ГАЛАВЕ́НЬ
(Leuciscus cephalus),
рыба сям. карпавых атр. карпападобных. Пашыраны ў прэсных водах Еўропы і Пярэдняй Азіі. Жыве пераважна ў рэках з быстрай плынню, халоднай вадой, перакатамі, плёсамі і вірамі. Трымаецца ў месцах з пясчаным, камяністым або гліністым дном, каля берагоў з навіслымі над вадой кустамі і дрэвамі, пазбягае глею і ціны. На Беларусі трапляецца ва ўсіх значных рэках у невял. колькасці, пераважна ў Дняпры, Прыпяці, Бярэзіне, Сажы, Нёмане, Зах. Дзвіне. Нар. назвы галавель, клень, клянчук.
Даўж. да 80 см, маса да 8 кг. Цела падоўжанае, амаль цыліндрычнае, галава тоўстая, шырокая, крыху пляскатая (адсюль назва). Луска буйная, з цёмным абадком. Рот канцавы шырокі. Спіна цёмна-зялёная, амаль чорная, бакі серабрыстыя. Спінны і хваставы плаўнікі цёмна-сінія з жаўтаватым адценнем, грудныя аранжавыя, брушныя і анальны чырвоныя. Усёедны. Аб’ект рыбалоўства.
т. 4, с. 444
ГАЛАВІ́Н Аляксандр Якаўлевіч
(1.3.1863, Масква — 17.4.1930),
рускі тэатр. мастак, жывапісец. Акад. жывапісу (1912), нар. арт. РСФСР (1928). У 1881—89 вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства ў В.Паленава, І.Пранішнікава, У.Макоўскага і ў Парыжы (1889, 1897). Чл. аб’яднання «Свет мастацтва». У канцы 1900-х г. афармляў спектаклі, антрэпрызы С.П.Дзягілева ў Парыжы, балет І.Стравінскага «Жар-птушка». Тонкі каларыст, майстар тэатр. касцюма. Аформіў у Маскве спектаклі «Пскавіцянка» М.Рымскага-Корсакава (1901, Вял. т-р), «Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ (1927, МХАТ) і інш.; у Пецярбургу — «Кармэн» Ж.Бізэ (1908, Марыінскі т-р), «Маскарад» М.Лермантава (1917, Александрынскі т-р), «Сольвейг» Э.Грыга (1922, т-р оперы і балета) і інш. Аўтар партрэтаў Ф.Шаляпіна, У.Меерхольда, М.Траянавай і інш. У Нац. маст. музеі 7 работ мастака.
Літ.:
Головин А.Я. Встречи и впечатления;
Письма;
Воспоминания о Головине. Л.;
М, 1960;
Онуфриева С. А.Головнн. Л., 1977;
Гофман И.М. Головин-портретист. Л., 1981;
Александр Головин: Путь художника / Авт.-сост. М.Н.Пожарская. М., 1990.
т. 4, с. 444
ГАЛАВІ́Н Фёдар Аляксандравіч [1867
(паводле інш. даных 2.1.1868),
Маскоўская губ. — 1937 (?)], расійскі грамадскі і паліт. дзеяч. Скончыў Маскоўскі ун-т (1891). У 1898—1907 чл. (з 1904 старшыня) Маскоўскай губ. земскай управы. У 1904—05 старшыня бюро земскіх і гар. з’ездаў. Адзін з заснавальнікаў партыі кадэтаў (1905), чл. яе ЦК. У 1907 старшыня 2-й Дзярж. думы, беспаспяхова імкнуўся да згоды паміж рознымі паліт. сіламі ў Думе і дзелавых кантактаў з урадам. У гады 1-й сусв. вайны 1914—18 удзельнічаў у рабоце Усерас. саюза гарадоў (гл. «Земгор»). Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 камісар Часовага ўрада па мін-ве двара. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 працаваў у сав. установах.
т. 4, с. 444
ГАЛАВІ́Н Фёдар Аляксеевіч
(1650—10.8.1706),
расійскі дзярж. і ваен. дзеяч, дыпламат. Адмірал (1699), ген.-фельдмаршал (1700). Граф (1701). Паплечнік Пятра І. З дваранскага роду Галавіных. Склаў і падпісаў з Кітаем Нерчынскі дагавор 1689. Удзельнічаў у Азоўскіх паходах Пятра І (1695—96), камандаваў эскадрай (1695). З 1697 узначальваў Зброевую, Залатую і Сярэбраную палаты. Быў 2-м паслом Вялікага пасольства (1697—98) у краіны Зах. Еўропы. У 1698—99 узначальваў Ваенна-Марскі прыказ і Манетны двор, з 1700 — Пасольскі прыказ. Стварыў сістэму пастаянных рас. прадстаўніцтваў за мяжой. З 1701 кіраваў маскоўскай Навігацкай школай. Аўтар твора «Глобус нябесны» (выдадзены ў Амстэрдаме ў 1715).
