К. на працягу ўсяго гіст. перыяду. была дапаможнай галіной сельскай гаспадаркі. Пераважаюць малочныя пароды коз — зааненская, руская, мясцовая беспародная. На пач. 1998 пагалоўе коз складала 58,8 тыс. галоў, у асноўным у індывід. гаспадарках; яно больш пашырана на Пн Беларусі (Віцебская вобл.) і ў прыгарадных зонах.

Н.​І.​Жураўская.

т. 8, с. 376

КО́ЗА-ПАЛЯ́НСКІ (Барыс Міхайлавіч) (20.1.1890, Ашгабат — 21.4.1957),

расійскі батанік. Чл.-кар. АН СССР (1932). Скончыў Маскоўскі ун-т (1914). З 1920 праф. Варонежскага ун-та, з 1937 арганізатар і дырэктар Варонежскага бат. саду. Навук. працы па эвалюцыі, сістэматыцы і марфалогіі вышэйшых раслін, гісторыі батанікі. Аўтар філагенетычнай сістэмы вышэйшых раслін. Даў новую класіфікацыю сям. парасонавых на аснове вывучэння анатоміі плода.

Тв.:

Новый принцип биологии: Очерк теории симбиогенеза. М., 1924;

Курс систематики высших растений. Воронеж, 1965.

т. 8, с. 376

«КО́ЗА НО́СТРА»

(італьян. «Cosa nostra» літар. наша справа),

назва тайнай злачыннай арг-цыі ў ЗША. Узнікла сярод эмігрантаў-сіцылійцаў у пач. 20 ст. як разнавіднасць даўнейшай сіцылійскай мафіі. У час дзеяння «сухога закону» (1920—33) яна зарабіла на кантрабандзе, нелегальнай вытв-сці і распаўсюджанні алкаголю мільярды долараў, з канца 1940-х г. перайшла на вытв-сць і распаўсюджанне наркотыкаў. Здабытыя на злачынных аперацыях сродкі ўкладвае ў легальны бізнес, што дало ёй магчымасць кантраляваць асобныя галіны прам-сці, частку сродкаў масавай інфармацыі, прафсаюзаў, кантактаваць на ўзаемавыгаднай аснове з уплывовымі дзелавымі і паліт. коламі. Складаецца з 24 т.зв. сем’яў (ад 20 да 1000 членаў), што жывуць ў розных гарадах. Ёю кіруе шэф (бос), які мае юрыд. дарадчыка. Дзейнасць гэтых сем’яў і інш. груп, што не з’яўляюцца мафіёзнымі арг-цыямі, каардынуе Нац. злачынны сіндыкат.

т. 8, с. 376

КО́ЗЕЛ, Казела,

Козел-Паклеўскі Вікенцій (Вінцэнты) Іванавіч (1838, маёнтак Сэрвач, цяпер Вілейскі р-н Мінскай вобл. — 28.5.1863), адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64. Брат І.І.Козела. У час вучобы ў школе гв. падпрапаршчыкаў і інж. акадэміі належаў да пецярбургскай афіцэрскай рэв. арг-цыі. Служыў ваен. інжынерам у Вільні і Свеаборгу. У 1863 паўстанцкі ваен. начальнік Вілейскага пав. Загінуў у баі каля в. Уладыкі Вілейскага р-на. Пахаваны тайна ў Сэрвачы.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 8, с. 377

КО́ЗЕЛ (Іван Васілевіч) (21.5.1928, в. Какчаны Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 30.1.1970),

бел. драматург. Скончыў БДУ (1955), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1969). Настаўнічаў, у 1963—68 працаваў у НДІ педагогікі Мін-ва асветы БССР, Мінскай студыі навук.-папулярных і хранік.-дакумент. фільмаў, Камітэце СМ БССР па друку. Друкаваўся з 1957. У драме «Папараць-кветка» (паст. 1957), прысвечанай барацьбе працоўных Зах. Беларусі за сац. і нац. вызваленне, арганічна спалучаецца жыццёвая праўдзівасць характараў герояў і падзей з алегарычнай вобразнасцю фалькл. матываў. П’еса «Канчане — суседзі мае» (паст. 1961 пад назвай «Над хвалямі Серабранкі») пра жыццё бел. вёскі.

Тв.:

Над хвалямі Серабранкі. Мн., 1963;

Папараць-кветка. Мн., 1970.

Літ.:

Сабалеўскі А. Беларуская савецкая драма. Кн. 2. Мн., 1972.

