Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГА́НГЛІІ

(ад грэч. ganglion вузел),

нервовыя вузлы, анатамічна адасобленыя скопішчы цел і адросткаў нейронаў, абкружаныя клеткамі гліі і злучальнатканкавай капсулай з крывяноснымі сасудамі. Лакалізуюцца па ходзе перыферычных нерваў і ў сценках унутр. органаў. Асн. функцыя — перапрацоўка і інтэграцыя нерв. імпульсаў. У беспазваночных жывёл гангліі праз узаемныя злучэнні ўтвараюць адзіную нерв. сістэму. Добра развітыя галаўныя гангліі з’яўляюцца каардынацыйнымі цэнтрамі і выконваюць функцыю ц. н. с. У пазваночных жывёл і чалавека адрозніваюць гангліі вегетатыўныя (сімпатычныя і парасімпатычныя) і саматасенсорныя (міжпазваночныя або спіннамазгавыя і чарапныя). Вегетатыўныя маюць шматпалярныя, пераважна эферэнтныя рухальныя, а таксама адчувальныя і асацыятыўныя нейроны, аб’яднаныя праз сінапсы, сематасенсорныя — целы псеўдааднапалярных адчувальных (аферэнтных, рэцэпторных) нейронаў. Гл. таксама Вегетатыўная нервовая сістэма.

А.С.Леанцюк.

т. 5, с. 21

ГАНГЛІЯБЛАКА́ТАРЫ,

гангліяблакіравальныя сродкі, рэчывы, якія блакіруюць перадачу нерв. ўзбуджэння ў сінапсах вегетатыўных гангліяў і зменьваюць функцыі ўнутр. органаў. Пад уплывам гангліяблакатараў пашыраецца прасвет перыферычных сасудаў, бронхаў, зніжаецца маторыка страўнікава-кішачнага тракту, тонус мачавога пузыра, пачашчаецца сэрцабіцце, зніжаецца артэрыяльны ціск. Лек. выкарыстанне гангліяблакатараў: пры спазмах сасудаў і ўнутр. органаў, ацёках лёгкіх, гіпертанічных крызах, пры анестэзіі. Да гангліяблакатараў належаць пахікарпін, пірылен, пентамін, тэмехін, бензагексоній, дымекалін, кватэрон і інш.

т. 5, с. 21

ГАНГЛІЯЗІ́ДЫ,

прыродныя арган. злучэнні з групы складаных ліпідаў (глікасфінгаліпіды). Уключаюць сфінгазін, ацыліраваны стэарынавай к-той, галактозу, глюкозу і розныя гексазаміны. Малекулярная маса 1500—3000. Біясінтэз гангліязідаў ажыццяўляецца далучэннем да цэрэбразідаў рэшткаў нейрамінавых к-т. Ёсць у б.ч. тканак жывёл (асабліва ў нерв. клетках шэрага рэчыва мозга), лакалізуюцца ў мікрасомах клетак і сінаптычных мембранах. Гангліязіды — моцныя антыгены, інгібіруюць дзеянне некаторых таксінаў, удзельнічаюць у рэгуляцыі мікраасяроддзя рэцэптараў, клетачных кантактаў. У чалавека змяненне колькасці і структуры гангліязідаў вядзе да парушэння псіхікі.

т. 5, с. 21

ГА́НГСКІ АРТЭЗІЯ́НСКІ БАСЕ́ЙН,

у цэнтральнай частцы Паўд. Азіі, на тэр. паўд.-ўсх. Індыі, Бангладэш, Непала, Бутана, часткова зах. Кітая і паўн. і ўсх. М’янмы. Пл. 1,86 млн. км². Размешчаны ў паўн. ч. Індастанскай платформы, уключае Перадгімалайскі і Перадараканскі краявыя прагіны; гал. ваданосныя гарызонты — чацвярцічныя пралювіяльныя адклады акумулятыўнай раўніны р. Ганг. Напорныя воды на глыб. да 15 м. Дэбіты свідравін ад 5—6 да 30 л/с. Мінералізацыя вады ніжэй за 1 г/л. Жыўленне басейна за кошт інфільтрацыі атм. ападкаў, рачных і расталых вод ледавікоў, кандэнсацыі вільгаці з паветра. Эксплуатацыйныя рэсурсы падземных вод для б.ч. басейна каля 7400 км³/год.

