ГАЙДУ́ЛІС Алена Андрэеўна
(н. 27.7.1943, в. Складанцы Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1988). Скончыла Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1968). Працавала ў т-рах Расіі. У 1973—75 і з 1983 у Гродзенскім, у 1978—83 у Магілёўскім абл. драм. т-рах. Актрыса шырокага творчага дыяпазону. Сярод роляў: Дама («Тутэйшыя» Я.Купалы), Мальвіна («Несцерка» В.Вольскага), Імператрыца Аляксандра Фёдараўна («Змова імператрыцы» А.К.Талстога і П.Шчогалева), Валянціна Андронаўна («Заўтра была вайна» паводле Б.Васільева), Валянціна («Зоркі на ранішнім небе» А.Галіна), Мірандаліна («Гаспадыня гасцініцы» К.Гальдоні), Марыя Сцюарт (аднайм. п’еса Ф.Шылера), Марта («Хто баіцца Вірджыніі Вулф?» Э.Олбі).
т. 4, с. 438
ГАЙДУЧО́НАК Любоў Георгіеўна
(1921, в. Берлеж Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 22.5.1943),
адзін з арганізатараў камсамольска-маладзёжнага падполля і партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Напярэдадні вайны вучылася ў Мінскім пед. ін-це. Працавала настаўніцай. З ліп. 1942 упаўнаважаная ЦК ЛКСМБ па Мінскім р-не, з вер. чл. Мінскіх падп. міжрайкома і райкома ЛКСМБ. 22.5.1943 з групай партызан трапіла ў засаду ў в. Плябанцы Мінскага р-на, была паранена, загінула, прыкрываючы адыход таварышаў. У г. Мар’іна Горка Мінскай вобл. ёй пастаўлены помнік.
т. 4, с. 438
ГАЙДУ́ЧЫК Сяргей Міронавіч
(20.1.1915, г. Брэст — студзень 1984),
бел. мовазнавец-германіст. Д-р філал. н. (1973), праф. (1978). Скончыў Вышэйшае камерцыйнае вучылішча ў Кракаве (1936), дзярж. пед. курсы для выкладчыкаў ням. мовы ў Варшаве (1937) і Мінскі пед. ін-т замежных моў (1963). Настаўнічаў, выкладаў у Гродзенскім (1946—55) і Мінскім (1962—83) пед. ін-тах замежных моў. Даследаваў праблемы тэорыі ням. мовы (пераважна фонастылістыкі), распрацоўваў методыку выкладання замежных моў. Аўтар прац: «Прасадычная сістэма сучаснай нямецкай мовы» (1972), «Тэарэтычная фанетыка нямецкай мовы» (1972). Сааўтар «Практычнай фанетыкі нямецкай мовы» (ч. І, 1984). Пад яго навук. кіраўніцтвам падрыхтавана цэлае пакаленне бел. вучоных-германістаў.
Е.В.Зарэцкая.
т. 4, с. 438
ГА́ЙДЭЛЬБЕРГ,
Гейдэльберг (Heidelberg), горад у Германіі на Пн зямлі Бадэн-Вюртэмберг. Прыстань на р. Некар, паблізу ад яе ўпадзення ў Рэйн. 108,8 тыс. ж. (1994). Трансп. вузел. Прам-сць: станкабудаванне, вытв-сць паліграф. і хірург. абсталявання, эл.-тэхн., фармацэўтычная, тытунёвая, гарбарная. Выдавецтвы. АН. Гайдэльбергскі універсітэт. Замак курфюрстаў (13—17 ст.), інш. арх. помнікі 15—18 ст. Каля Гайдэльберга ў 1907 знойдзены рэшткі выкапнёвага, т.зв. гейдэльбергскага чалавека. Турызм.
Узнік на месцы стараж. рым. ўмацавання. У дакументах упершыню ўпамінаецца ў 1196, з 1225 уладанне Вітэльсбахаў, пазней сталіца Рэйнскага Пфальца. У 1386 засн. першы на ням. землях ун-т. У час Трыццацігадовай вайны 1618—48 акупіраваны войскамі Каталіцкай лігі і Іспаніі (1622); у 1689 і 1693 разбураны франц. войскамі, сталіца перанесена ў Мангейм (1720). У 1803 адышоў да Бадэна.
т. 4, с. 438
ГАЙДЭЛЬБЕ́РГСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т імя Рупрэхта-Карла, Гейдэльбергскі універсітэт, старэйшы універсітэт Германіі. Засн. ў 1386 у г. Гайдэльберг курфюрстам Рупрэхтам І у складзе 4 традыцыйных для сярэднявечча ф-таў (вольных мастацтваў, багаслоўскі, мед., юрыд.); у 16 ст. ф-т вольных мастацтваў пераўтвораны ў філасофскі. У 15—16 ст. вядомы як цэнтр гуманізму. У канцы 17 ст. спалены французамі. Аднавіў дзейнасць як навуч. і навук. ўстанова пасля 1803 намаганнямі курфюрста Карла Фрыдрыха Бадэнскага. У 19 ст. адна з вядучых навуч. устаноў Германіі. Ф-ты: тэалагічны, філас., юрыд., прыродазнаўчых навук, мед. і інш. У ім працавалі філосафы Г.Гегель, К.Фішэр, хімік Р.Бунзен, фізік Г.Кірхгоф, даследчык прыроды Г.Гельмгольц, гісторык Ф.Шлосер і інш. Б-ка (з 1386).
