КОЛЕРАМЕ́ТР (ад колер + ...метр),

аптычная прылада для вызначэння колеру і канцэнтрацыі афарбаваных раствораў, эмульсій і інш. Выкарыстоўваецца ў фотаметрычным і колераметрычным аналізе.

Падзяляюцца на візуальныя і фотаэлектрычныя. Колер вымяраецца трохколерным К., дзе зададзены колер атрымліваецца ў выніку аптычнага змешвання пэўных колькасцей трох асн. колераў (гл. Колераметрыя). Канцэнтрацыя рэчываў вымяраецца монахраматычным К. у святле таго ўчастка спектра, які найб. паглынаецца дадзеным рэчывам і слаба паглынаецца інш. рэчывамі раствору, прынцып дзеяння заснаваны на параўнанні інтэнсіўнасцей афарбоўкі ўзораў — стандартнага і таго, што даследуецца.

т. 8, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)