т. 4, с. 445
ГАЛАВІ́НСКІ Аляксандр Кузьміч
(кастр. 1886, в. Муравілле Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — ?),
дзеяч бел. нац. руху. Скончыў Кіеўскі політэхн. ін-т (1912). Прымыкаў да партыі эсэраў. З 1918 чл. прэзідыума Кіеўскай бел. рады і заг. бюро па ўладкаванні бежанцаў, прадстаўнік урада БНР на Украіне; саветнік Мін-ва замежных спраў урада БНР. З 1921 у Літве: старшыня Бел. нац. сувязі, замежнага ЦК партыі бел. эсэраў, Бел. нац. к-та, выдаваў час. «Покліч». Адзін з арганізатараў Бел. паліт. канферэнцыі ў Празе (1921). Удзельнічаў у ліквідацыі ўрада БНР у кастр. 1925. Неаднойчы арыштаваны царскімі, румынскімі, літ. ўладамі. Пасля пераезду ў БССР працаваў у ВСНГ Беларусі, НДІ прам-сці. У 1930 арыштаваны, сасланы на 5 гадоў у Ніжні Ноўгарад. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны ў 1988.
У.М.Міхнюк.
т. 4, с. 445
ГАЛАВІЧПО́ЛЕ,
вёска ў Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Шчучын—Астрына. Цэнтр сельсавета. За 15 км на Пн ад г. Шчучын, 83 км ад Гродна, 22 км ад чыг. ст. Ражанка. 635 ж., 137 двароў (1996). Сярэдняя школа, дом-інтэрнат, дзіцячы сад, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры Галавічпольская сядзіба (пач. 20 ст.).
т. 4, с. 445
ГАЛАВІЧПО́ЛЬСКАЯ СЯДЗІ́БА,
помнік сядзібна-паркавай архітэктуры стылю мадэрн з элементамі неаготыкі. Створана ў пач. 20 ст. ў в. Галавічполе (Шчучынскі р-н Гродзенскай вобл.). Сядзібны дом (1909) — Г-падобны ў плане мураваны будынак. Складаную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю ўтвараюць 1- і 2-павярховыя аб’ёмы, высокія стрэхі з фігурнымі люкарнамі, спічастымі фіяламі і шчытамі, гранёныя эркеры з шатровымі завяршэннямі. Дэкар. вырашэнне фасадаў заснавана на спалучэнні чырв. колеру цаглянай муроўкі з атынкаванымі ліштвамі, карнізамі і рустоўкай. Дом размешчаны ў пейзажным парку (пл. 18 га; захаваўся фрагментарна).
А.М.Кулагін.
т. 4, с. 445
ГА́ЛАВЫЯ КЛЯШЧЫ́,
чатырохногія кляшчы (Eriophydae або Tetrapodili), падсямейства кляшчоў атр. акарыформных. Больш за 1500 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць на раслінах, высмоктваюць змесціва іх клетак, многія ўтвараюць галы (адсюль першая назва). На Беларусі вядомы: грушавы (Eriophyes piri), парэчкавы пупышкавы (Eriophyes ribis), альховы (Eriophyes laevis), ясянёвы (Eriophyes fraxinivorus), хваёвы (Eriophyes pini) і інш. кляшчы.
Даўж. 0,1—0,6 мм, цела чэрвепадобнае, малочна-белае, залаціста-жоўтае, белаватае, саламяна-жоўтае. 4 пяцічленікавыя нагі (адсюль другая назва). Ротавыя органы сысучыя. Органаў дыхання і вачэй няма. Кладуць яйцы, з якіх развіваюцца лічынкі. Шкодзяць пладовым дрэвам, палявым і агародным культурам, лесу. Некаторыя віды — пераносчыкі ўзбуджальнікаў вірусных хвароб раслін. Знішчаюць галавых кляшчэй акарыцыдамі.
т. 4, с. 445
ГАЛАГА́МІЯ,
халагамія (ад грэч. holos поўны, увесь + ...гамія), прасцейшы тып палавога працэсу ў аднаклетачных арганізмаў, у час якога адбываецца зліццё дзвюх асобін (спец. палавыя клеткі не ўтвараюцца). Уласціва вальвоксавым водарасцям і ніжэйшым грыбам хітрыдыяміцэтам.
т. 4, с. 445
ГАЛАГЕНАВАДАРО́ДЫ,
хімічныя злучэнні галагенаў з вадародам, HX (X-F, Cl, Br, I). У звычайных умовах газы (акрамя фторыстага вадароду HF — бясколерная вадкасць) з рэзкім пахам, добра растваральныя ў вадзе. Водныя растворы галагенавадародаў — моцныя к-ты, акрамя раствору HF (к-та сярэдняй сілы). Гл. таксама Бромісты вадарод, Ёдзісты вадарод, Хлорысты вадарод.
т. 4, с. 445