т. 4, с. 439
«ГА́ЙДЭНС»
(англ. guidance ад guide весці, кіраваць, накіроўваць),
псіхолага-педагагічная кансультатыўная служба ў сістэме адукацыі ЗША. У шырокім сэнсе «Гайдэнс» — дапамога ў любой складанай сітуацыі, калі асоба стаіць перад неабходнасцю выбару, прыняцця рашэння або адаптацыі да новых умоў. У вузкім сэнсе — дапамога асобе ў самапазнанні, пазнанні навакольнага асяроддзя з мэтай выкарыстання ведаў для паспяховай вучобы, выбару прафесіі і развіцця сваіх здольнасцей. Узнікла ў канцы 19 ст. Пашырылася ў канцы 1910-х г. На працягу дзейнасці канцэпцыі «Гайдэнса» мяняліся. Сучасныя канцэпцыі накіраваны на выхаванне асобы, здольнай паспяхова выконваць сац. ролі работніка, грамадзяніна, сем’яніна, спажыўца, на фарміраванне ўмення вырашаць праблемы, кіраваць групай і творча падыходзіць да любой дзейнасці.
т. 4, с. 439
ГАЙД-ПАРК,
Хайд-парк (Hyde Park), адзін з буйнейшых паркаў Лондана. Разам з прылеглым да яго Кенсінгтан-гардэнс займае пл. 249 га. У 1648—49 месцазнаходжанне лагера рэв. арміі О.Кромвеля. У сярэдзіне 17 ст. адкрыты для шырокай публікі. З 19 ст. традыцыйнае месца правядзення паліт. мітынгаў і сходаў. У паўн.-ўсх. ч. парку знаходзіцца «вугал прамоўцы», вядомы як месца вольных прамоў, дзе кожны жадаючы можа выказацца.
т. 4, с. 437
ГА́ЙЗЕ,
Хейзе (Heyse) Паўль фон (15.3.1830, Берлін — 2.4.1914), нямецкі пісьменнік. Атрымаў гуманітарную адукацыю ў Берлінскім і Бонскім ун-тах (1847—52). Адзін з кіраўнікоў мюнхенскага гуртка пісьменнікаў, прыхільнікаў «мастацтва дзеля мастацтва». Рамантычны настрой характэрны навелам («Арабіята», 1855, і інш.) і аповесцям Гайзе («Марыён», 1855, «Партрэт маці», 1859, і інш.). У раманах уздымаў пераважна этычныя праблемы: «Дзеці стагоддзя» (1873), «У раі» (1875), «Мерлін» (1892) і інш. Аўтар драм. твораў, вершаў, перакладаў італьян. паэзіі. Першы ням. пісьменнік, які атрымаў Нобелеўскую прэмію (1910).
Тв.:
Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—2. М., 1911—12.
Г.В.Сініла.
т. 4, с. 439
ГА́ЙЗЕНБЕРГ,
Гейзенберг (Heisenberg) Вернер Карл (5.12.1901, г. Вюрцбург, Германія — 1.2.1976), нямецкі фізік-тэарэтык, адзін з заснавальнікаў квантавай механікі. Скончыў Мюнхенскі (1923) і Гётынгенскі (1924) ун-ты. Праф. Лейпцыгскага (з 1927), Берлінскага (з 1941), Гётынгенскага (з 1946), Мюнхенскага (з 1958) ун-таў. З 1941 дырэктар Ін-та фізікі кайзера Вільгельма, з 1948 — Фіз. ін-та, з 1958 — Ін-та фізікі і астрафізікі. Навук. працы па квантавай механіцы, квантавай электрадынаміцы, ядз. фізіцы, фізіцы элементарных часціц, адзінай тэорыі поля. Прапанаваў матрычны варыянт квантавай механікі (1925), сфармуляваў прынцып неазначальнасці (1927), увёў канцэпцыю матрыцы рассеяння (1943). Высветліў прыроду ферамагнетызму, растлумачыў абменны характар ядз. сіл. Нобелеўская прэмія 1932.
Тв.:
Рус. пер. — Теория атомного ядра. М., 1953;
Философские проблемы атомной физики. М., 1953;
Введение в единую полевую теорию элементарных частиц. М., 1968.
т. 4, с. 439
ГАЙКО́ Андрэй Андрэевіч
(19.4.1914, Мінск — 5.9.1985),
бел. вучоны ў галіне жывёлагадоўлі. Д-р с.-г. н. (1971), праф. (1972). Скончыў Усесаюзны с.-г. ін-т завочнай адукацыі (Масква, 1947). З 1952 у Бел. НДІ жывёлагадоўлі. Навук. працы па пытаннях інтэнсіўнага развіцця жывёлагадоўлі, метадах атрымання высакаякаснай ялавічыны, павышэння мясной прадукцыйнасці буйн. раг. жывёлы.
Тв.:
Красный белорусский скот. Мн., 1968 (разам з С.І.Тузавым, М.П.Грынем);
Мясная продуктивность крупного рогатого скота и качество говядины Мн., 1971.
т. 4, с. 439