КО́ХАНАВА,

гарадскі пасёлак у Талачынскім р-не Віцебскай вобл. За 24 км на ПнУ ад г. Талачын, 112 км ад Віцебска, 3 км ад чыг. ст. Коханава на лініі Мінск—Орша, аўтадарогамі злучаны з Оршай і Талачыном. 5,0 тыс. ж. (1998).

Узнікла да пач. 16 ст. ў частцы Друцкага княства, якая належала кн. І.В.Друцкаму-Краснаму. З 1551 уладанне Гарнастаяў. У выніку адм. рэформы ВКЛ 1565—66 К. ўключана ў Аршанскі пав. Паводле інвентара за 1624 К. — мястэчка ў складзе маёнтка Стараселле Л.І.Сапегі. З 1772 у Рас. імперыі, у Копыскім пав. Магілёўскай губ. У 1785 у мястэчку К. 324 ж, 57 двароў. У пач. 20 ст. мястэчка, цэнтр воласці, 1,2 тыс. ж., нар. вучылішча, лячэбніца. У 1924—31, 1946—56 цэнтр Коханаўскага раёна, у 1931—46 і з 1956 у Талачынскім р-не. З 19.2.1947 гар. пасёлак.

Вытв. аб’яднанне «Будіндустрыялізацыя», ільнозавод. Сярэдняя, дзіцяча-юнацкая спарт., мастацтваў і тэхн. творчасці школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, паліклініка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 8, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)