т. 8, с. 377

КО́ЗЕЛ (Казела, Козел-Паклеўскі) Іван (Ян) Іванавіч (псеўд. Скала; 1837, маёнтак Сэрвач, цяпер Вілейскі р-н Мінскай вобл. — 19.5.1896), адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64. Брат В.І.Козела. У час вучобы ў школе гв. падпрапаршчыкаў і інж. акадэміі належаў да пецярбургскай афіцэрскай рэв. арг-цыі. З 1859 у адстаўцы. Адзін з заснавальнікаў арг-цыі «чырвоных» ў Мінску. З восені 1862 чл. Літоўскага правінцыяльнага камітэта. З крас. 1863 у Варшаве, з восені ваен. начальнік Аўгустоўскага і Гродзенскага ваяводстваў, са снеж. нач. 3-га корпуса паўстанцкіх узбр. сіл. Пасля падаўлення паўстання ў эміграцыі (Францыя). Удзельнічаў у франка-прускай вайне 1870—71. У 1872 вярнуўся ў Расію і сасланы. З 1883 жыў на радзіме.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 8, с. 377

КО́ЗЕНКІ,

вёска ў Мазырскім р-не Гомельскай вобл.; чыг. ст. на лініі Оўруч—Калінкавічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 10 км ад г. Мазыр, 143 км ад Гомеля. 3186 ж., 1025 двароў (1998). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.

т. 8, с. 377

КО́ЗІК (Леанід Пятровіч) (н. 13.7.1948, г. Барысаў Мінскай вобл.),

дзяржаўны дзеяч Рэспублікі Беларусь. Канд. эканам. н. (1997). Засл. работнік прамысловасці Беларусі (1994). Скончыў БДУ (1977), Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1989). З 1976 пам. пракурора г. Барысава, з 1978 старшыня прафс. к-та Барысаўскага з-да аўтатрактарнага электраабсталявання. У 1985—92 дырэктар Барысаўскай швейнай ф-кі. У 1995—98 чл. Калегіі, Паўнамоцны прадстаўнік Рэспублікі Беларусь у Міждзярж. эканам. к-це Эканам. саюза СНД. З 1996 чл. Выканаўчага к-та Супольнасці (Саюза) Беларусі і Расіі. З лют. 1998 нам. прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь. У 1990—95 дэпутат Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь, старшыня камісіі па эканам. рэформе, эканам. самастойнасці і суверэнітэце.

т. 8, с. 377

КО́ЗІН (Вадзім Аляксеевіч) (21.3.1903, С.-Пецярбург — 19.12.1994),

расійскі спявак (тэнар). Унук В.Панінай. На эстрадзе з 1920-х г., выконваў цыганскія песні і рамансы, творы рус. кампазітараў, уласныя творы. У 1930-я г. рэпрэсіраваны. Жыў у Магадане.

т. 8, с. 377

КО́ЗІНЦАЎ (Рыгор Міхайлавіч) (22.3.1905, Кіеў — 11.5.1973),

расійскі кіна- і тэатр. рэжысёр. Нар. арт. СССР (1964). Вучыўся ў Вышэйшых маст. майстэрнях АМ у Петраградзе. Адзін з арганізатараў творчай майстэрні «Фабрыка эксцэнтрычнага акцёра» (ФЭКС, 1921). З 1924 на кінастудыі «Ленфільм». З 1922 выкладаў у ФЭКС, Ленінградскім ін-це сцэн. мастацтваў, у 1941—64 праф. Усесаюзнага дзярж. ін-та кінематаграфіі. Імкненнем да пошукаў вострай новай кінематаграфічнай выразнасці вылучаюцца нямыя фільмы «Шынель» (1926, паводле М.​Гогаля), «Новы Вавілон» (1929; абодва з Л.​Траўбергам). Грамадз. пафасам прасякнута кінатрылогія «Юнацтва Максіма» (1935), «Вяртанне Максіма» (1937), «Выбаргская старана» (1939; усе з Траўбергам). Ставіў біягр. фільмы: «Пірагоў» (1947), «Бялінскі» (1953). Экранізаваў трагедыі У.​Шэкспіра «Гамлет» (1964, Ленінская прэмія 1965) і «Кароль Лір» (1971), раман М.​Сервантэса «Дон Кіхот» (1957). Паставіў у Ленінградскіх т-рах «Кароль Лір» (1941), «Атэла» (1943), «Гамлет» (1954) Шэкспіра. Даследаваў творчасць Шэкспіра, С.​Эйзенштэйна, Ч.​Чапліна, У.​Меерхольда. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1948.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—5. Л., 1982—1986.

т. 8, с. 377