т. 5, с. 21

ГА́НГСТЭР

(англ. gangster ад gang шайка, банда),

удзельнік арганізаванай групы злачынцаў, якія займаюцца вымаганнем, шантажом, забойствамі, выкраданнем людзей і інш.

т. 5, с. 21

ГА́НГСТЭРСКІ ФІЛЬМ,

катэгорыя фільмаў пра арганізаваную злачыннасць. Узнік у канцы 1920-х г., калі ў ЗША, у эпоху «сухога закону», узніклі мафіёзныя сіндыкаты і тайная вытв-сць алкаголю. Выдуманыя і рэальныя злачынцы рабіліся героямі. У 1960-я г. сфарміравалася тэндэнцыя дэміфалагізацыі, а потым і бязлітаснага аналізу мафіі як «дзяржавы ў дзяржаве». Узнікла разнавіднасць гангтэрскіх фільмаў — паліцэйскі фільм, дзе ў якасці гал. героя выступаў прадстаўнік закону, які змагаецца са злачыннасцю.

т. 5, с. 21

ГАНГСТЭРЫ́ЗМ,

злачынная дзейнасць, якая выяўляецца ў насіллі, забойствах, запалохванні, вымаганнях, подкупе дзярж. чыноўнікаў і інш. Тэрмінам гангстэрызм звычайна абазначаюць арганізаваную злачыннасць. З гангстэрызмам змыкаецца дзейнасць мафіі. Гангстэрызм часта выкарыстоўваецца ў паліт. мэтах.

т. 5, с. 21

ГА́НГУТ,

руская назва п-ва Ханка.

т. 5, с. 21

ГА́НГУЦКІ БОЙ 1714,

баявыя дзеянні на Балт. моры каля п-ва Гангут (цяпер Ханка) паміж рас. і швед. флатамі 7.8.1714 у Паўночную вайну 1700—21. Летам 1714 рас. вёславы (галерны) флот (99 галер і скампавей, 15 тыс. чал. дэсанта) пад камандаваннем ген.-адм. Ф.М.Апраксіна, накіраваны з Кранштата для ўзмацнення гарнізона ў г. Аба (сучасны Турку, Фінляндыя), сустрэў каля ўсх. ўзбярэжжа Гангута швед. флот (15 лінейных і 2 бамбардзірскія караблі, 3 фрэгаты, атрад вёславых суднаў) на чале з віцэ-адм. Г.Ватрангам. Бакі занялі баявыя пазіцыі. 7 жн. рас. авангард з 23 скампавей (усяго каля 3500 чал., 160 гармат) на чале з ген.-лейт. А.А.Вейдэ (фактычна кіраваў Пётр І) каля 15 гадз атакаваў атрад швед. контр-адм. Н.Эрэншэльда (1 фрэгат, 6 галер і 3 шхерботы; каля 900 чал., 116 гармат) і ў выніку жорсткага абардажнага бою авалодаў швед. караблямі. 8 жн. эскадра Ватранга пакінула Гангут і пайшла да Аландскіх а-воў. Шведы страцілі 10 караблёў, 711 чал. забітымі і параненымі, 237 палоннымі (у т. л. Эрэншэльд), расіяне — 1 галеру і 456 чалавек. Гангуцкі. бой быў першай буйной перамогай маладога рас. флоту. Усе яго ўдзельнікі ўзнаг. спец. медалямі, цар атрымаў званне віцэ-адмірала. У гонар рас. маракоў, што загінулі, у 1871 у Рылакс-фіёрдзе пастаўлены помнік.

Літ.:

Филимошин М. Первая победа русского регулярного флота // Военно-ист. журн. 1984. № 8.

У.Я.Калаткоў.

т. 5, с. 21

ГА́НДАК,

рака ў Непале і Індыі, правы прыток Ганга. Даўж. 650 км, пл. бас. 44,3 тыс. км². Пачынаецца ў Гімалаях, цячэ пераважна па Інда-Гангскай раўніне. Сярэдні расход вады каля 800 м³/с. Летам частыя навадненні. Выкарыстоўваецца на арашэнне. Суднаходная ў ніжнім цячэнні. У вусці — г. Хаджыпур (Індыя).

т. 5, с. 22