КО́ЛДУЭЛ ((Caldwell) Эрскін Прэстан) (17.12.1903, Морленд, ЗША — 11.4. 1987),
амерыканскі пісьменнік. У 1922—26 вучыўся ў Віргінскім ун-це. Друкаваўся з 1930. Сац. праблематыка ў навелах 1930-х г. (зб-кі «Амерыканская зямля», 1931; «Мы жывыя», 1933; «На каленях перад узыходзячым сонцам», 1935, і інш.), аповесцях «Выпадак у ліпені» (1940), «Хлопчык з Джорджыі» (1943; аўтабіягр.). У сац. раманах «Тытунёвая дарога» (1932), «Богава дзялянка» (1933), «Джэні» (1961), «Бліжэй дадому» (1962) паказаў поўнае кантрастаў жыццё амер. Поўдня, праблемы расавай дыскрымінацыі, эканам. няроўнасці. Псіхал. і любоўныя канфлікты ў раманах «Далонь Госпада Бога» (1947), «Начнік» (1952), «Каханне і грошы» (1954), «Грэта» (1955). Творам К. ўласцівы моўны лаканізм, спалучэнне рэаліст. і натуралістычных тэндэнцый, трагічнага з сатыр.-фарсавым. Пад уражаннем паездкі ў СССР і на фронт у 1942 напісаў публіцыстычныя кнігі «Дарога на Смаленск», «Расія змагаецца» і раман пра партыз. рух у Сав. Саюзе «Усю ноч». Аўтар публіцыстычных кніг «Удоўж і ўпоперак Амерыкі» (1964), «У пошуках Біска» (1965), «Апоўдні пасярод Амерыкі» (1976) і інш. На бел. мову паасобныя творы К. пераклалі Я.Верабей, С.Дорскі, Я.Дубовік, В.Лапацін.
Тв.:
Рус. пер. — Повести и рассказы. М., 1956;
Дженни. Ближе к дому. М., 1963;
Вдоль и поперек Америки. М., 1966.
Літ.:
Яценко В.И. Эрскин Колдуэл. Иркутск, 1967;
Засурский Я.Н. Американская литература XX в. 2 изд. М., 1984.
Е.А.Лявонава.
т. 8, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)