КО́ЛДЭР ((Calder) Александэр) (22.7. 1898, г. Філадэльфія, ЗША — 11.11. 1976),
амерыканскі скульптар, жывапісец і графік; адзін з стваральнікаў кінетычнага мастацтва. Найбуйнейшы прадстаўнік амер.мадэрнізму ў скульптуры. Скончыў Лігу вывучаючых мастацтва ў Нью-Йорку (1926). У 1926—33 у Парыжы, дзе зблізіўся з Ж.Міро і П.Мондрыянам, затым у ЗША, пасля 1945 у Парыжы і ЗША. Сярод твораў: «Стальная рыба» (1934), «Пастка для амараў і хвост рыбіны» (1939), «Чырвоныя гонгі» (каля 1950), кампазіцыя акустычнай столі актавай залы ун-та ў г. Каракас (Венесуэла, 1952), «Грэбень пеўня» (1960), «Тры аркі» (1963), «Чырвонае сонца» (1968, Алімп. стадыён у г. Мехіка). Аўтар дэкар.-вытанчаных падвесных рухомых канструкцый з жалеза, алюмінію і дроту («мабіляў»; «Чырвоная піраміда» і інш.), нерухомых метал. канструкцый («стабіляў»), партрэтных галоў з дроту. Працаваў як графік і жывапісец. Яго творы ўпрыгожваюць «Лінкальн-цэнтр» у Нью-Йорку і будынак ЮНЕСКА у Парыжы.